Вандруем па аграсядзібах Ашмянскага раёна. Аграсядзіба “У Яніны”

Общество

Краявіды аграгарадка Кальчуны заварожваюць і прыцягваюць да сябе. Акуратныя вулачкі з дагледжанымі будынкамі выклікаюць замілаванне і вяртаюць у гады дзяцінства. Сярод вясковых дамоў выдзяляецца трохпавярховая пабудова, на фасадзе якой размяшчаецца шыльда “Аграсядзіба “У Яніны”.  Гэта чацвёртая аграсядзіба на нашым маршруце. За гэты час давялося ўбачыць розныя цікавосткі, дакрануцца да традыцый і гісторыі агратурыстычных аб’ектаў. Першапачаткова падавалася, што гаспадары кальчунскай сядзібы не змогуць здзівіць нечым новым і незвычайным. Аднак гэта меркаванне аказалася цалкам памылковым.

Яніна Палсцюк задумалася над арганізацыяй аграсядзібы ў 2009 годзе. Тады  ёй падказалі такую ідэю ў сельсавеце. У адзін момант жанчына загарэлася, расказала аб сваіх намерах мужу Уладзіміру. Той яе адразу ж падтрымаў. Дзеці Сяргей, Наталля і Арцём таксама ўхвалілі добрую ідэю. Сказана – зроблена. 29 кастрычніка 2009 года новы турыстычны аб’ект гасцінна расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. У той час накірунак аграэкатурызму толькі пачынаў развівацца. Сядзіба “У Яніны” стала другой у Ашмянскім раёне. З першых дзён да новага аб’екта ўзнікла павышаная цікавасць. Яніна Аляксандраўна і сёння памятае сваю першую наведвальніцу. Яна прыехала ў Кальчуны ўпершыню, моцна прывязалася да маляўнічага населенага пункта, яе прывабіў і прыгожы вялікі дом. Але найбольшае ўражанне на турыстку аказала сама гаспадыня. На працягу наступных дзесяці гадоў жанчына кожнае лета прыязджала адпачываць у Кальчуны.

Гаспадыня дома і сёння захоўвае цёплыя сумесныя фотаздымкі. Яна адзначае, што з многімі гасцямі атрымалася пасябраваць. З кожным годам аграсядзіба прыгажэла: у 2014 годзе адкрылася прасторная банкетная зала на 40 месцаў, ля дома выраслі стромкія сосны, а прысядзібная тэрыторыя патанула ў кветках і дэкаратыўных кустах. І сёння гаспадыня ўдасканальвае хатні інтэр’ер, шукае новыя ідэі для арганізацыі вольнай прасторы. Яніна Палсцюк зазначае, што без падтрымкі мужа ў яе нічога не атрымалася б. Уладзімір і Яніна ў шлюбе ўжо 53 гады. За гэты час здараліся розныя моманты, але муж заўсёды падтрымліваў жонку, стараўся атуляць яе клопатам, браць частку абавязкаў на сябе. Вялікую падтрымку жанчына атрымлівае і ад дзяцей. Сын Арцём займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторыі, косіць траву. Гэты абавязак ён не давярае нікому іншаму. Адчувальную дапамогу аказвае і малодшае пакаленне. У жывым кветніку Яніны Палсцюк – пяцёра ўнукаў і двое праўнукаў. З малых гадоў яны далучаюцца да агульнай справы: дапамагаюць бабулі з праполкай, сервіруюць святочны стол, шчыруюць на кухні. Гледзячы на іх, бабуля цешыцца, што ўдалося выхаваць годнае пакаленне.

Любімым месцам у доме Яніна Іванаўна лічыць кухню. Тут яна праводзіць шмат часу, гатуючы для гасцей разнастайныя дэлікатэсы. Дранікі, бабка, калдуны – стравы з бульбы карыстаюцца найбольшым попытам і папулярнасцю. Цэнтральнае месца сярод бульбяных страў займаюць цэпеліны. Ёсць сярод наведвальнікаў сядзібы і тыя, што прыязджаюць сюды, каб яшчэ раз прадэгуставаць любімую страву. Яніна Палсцюк зазначае, што дзверы яе дома заўсёды адчынены для кожнага. Супрацоўнікі мясцовай бібліятэкі часта ладзяць сумесныя мерапрыемствы, запрашаюць юных чытачоў у прасторны дом. Яніна Аляксандраўна распавядае дзецям розныя цікавосткі, раскрывае сакрэты адмысловых страў. Прыязджаюць у Кальчуны і наведвальнікі Ашмянскага ТЦСАН. Тут яны праводзяць сустрэчы і круглыя сталы. Жанчына імкнецца зрабіць кожнае такое мерапрыемства ўнікальным і непаўторным. Яніна Палсцюк падкрэслівае, што сваіх гасцей яна сустракае так, як хацела б, каб прынялі яе.

У свой час жанчына атрымала спецыяльнасць бухгалтара. Яна і падумаць не магла, што некалі яе жыццё будзе звязана з турыстычнай сферай. Аднак аб рашэнні, прынятым пятнаццаць год таму, яна не шкадуе. Жанчына зазначае, што праца ў агратурыстычнай сферы зрабіла яе іншай: больш мяккай, лагоднай, чуллівай і тактоўнай. А таксама падаравала шмат цудоўных знаёмых, якія сталі дарагімі сэрцу.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *