Вандруем па аграсядзібах Ашмянскага раёна. Аграсядзіба “Окруд”

Общество

Вёска Загорнікі знаходзіцца за тры кіламетры ад горада. Сёння ў населеным пункце няшмат жыхароў, аднак прырода і жывапісныя пейзажы робяць вёску асабліва ўтульнай і прыгожай.

У свой час гэтую прыгажосць заўважыла сям’я Дурко. Зачараваныя незвычайным хараством населенага пункта Марыя і Мікалай вырашылі набыць тут лецішча. З першых дзён яны пачалі рэстаўраваць вясковую хату, будаваць альтанкі. А перад пачаткам будаўнічых работ гаспадар усталяваў на тэрыторыі магутны драўляны крыж. Муж і жонка ведалі, што без дапамогі Бога немагчыма пачынаць новую справу. Марыя Браніславаўна аздобіла тэрыторыю ля крыжа кветкамі і дэкаратыўнымі кустамі, а Мікалай Віктаравіч зрабіў бетонныя прыступкі. Пасля гэтага тэрыторыя ажыла і заіграла новымі фарбамі, а праца пайшла хутчэй. З цягам часу на лецішча сталі прыязджаць родзічы і госці. Усе адзначалі прыгажосць наваколля, утульнасць дома і альтанак. Пасля хтосьці прапанаваў гаспадарам адкрыць аграсядзібу. Гэтая думка спадабалася Мікалаю і Марыі. Пакрысе яны сталі рэалізоўваць гэтую ідэю. Ужо некалькі гадоў аграсядзіба прымае гасцей і паспяхова функцыянуе.

На ўчастку гаспадароў размяшчаецца ўтульны дом з драў-лянай лесвіцай, прасторнымі пакоямі і кафлянкай. Гаспадыня адзначае, што ў зімовы час тут пануе асаблівая атмасфера: на вуліцы кружыць лёгкі сняжок, а ў кафлянцы патрэскваюць дровы, напаўняючы пакоі незвычайным цяплом. А ў летні перыяд прысядзібная тэрыторыя ўпрыгожана шматлікімі кветкамі і дэкаратыўнымі кустамі. Марыя Дурко ўжо некалькі дзесяцігоддзяў захапляецца кветкамі. У яе калекцыі – больш за 25 відаў руж. Куставыя, паркавыя, мініяцюрныя, гібрыдныя — разнастайнасць відаў заварожвае. Адносна нядаўна жанчына палюбіла гартэнзіі. Гэтыя непатрабавальныя кусты выглядаюць на ўчастку асабліва гарманічна і стыльна. Акрамя таго, у вазаніцах ля дома і альтанак размяшчаюцца клубневыя бягоніі. Некаторыя Марыя Браніславаўна набыла на кветкавых выставах, некаторыя — у фермерскіх гаспадарках. Госці адзначаюць незвычайную эстэтыку ўчастка, робяць яркія фотаздымкі на фоне маляўнічых кустоў.

Алея з хвойных дрэў уражвае наведвальнікаў. Кожная хваінка была пасаджана руплівымі рукамі гаспадароў. Асноўны клопат аб алеі ўскладзены на плечы гаспадара. Алея мае яшчэ і практычную вартасць: у зімовы час, калі пачынаюцца мяцеліцы, дрэвы засцерагаюць дарогу ад моцных сумётаў.

Гаспадары знаходзяцца ў пастаянным пошуку. Зараз на тэрыторыі будуецца прасторная лазня. У марах Марыі Браніславаўны — будаўніцтва невялічкай праваслаўнай капліцы. Гаспадары хочуць зрабіць аграсядзібу месцам адпачынку не толькі для цела, але і для душы. Часам хочацца застацца сам-насам з Богам, прыродай, сваімі думкамі. Такія “перыяды цішыні” дапамагаюць знайсці правільны жыццёвы накірунак. Побач з невялікім домам, які пакуль не можа прыняць дастатковую колькасць гасцей, узводзіцца прасторны двухпавярховы дом. Гаспадыня захоплена расказвае пра тое, дзе будуць размяшчацца спальныя месцы і як будзе арганізавана вольная прастора. За домам знаходзіцца невялікі агарод. Тут гаспадары вырошчваюць бульбу, буракі, моркву. У гэтым годзе радуюць ураджаем таматы. Гаспадыня штодня збірае новы ўраджай, частуючы сваіх гасцей ласункамі са свайго агарода.

Марыя Дурко адзначае, што зараз сярод гасцей асаблівай папулярнасцю карыстаюцца альтанкі, якія ўяўляюць сабой невялікія банкетныя залы. Яны могуць прыняць запар 25-30 чалавек. У меншай альтанцы звычайна размяшчаюцца дзеці. Там ёсць усё наебходнае для таго, каб цікава праводзіць вольны час. Істотную дапамогу бацькам аказвае дачка Ліза. У гэтым годзе дзяўчына скончыла школу і паступіла ў БДЭУ. Дачка дапамагае з вядзеннем сацыяльных сетак, стварэннем якаснага кантэнту. Дзякуючы дачцэ бацькі асвойваюць новыя тэхналогіі.

Аграсядзіба стала для гас-падароў справай жыцця, якая прыносіць сапраўдную асалоду і задавальненне. Ста-ноўчыя водгукі кліентаў сведчаць, што іх праца мае сэнс.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *