Здольнасць рупліва і адказна працаваць – рыса, якая характарызуе чалавека з найлепшага боку. Дзякуючы стваральнай працы асоба ўзрастае, набывае сапраўдны сэнс жыцця, адчувае ўласную вартасць і запатрабаванасць. Жнівень – час, калі працалюбства беларусаў праяўляецца найбольш ярка. У гэты перыяд адбываецца збор новага ўраджаю. Хлебаробы, не шкадуючы сіл, самаахвярна працуюць на палях. Прыемна, што побач з аксакаламі працуе на жніве і моладзь, якая пераймае каштоўны вопыт ад старэйшых калег. У Ашмянскім аграрна-эканамічным каледжы такая пераемнасць стала добрай традыцыяй. Побач з вопытнымі спецыялістамі працуюць маладыя супрацоўнікі і навучэнцы. Іх энтузіязм і працоўны запал дапамагаюць плённа спраўляцца з любой задачай.
Выходзь у поле з расой – будзеш з ядой
Другакурснік Данііл Пашкель з дзяцінства быў прывязаны да зямлі і тэхнікі. Яго заварожвалі магутныя камбайны, якія лёгка плылі па полі падчас жніва. Хлопец гадзінамі назіраў за гэтай карцінай. Менавіта тады прыйшло разуменне, што сваё жыццё ён звяжа з сельскай гаспадаркай. Сапраўдным прыкладам працалюбства для хлопца стаў стрыечны брат Аляксей Тарасевіч, які ў той час ужо працаваў у КСУП “Крэйванцы”. Данік з захапленнем назіраў за тым, як брат увішна ўпраўляецца з камбайнам. Менавіта тады ў яго душы нарадзілася светлая мара – стаць памочнікам камбайнера і дапамагаць брату на ўборцы. І яго жаданне збылося.
— Я вырас у вёсцы Повішні. З малых гадоў бачыў, як працуе Аляксей. Яшчэ адным прыкладам для мяне быў наш сусед Уладзімір Даўлевіч. Не раз даводзілася назіраць за тым, як ён грунтоўна і акуратна рамантуе тэхніку. Тады я кідаў усе заняткі і гульні, прыходзіў да суседа, сядаў побач і назіраў за гэтым незвычайным працэсам. У гэтым годзе сам упершыню стаў памочнікам камбайнера. Прыемна, што ў пары са мной — мой брат Аляксей. Менавіта ён стаў першым настаўнікам для мяне. Ад яго вучуся сачыць за спраўнасцю камбайна, своечасова ачышчаць тэхніку, бо ведаю, што ад гэтага залежыць паспяховасць уборачнай кампаніі.
У склад моладзевага экіпажа Данік увайшоў у пачатку ліпеня. За гэты час яму давялося адчуць на сабе ўсе радасці і складанасці працы на жніве. На многія рэчы ён паглядзеў іншымі вачыма, зразумеў сур’ёзнасць і адказнасць працы. Юнак паспеў атрымаць ужо і першыя грошы. Свой заробак збіраецца выдаткаваць на падрыхтоўку да новага навучальнага года. Данік ужо склаў спіс неабходных рэчаў.
Калі хлеб у возе, то няма бяды ў дарозе
Побач з навучэнцамі актыўна задзейнічаны ва ўборачнай кампаніі і супрацоўнікі каледжа. Майстар вытворчага навучання Уладзіслаў Шымановіч займаецца перавозкай зерня. Ён жартам называе сябе “вопытным кадрам”, бо перавозіць хлеб ужо другі сезон. У свой час Уладзіслаў з адзнакай скончыў Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж.
— Не з’яўляюся аматарам легкавых аўто. Усёй душой люблю вялікую тэхніку. Ёсць у ёй сваё хараство і адмысловасць. Едучы на МАЗе, адчуваю сябе неяк асабліва. Адкрываюцца прыгожыя панарамы, якія напаўняюць сэрца радасцю і дзіўным спакоем, здымаюць стомленасць. Працы я не баюся. З малых гадоў бацькі навучылі мяне працаваць старанна і адказна, не шкадаваць сябе, а любую пачатую справу даводзіць да канца. Гэтага правіла прытрымліваюся і сёння. Перавозячы хлеб, адчуваю важнасць і адказнасць сваёй працы. Усе мы ведаем, што ад высокіх намалотаў залежыць дабрабыт кожнага з нас. Гэтыя думкі натхняюць і матывуюць.
Уладзіслаў нарадзіўся ў вёсцы Навасёлкі, таму вясковая- тэма была яму блізкай з ранняга ўзросту. Хлопец жартуе, што і сам не заўважыў, як захапіўся гэтай працай. Не было ў яго жыцці і яскравых прыкладаў родных людзей, якія працавалі б у сельскай гаспадарцы,аднак гэта не стала перашкодай для выбару тэхнічнай сцяжыны.
Без працы няма чаго хлеба шукаць
Сабраць ураджай, даставіць яго да месца – гэта толькі частка справы. Зерне неабходна яшчэ давесці да вызначанай вільготнасці. Гэта аперацыя адбываецаа на сушыльным комплексе, які размяшчаецца непадалёк ад вучэбных карпусоў каледжа. За давядзенне ўраджаю да кандыцыі адказваюць тры спецыялісты. Адзін з іх – Уладзімір Буракоўскі. Колішні выпускнік каледжа сёння працуе майстрам вытворчага навучання, а ў летні час удзельнічае ва ўборачнай кампаніі.
— Калі зерне ці рапс перасушыць або недасушыць, то ўраджай проста немагчыма будзе захаваць. Ён сапсуецца або пасля не ўзыйдзе. Для кантролю вільготнасці ў нас ёсць спецыяльны прыбор – вільгацямер. З дапамогай гэтай прылады мы вызначаем вільготнасць новага ўраджаю, а пасля даводзім гэтыя лічбы да патрэбных нам. Праца надзвычай цікавая і захапляльная. І, безумоўна, адказная.
Уладзімір упершыню задзейнічаны ва ўборачнай кампаніі. Гэта справа яму падабаецца і прыносіць задавальненне. Не так даўно малады чалавек вярнуўся з войска. Ён адзначае, што, праходзячы службу, у думках часта вяртаўся да часоў навучання. З настальгіяй узгадваў пэўныя моманты. Былі хвіліны, калі вельмі хацелася вярнуцца ў каледж. Скончыўшы службу, малады чалавек вырашыў не ехаць у родны аграгарадок Беразінскае, а вярнуцца ў Ашмяны і тут будаваць сваю прафесійную будучыню.
Хто працуе, той і есць
Ідучы на знаёмства да павароў аграрна-эканамічнага каледжа, я прадумвала пытанні, якія ім задам. Ведала, што спецыялісты толькі скончылі навучанне і працуюць першыя тыдні. Задумвалася і над тым, як сфатаграфаваць дзяўчат-гаспадынь на кухні. Зайшоўшы ў лабараторыю прыгатавання гарачых страў, на нейкі момант аслупянела – перада мною стаялі два высокія хлопцы. Гэта акалічнасць мяне моцна ўразіла, бо мы прызвычаіліся да таго, што на кухні працуюць толькі жанчыны. Марк Жальветра і Аляксандр Багушэвіч поўнасцю абверглі гэты стэрэатып. У чэрвені юнакі сталі дыпламаванымі паварамі. А ўжо ў пачатку жніўня ім давялося карміць працаўнікоў, што задзейнічаны ва ўборачнай кампаніі.
— З дзяцінства любіў назіраць за тым, як гатуюць дарослыя. Кулінарная тэма мяне захапляла, таму пасля заканчэння Дакурнішскай школы вырашыў атрымаць спецыяльнасць повара-прадаўца. Родныя падтрымалі мяне. Вучыцца было вельмі цікава. Даведаўся шмат новай і карыснай інфармацыі. Асабліва падабаліся практычныя заняткі, на якіх мы гатавалі разнастайныя стравы. Сёння ўжо працую самастойна, вучуся правільна размяркоўваць свой час. Вельмі рады, што першым месцам працы стаў каледж. Тут працуюць знаёмыя людзі. Яны заўсёды падкажуць і дапамогуць, — адзначае Аляксандр.
Марк выбраў спецыяльнасць повара дзякуючы прыкладу старэйшай сястры. Менавіта яна натхніла хлопца паступаць у каледж.
— Да сваіх абавязкаў падыходзім старанна і адказна. Трэба своечасова ўсё падрыхтаваць, каб працаўнікі не чакалі. За гэтыя тыдні прызвычаіліся і ўжо спрытна спраўляемся са сваімі абавязкамі. Вельмі ўдзячны нашым выкладчыкам, якія даюць нам парады, цікавяцца справамі, падбадзёрваюць. Працаўнікі, што прыходзяць на абед, таксама выказваюцца вельмі цёпла. Пакуль справа вельмі падабаецца. Спадзяемся, што і ў далейшым не расчаруемся, атрымаем неабходны вопыт і станем сапраўднымі спецыялістамі.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.