Вандруем па аграсядзібах Ашмянскага раёна. Аграсядзіба “Куцавічы”

Общество

Невялікая вёсачка Куцавічы месціцца акурат ля дарогі на Баруны. Акуратныя хаціны падступаюць да самай шашы. Калі праязджаеш тут, позірк заўсёды спыняецца на цагляным доме з адмысловым надпісам “Аграсядзіба “Куцавічы”. З-за плота выглядваюць сонечныя рамонкі, яркія ружы, лагодныя аксаміткі. Ля веснічкаў нас сустракаюць гаспадары —
Наталля і Зянон Травіцкія.

На падворку прыемна пахне флоксамі. Тэрыторыя ля аграсядзібы ўпрыгожана драўлянымі вырабамі: ля брамкі гасцей вітае драўляны мядзведзь, а крыху наводдаль размяшчаецца вазок з конікам. Гэтая кампазіцыя карыстаецца вялікай папулярнасцю ў маленькіх наведвальнікаў аграсядзібы. Тэрыторыя каля дома падзелена на некалькі зон адпачынку. Аб гэтым паклапаціўся гаспадар. У свой час ён сваімі рукамі зрабіў невялікія арэлі, а таксама ўтульную альтанку, каб госці маглі адпачыць, набрацца сіл і энергіі. Вясковы адпачынак будзе няпоўным без паходу ў баню. Гаспадары прадугледзелі і гэта. Некалькі год таму на тэрыторыі з’явілася баня. Зараз яна карыстаецца попытам у наведвальнікаў.

Унутры дома адчуваецца незвычайная лёгкасць. У спякотнае надвор’е тут асабліва добра адпачыць. Гаспадыня дома адзначае, што госці, якія прыязджаюць сюды ўпершыню, захапляюцца цудоўнай вясковай атмасферай. Іх прываблівае просты драўляны дом і самабытны інтэр’ер. Банкетная зала сустракае ўтульнасцю і гармоніяй. Масіўны дубовы стол, камін з аўтэнтычнымі рэчамі, якія перайшлі ў спадчыну гаспадарам, адмысловыя жырандолі — усё гэта стварае адчуванне спакою і радасці.

Наталля Травіцкая калісьці і падумаць не магла, што будзе працаваць у сферы агратурызму. А дом у Куцавічах у свой час быў куплены ў якасці лецішча. Аднак выпадак зрабіў сваю справу. Набліжаўся юбілей бабулі. Травіцкія падбіралі месца для правядзення свята. Нечакана хтосьці прапанаваў правесці свята ў новым доме. Гаспадарам такая ідэя спадабалася.

Яны хутка навялі парадак у доме, паставілі сталы, зрабілі зону адпачынку для дзяцей і моладзі. Свята атрымалася шыкоўным. Пасля хтосьці з гасцей прапанаваў падумаць над рэгістрацыяй уласнай аграсядзібы. Зянон і Наталля падтрымалі гэтую ідэю, пачалі вывучаць прававую інфармацыю, збіраць неабходныя дакументы. А ў 2017 годзе аграсядзіба “Куцавічы” гасцінна расчыніла дзверы для наведвальнікаў. Наталля і сёння памятае сваіх першых гасцей. Тады яна адчувальна хвалявалася — хацелася, каб гасцям было ўтульна. З цягам часу гаспадыня захапілася гісторыяй, стала збіраць звесткі пра цікавыя месцы, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да сядзібы. Жанчына пазнаёмілася з гісторыяй прыроднага помніка «Нявесцін камень», вывучыла інфармацыю пра Баруны, цудадзейны абраз і жыватворную крынічку. Гэтымі ведамі Наталля стала дзяліцца з гасцямі. Многія праяўлялі жывы інтарэс да гэтых месцаў, хацелі пабываць у тых гістарычных куточках. Тады Наталля і Зянон набылі веласіпеды, якімі госці маглі карыстацца падчас адпачынку. Уключыўшы навігатар, многія здзяйснялі велападарожжы ў прапанаваных напрамках, рабілі фотаздымкі, шпацыравалі. Магчымасць пакатацца на веласіпедзе спадабалася многім. Наведвальнікі сталі вяртацца ў аграсядзібу зноў і зноў ужо цэлымі сем’ямі. У зімовы перыяд карыстацца веласіпедам немагчыма. Каб далучыць гасцей да здаровага ладу жыцця, гаспадары закупілі лыжы і праклалі трасу па зімовым лесе. Зімовыя вандроўкі па заснежаных абшарах сталі папулярнымі і запатрабаванымі.

Зянон і Наталля лічаць, што аграсядзіба прызвана адарваць наведвальнікаў ад гарадской мітусні, гаджэтаў, бытавых думак. Адпачынак павінен напаўняць гасцей новымі сіламі, энергіяй, свежымі ўражаннямі. Для гэтага яны робяць усё магчымае. Наталля час ад часу іграе на сінтэзатары на мерапрыемствах, прапаноўвае гасцям цэлы гардэроб са стракатымі касцюмамі. Жадаючыя могуць прымераць на сябе розныя вобразы. Дапамагае бацькам сын Юрый. Разам з жонкай Вольгай яны шмат часу праводзяць у аграсядзібе. Сын дапамагае з уборкай тэрыторыі, косіць траву, падразае дрэвы, а Вольга з’яўляецца правай рукой свекрыві па гаспадарчай частцы. Яна дапамагае на кухні, клапоціцца аб чысціні ў пакоях, адказвае за прыгажосць прысядзібнай тэрыторыі. Зараз у гаспадароў безліч задумак, якія яны збіраюцца рэалізаваць у бліжэйшы час. Аднак галоўная задача ў Травіцкіх, безумоўна, адна: яны мараць, каб кожны кліент добра адпачыў і быў задаволены кожным днём, праведзеным у аграсядзібе.

Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.



Теги:

1 комментарий по теме “Вандруем па аграсядзібах Ашмянскага раёна. Аграсядзіба “Куцавічы”

  1. Агроусадьбу «Куцавiчы» посещаем с мужем ежегодно в зимнее время. Лесная прогулка на лыжах доставляет большое удовольствие и прилив сил и энергии. Хозяйка усадьбы Наталья, всегда радужно нас встречает, после прогулки угощает нас горячим чаем и другими вкусными угощениями. С агроусадьбы всегда уезжаем с хорошими настроением и приливом сил.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *