Вандруем па сядзібах Ашмянскага раёна. Аграсядзіба “Спадчына”

Общество

Мільгацяць векавыя дубы і стромкія бярозы. Здалёк віднеюцца дахі вясковых хат. Заязджаем у Буні. Па абодва бакі дарогі раскінулася пшанічнае поле. Хочацца выйсці з аўтамабіля, назбіраць рамонкаў, падыхаць гаючым вясковым паветрам. Раптоўна позірк чапляе невялікі ўказальнік, які паказвае напрамак да аграсядзібы “Спадчына”. Акуратны вясковы домік з адмысловымі стаўнямі вяртае ў бесклапотнае дзяцінства. Вось насустрач выходзяць гаспадары – Зянон і Ядзвіга Шыманскія. Гаспадар сыпле каларытнымі жартамі і гасцінна запрашае ў хату. У прасторным пакоі адчуваецца вясковы дух: адмысловая мэбля, каларытныя дываны, незвычайныя інтэр’ерныя кампазіцыі – усё дапамагае абстрагавацца, адчуць дух іншай эпохі.

Гаспадыня распавядае, што гісторыя аграсядзібы пачалася восем гадоў таму. Менавіта тады Шыманскія пачалі прымаць першых гасцей. А дом, у якім размясцілася сядзіба, Зянон і Ядзвіга атрымалі ў спадчыну ад сваячніцы. Яна не мела дзяцей і вырашыла пакінуць сваю хаціну Зянону і Ядзвізе, якія клапаціліся аб ёй. Гаспадары жартуюць, што сядзіба “Спадчына” перайшла ім у спадчыну. Спачатку пара не ведала, што рабіць з домам. Жыць тут Шыманскія не збіраліся, бо ўжо мелі сваё жыллё. Аднак хату было шкада. Без сістэматычнага клопату дом з цягам часу прыйшоў бы ў аварыйнае становішча. Тады адна з дачок Шыманскіх прапанавала ператварыць вясковую хаціну ў аграсядзібу. Бацькі крыху падумалі і згадзіліся. Пакрысе сталі аднаўляць дом. Тут з’явілася электрычнае ацяпленне і нават сапраўдны камін. Адмысловыя жырандолі, масіўныя бэлькі, драўляная мэбля – усё гэта чапляе вока, на нейкі момант заварожвае.

Аднак госці прыязджаюць у Буні не толькі дзеля вясковага інтэр’ера і маляўнічых пейзажаў. Іх вабіць яшчэ і кухня. Цыпіліны, дранікі, кішка-налівайка – гаспадары прапануюць гасцям багатае меню. Да таго ж, усе стравы гатуюцца са сваіх прадуктаў. У Шыманскіх маецца вялізны агарод, дзе вырошчваецца некалькі гатункаў бульбы. «Манифест», «Бриз», «Королева Анна», «Гала», «Белые Росы» — кожны гатунак мае сваё прызначэнне. З некаторых атрымліваюцца цудоўныя дранікі, гатункі з больш буйнымі клубнямі выкарыстоўваюцца для прыгатавання цыпілін. За хатай размяшчаецца неабсяжнае поле пшаніцы. Гэтую культуру гаспадары вырошчваюць для таго, каб пячы духмяны хлеб. Ёсць у гаспадарцы Шыманскіх і пяцьдзясят курачак, якія забяспечваюць кухню гаспадыні свежым яйкам. Ядзвіга Шыманская з вялікай пяшчотай расказвае пра курачак і свой агарод. Пакуль жонка завіхаецца на кухні, Зянон Шыманскі аглядае сваіх пчол. Больш за дваццаць гадоў ён займацца пчалярствам. Гэта справа не прыносіць прыбытку, але дае асалоду і сапраўднае задавальненне. Гаспадары частуюць гасцей свежым мёдам са свайго пчальніку, чуюць захопленыя водгукі аб карысным прадукце.

Ёсць на тэрыторыі аграсядзібы і вясковая баня, у якой адчуваецца прыемны пах бярозы. На сцяне акуратным радком размяшчаюцца бярозавыя венікі, якія нядаўна навязаў гаспадар. Зянон Шыманскі лічыць, што баня патрэбна не столькі для ачышчэння цела, колькі для ачышчэння думак і сэрца. Выходзячы з апарні, госці адчуваюць спакой у сэрцы, гармонію і сапраўдную радасць.

За восем гадоў сядзіба моцна палюбілася і ашмянцам, і гасцям нашага раёна. Тут адзначаюць хрэсьбіны, юбілеі, а часамі гаспадарам даводзіцца накрываць нават вясельныя сталы. Некаторыя прыязджаюць у Буні без асаблівай нагоды, каб пабыць на ўлонні прыроды, адчуць спакой, абстрагавацца ад штодзённых спраў. Не так даўно гаспадары прымалі вялікую сям’ю, якая месцам для сустрэчы выбрала “Спадчыну”. У свой час сям’я жыла на тэрыторыі Ашмянскага раёна. Аднак зараз бацькі памерлі, няма ўжо і роднай хаты. Таму браты і сёстры, якія жывуць у розных кутках нашай краіны, вырашылі сабрацца ў аграсядзібе. Амаль цэлую ноч родныя людзі размаўлялі, прыгадвалі мінулае, а дом Шыманскіх нагадаў ім аб даўніх шчаслівых часах, якія беззваротна сплылі ў нябыт. Назіраючы за такімі цёплымі сустрэчамі, гаспадары прыходзяць да высновы, што іх справа прыносіць карысць людзям, дорыць радасць, дапамагае заглыбіцца ў мінулае, адчуць повязь з каранямі. Менавіта дзеля такіх цёплых сустрэч і працуюць гаспадары Шыманскія.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *