Экспазіцыя “Кола свят” запрашае

Культура

Патрыятызм – гэта не толькі адданасць і любоў да сваёй Айчыны, краіны, народа, але і традыцыі, якія напрацягу існавання беларускага этнасу перадаюцца з пакалення ў пакаленне, відазмяняюцца, набываюць новыя рысы, але нягледзячы ні на што, захоўваюць свой “ментальны код”.

У беларусаў, як і ў кожнага народа, спрадвеку існаваў свой каляндар, у якім з пакалення ў пакаленне перадаваліся мудрасць, веды, вопыт жыццёвых назіранняў. Багацейшы свет нашых продкаў, гумар адбіліся ў гульнях, песнях, звычаях і абрадах, прыкметах беларускага народа, якія праз пакаленні неабходна зберагчы і захаваць для нашчадкаў.

Майстрамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры была выканана вялікая праца для стварэння твору дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Кола свят”. Гэта калектыўная праца, у якой прынялі ўдзел кожны з майстроў аддзела рамёстваў. Мэта стварэння экспазіцыі заключаецца ў тым, каб кожны наведвальнік змог не толькі даведацца пра адметнасці таго ці іншага перыяда календара, але і сваімі вачамі ўбачыць замалёўку святкавання. Экспазіцыя складаецца з лялек, вобразы якіх адлюстроўваюць  персанажаў свята і сімвалы, характэрныя для яго. Кожны элемент вопраткі, атрыбутыкі прадуманы дэтальна.

Твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва складаецца з асновы, цэнтрам якой з’яўляецца слуп з колам – сімвал сонца, года і цыклічнасці не толькі ўсіх свят, але і з’яў у прыродзе. Ад кола нацягнуты каляровыя стужкі – прамяні да кожнага з элементаў календара, сярод якіх былі выбраны наступныя: Каляды, Вадохрышча, Гуканне вясны, Масленіца, Вербная нядзеля, Вялікдзень, Зялёныя святкі, Купалле, Мядовы Спас, Яблычны Спас, Дажынкі, Вяселле. Касцюмы ў лялек разнастайныя, тыповыя для ўсёй тэрыторыі Беларусі, пашыты згодна пары года і з выкарыстаннем атрыбутыкі свята.

Экспазіцыя “Кола свят” на пастаяннай аснове знаходзіцца ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Ашмяны. На мінулым тыдні, 16 ліпеня, быў запушчаны аднаіменны анлайн-праект, згодна з якім, кожны тыдзень у сацыяльных сетках аддзела рамёстваў расказваецца пра адно са свят, якое з’яўляецца элементам экспазіцыі. Першае свята, якое распачынае каляндарны год, — Каляды, і менавіта пра яго святкаванне ўжо ёсць цікавая інфармацыя ад стваральнікаў лялек. Супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры запрашаюць кожнага асабіста наведаць установу, каб на некаторы час апынуцца ў мінулым продкаў і адчуць веліч уласнай гісторыі.

Вераніка НАВІЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *