У гаспадарках Ашмянскага раёна ўборка ўраджаю толькі пачынаецца, аднак у сталовых сельгаспрадпрыемстваў усе пытанні, звязаныя з харчаваннем удзельнікаў жніва, даўно вырашаны. Каб уборачная кампанія прайшла своечасова і без страт, дбае не толькі кіраўніцтва. Увесь спектр пытанняў, якія датычацца аховы працы і рэжыму адпачынку, трымаюць на кантролі прафсаюзы.
– Падчас штотыднёвых маніторынгаў у сельгасарганізацыях раёна звяртаем увагу на забяспечанасць механізатараў гарачым харчаваннем, пітной вадой і сродкамі індывідуальнай аховы. Пастаянны акцэнт – на траўманебяспечныя участкі работ, машын і механізмаў, – заўважае ў размове старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Раіса Турлай.
Усе гэтыя пытанні прафсаюзны лідар вырашае сумесна з кіраўніцтвам сельгасарганізацый, а таксама сваімі памочнікамі – старшынямі прафсаюзных пярвічных арганізацый і грамадскімі інспектарамі па ахове працы. Пытанні належнай арганізацыі харчавання знаходзяцца таксама пад пільнай увагай раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Каб уборка ішла зладжана, для механізатараў ва ўсіх гаспадарках арганізавана гарачае харчаванне. Двойчы яго атрымліваюць гарачым работнікі КСУП “Гальшаны”. У дадатак да ўсяго абеды тут бясплатныя, таксама, як і ў СУП “АграМалРай”. Нязначная сума (ад 20 да 30 працэнтаў) ад кошту абедаў утрымліваецца з зарплаты механізатараў у іншых гаспадарках.
Калі мы наведаліся ў сталовую КСУП Кракоўка”, з кухні даносіўся смачны пах ежы. На абед у той дзень быў суп са свежай капусты і бульбяное пюрэ з дамашнімі каўбаскамі. У дадатак – салата з чырвоных буракоў.
– У сталовай, размешчанай на жывёлагадоўчым комплексе, харчуюцца і работнікі фермы, аднак пакуль жніво не ўвайшло ў актыўную фазу, абедаў рыхтуецца не так і шмат, — адзначае повар Галіна Бернатовіч, якая толькі другі год займае гэтую адказную пасаду. Улічваючы станоўчыя водгукі работнікаў комплексу, якіх мы засталі за абедзенным сталом, са сваімі абавязкамі жанчына спраўляецца выдатна.
У гэты дзень разам з Раісай Турлай наведаліся мы і ў КСУП “Крэйванцы”, дзе не адзін дзясятак год працуе поварам Людміла Былінская.
– Сёння нам трэба накарміць 90 чалавек, – адзначыла Людміла Іосіфаўна і, заўважыўшы здзіўленне на маім твары, дадае: “Гэта яшчэ не шмат. Хутка будзе значна больш”.
На абеды, прыгатаваныя Людмілай Былінскай, нараканняў не бывае.
— Нават лепш, чым дома, — прызнаюцца часам мужчыны. — Усё свежае, разнастайнае, апетытнае.
“Канёк” Людмілы Іосіфаўны – гэта выпечка. Піражкі, булачкі, пячэнне – ніколі не лянуецца жанчына парадаваць аграрыяў. А таксама здзівіць – калі заканчваецца жніво, і на белы абрус кладзецца адмысловы каравай з мукі новага ўраджаю.
Аліна БЕЛІЦКАЯ.
Фота аўтара.