Ашмянцы прымаюць удзел у каравай-фэсце “Бацькава булка”

Культура

Сямнаццатага жніўня ў Свіслачы праходзіць традыцыйны каравай-фэст “Бацькава булка”, які ў гэтым годзе прысвечаны 30-годдзю інстытута прэзідэнства, а таксама 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэтым годзе мерапрыемства здзіўляе насычанай праграмай і вялікай колькасцю гасцей з розных рэгіёнаў нашай краіны. Удзельнічаюць у хлебным фэсце і ашмянцы. Дэлегацыя Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа на чале з дырэктарам Віктарам Вайшнаровічам паехала на свята не з пустымі рукамі. Для абласнога конкурсу-выставы кулінарнага майстэрства “Бацькаўшчына” было падрыхтавана некалькі экспанатаў.

У намінацыі “Мы гордимся землей, на которой живем» прадстаўлена кандытарская работа з пранічнага цеста “Замак Сапегаў у Гальшанах”. Яе аўтарамі сталі майстры вытворчага навучання каледжа Алена Каханоўская і Ганна Лапейка.

-Ідэю стварэння карціны мы выношвалі на працягу цэлага месяца. Гальшанскі замак выбралі нездарма: аб’ект з’яўляецца гісторыка-культурнай жамчужынай нашага раёна. Пасля рэканструкцыі замак набыў асаблівую папулярнасць. Сюды прыязджаюць турысты з усёй краіны. Рэалізоўвалі ідэю на працягу пяці дзён. Кожны элемент выпякаўся асобна, а пасля збіралася цэласная кампазіцыя, якую вы зараз можаце ўбачыць, — падкрэслівае Алена Каханоўская.

У якасці стравы нацыянальнай кухні кулінары прадставілі пячысту па-ашмянску.  Страва адрозніваецца сваімі смакавымі якасцямі, бо мае сваю сакрэтную рэцэптуру, якую аўтары пажадалі не раскрываць.

Цэнтральнае месца сярод экспанатаў заняў “Шлюбны каравай”. У яго аснове – дражджавое цеста.

-Каравай мы прадстаўляем у намінацыі “Хлеб – усяму галава”. Перад тым, як прыступіць да работы над караваем, мы прачыталі шмат літаратуры. Адшукалі інфармацыю пра сімволіку ўпрыгожвання каравая. Ад гэтых ведаў і адштурхоўваліся. Праца заняла ў нас два дні,-зазначыла Ганна Лапейка.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *