Вандруем па аграсядзібах Ашмянскага раёна. Аграсядзіба “Сякераўцы”

Общество

Бяскрайняе кукурузнае поле. Далей мільгацяць стракатыя вясковыя хаціны, ля якіх шчыра завіхаюцца руплівыя гаспадыні. Раптам позірк упіраецца ў адмысловы дом. Дагледжаная тэрыторыя, безліч незвычайных дрэў і кветак, цыбатая альтанка – усё гэта прыцягвае ўвагу гасцей і вяскоўцаў. На фасадзе дома змешчаны сціплы надпіс “Сякераўцы, 1А”. Кожны жыхар Сякераўцаў і наваколля ведае, што ў гэтым доме размяшчаецца аграсядзіба, гаспадыняй якой з’яўляецца Святлана Сярпейка. Шчырая і ўсмешлівая, яна адразу выклікае сімпатыю. Дзіўнае адчуванне цяпла і гармоніі перапаўняе сэрца, калі трапляеш сюды. Падаецца, што на нейкі момант вяртаешся ў бесклапотнае дзяцінства, якое пахла “Белым налівам”, таматамі і вяргінямі.

Святлана Сярпейка з гасцямі

Аднак дом і навакольныя пабудовы нельга назваць старамоднымі. Гісторыя і сучаснасць гарманічна зліваюцца, ствараючы адмысловую атмасферу спакою і цішыні. Дом з гісторыяй. Менавіта так можна ахарактарызаваць гэтае месца. А гісторыя ў яго і, сапраўды, багатая. Калісьці тут віравала жыццё, гадаваліся дзеці, а з печы даносіўся водар свежаспечанай бабкі. Час мінуў, адышлі ў вечнасць гаспадары Сярпейка. Дом застаўся пуставаць. Падавалася, што ніколі больш тут не запаліцца святло, не зарыпіць стары калодзеж, не будуць чутны галасы людзей.

Аднак новае пакаленне Сярпейка вырашыла па-іншаму і паставіла мэту ўдыхнуць новае жыццё ў дзедаў дом, ажывіць радавое гняздо. Сяргей, Андрэй, Аляксандр, Іосіф і Дар’я — дзеці Святланы, загарэліся гэтай ідэяй. Пачалася рупная праца, якая доўжылася некалькі гадоў. На сямейным савеце было вырашана не рабіць радыкальных перамен, таму і сёння ўнутры можна заўважыць масіўныя драўляныя бэлькі, дзедаву печ і шмат іншых памятных элементаў. Да сёння захаваўся і бабулін посуд. Беручы шклянкі бабулі, унукі заглыбляюцца ў гісторыю, адчуваюць цяпло родных рук. Нездарма кажуць, што людзі працягваюць жыць у тых рэчах, якія пасля іх засталіся.

На сённяшні дзень дом утрымлівае ў сабе элементы скандынаўскага стылю. Тут спалучаюцца святло, лёгкасць і прастата. У кожным прадмеце інтэр’ера прасочваецца стыль і гармонія. Дачка Святланы Юр’еўны, Дар’я, мае асаблівы густ. Менавіта дзякуючы яе парадам і рэкамендацыям дом набыў такі выгляд, стаў прывабным для гасцей і ўтульным. Сыны, Іосіф і Сяргей, адказвалі за будаўнічыя працы. Іх руплівымі рукамі была зроблена асноўная частка прац і ў доме, і каля дома. Сыны разбудавалі сені, зрабілі ўтульную і светлую тэрасу. Уражваюць гармоніяй і астатнія пабудовы – баня, альтанка, адмысловы хостэл. Сённяшнія сучасныя пабудовы засталіся на сваіх звыклых месцах, але іх знешні выгляд істотна змяніўся. 29 жніўня 2023 года аграсядзіба “Сякераўцы” гасцінна расчыніла свае дзверы для наведвальнікаў. Гэтая падзея выклікала рэзананс і цікавасць. Новы аб’ект пакрысе пачаў набываць папулярнасць.

Сёння ў Сякераўцы прыязджаюць спраўляць юбілеі, хрэсьбіны і нават вяселлі. Утульная тэраса можа прыняць 22 чалавекі запар. Акрамя таго, ёсць магчымасць пераначаваць. Гаспадыня паклапацілася аб кожнай дробязі, каб зрабіць адпачынак сваіх кліентаў камфортным і паўнавартасным. Прываблівае ў аграсядзібе і адмысловая кухня, якая мае скіраванасць на нацыянальныя стравы – дранікі, цэпеліны, мясныя рулеты, паляндвіцу. Радуе гаспадыня і духмянай здобай – пірагамі і шарлоткамі, спечанымі з уласных яблыкаў. Для спакойных сямейных вечароў у доме ёсць праектар. Ахіліўшыся ўтульным пледам, наведвальнікі могуць паглядзець любімы фільм. Для дзяцей падрыхтаваны настольныя гульні і розныя іншыя цікавосткі.

Асаблівая атмасфера пануе ў аграсядзібе вечарам. Безліч лямпачак у адзін момант запальваецца каля дома, робячы гэта месца па-сапраўднаму ўтульным і чароўным. У гэты момант забываюцца надзённыя клопаты, а цяжкія думкі пакідаюць сэрца. Застаўшыся сам-насам з прыродай, кожны можа ўпарадкаваць уласныя думкі, супакоіцца, адпачыць не толькі целам, але і душой. Святлана Сярпейка часта збіраецца разам з дзецьмі ў радавым гняздзе. Яна выпякае свой фірменны пірог, заварвае духмяную гарбату, побач з сабой садзіць сваіх унукаў – Валерыю і Максіма. Затым пачынаецца цёплая сямейная размова. Дзеці расказваюць аб сваім жыцці, дзеляцца ўражаннямі, жартуюць. Ад усмешак на тэрасе становіцца асабліва светла і ўтульна. Нашчадкі падкрэсліваюць, што створана аграсядзіба не для прыбытку, а для цяпла і радасці кожнага наведвальніка. Гаспадыня марыць, каб кожны чалавек, што наведвае сядзібу, ад’язджаў адсюль з адчуваннем святла і гармоніі.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара і з архіва Святланы Сярпейка.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *