Вырашальная бітва за Ашмянскі раён

80 лет освобождения Беларуси Общество

3 ліпеня 1944 года стала для беларусаў памятнай датай. У гэты дзень быў узняты Чырвоны сцяг над Мінскам. Гэта дата прынесла шматпакутнаму беларускаму народу адчуванне свабоды, надзею на хуткае заканчэнне вайны і шчаслівае жыццё.

Імкліва прасоўваліся войскі Чырвонай Арміі, вызваляючы адзін за другім гарады і вёскі краіны. Ужо 4 ліпеня выбілі немцаў са Смаргоні, а праз тры дні — 7 ліпеня — вызвалілі Ашмяны. З 5 па 9 ліпеня 1944 года Ашмянскі раён быў цалкам вызвалены ад фашысцкай навалы.

Вырашальная бітва адбылася ля моста праз раку Ашмянку на дарозе Смаргонь — Ашмяны, паміж вёскамі Нарбуты і Зарэчча. Некалькі адважных аўтаматчыкаў на чале са старшым сяржантам Дзмітрыем Гарбуновым праніклі ў варожы тыл. Падчас аперацыі па ўзяцці маста група Гарбунова, знішчыўшы двух вартавых, захапіла мост, а пасля адважныя аўтаматчыкі падпалілі 6 нямецкіх аўтамашын і 3 матацыклы. У стане ворага пачалася паніка. У адсутнасці звесткаў аб колькасці нашых байцоў немцы пачалі спешна ўцякаць.

Старшы сяржант Гарбуноў загадаў адкрыць аўтаматны агонь па праціўніку, а ашаломленая група немцаў у колькасці 8 чалавек натыкнулася на засаду Гарбунова. У выніку 7 немцаў былі забіты, а 8-ы ўзяты ў палон. Разведчыкі ўтрымлівалі захоплены мост да падыходу асноўных сіл палка. Батальён, у якім служыў Гарбуноў, праследаваў ворага да самага Вільнюса. Узвод Гарбунова прымусіў ворага адступіць. У самы разгар бою Гарбуноў асабіста ўзняў чырвоны сцяг на адным з будынкаў у цэнтры горада. За ўзяцце маста і іншыя гераічныя ўчынкі Дзмітрый Гарбуноў атрымаў званне Героя Савецкага Саюза (загінуў пад Каўнасам 28 ліпеня 1944). 7 ліпеня 1974 г. непадалёку ад месца подзвігу групы аўтаматчыкаў быў пастаўлены помнік.

Вярнуць страчаныя пазіцыі ў фашыстаў, нягледзячы на ўсе намаганні, не атрымалася. Гэта паспяховая аперацыя спрыяла хутчэйшаму вызваленню Ашмянскага раёна, у якім удзельнічалі войскі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Вільнюскай наступальнай аперацыі, праведзенай 5-20 ліпеня 1944 г., якая ў сваю чаргу з’яўлялася часткай Беларускай аперацыі, вядомай пад кодавай назвай «Баграціён» (23 чэрвеня — 29 жніўня 1944).

На ашмянскім напрамку баявыя дзеянні вялі чатыры арміі: 5-я і 11-я гвардзейская агульнавайсковыя, 5-я гвардзейская танкавая і 1-я паветраная. Танкісты вырашалі задачу найхутчэй дасягнуць Вільнюса і там завязаць баі, а лётчыкі прыкрывалі наземныя часці з паветра, знішчалі варожыя аб’екты ў тыле ворага.

Такім чынам, населеныя пункты, што ачышчалі танкісты ў час іх імклівага наступлення на літоўскую сталіцу (у тым ліку Ашмяны, Жупраны і Гальшаны), фактычна прыйшлося адбіваць у другі раз байцам стралковых дывізій. Тым не менш, паводле афіцыйных крыніц, лічыцца, што названыя вышэй вёскі і Ашмяны вызвалены менавіта танкістамі 29-га (Жупраны) і 3-га гвардзейскага (Ашмяны, Гальшаны) танкавых карпусоў 5-й гвардзейскай танкавай арміі.

У журнале баявых дзеянняў 144-й стралковай дывізіі адзначана, што 5 ліпеня 1944 г. была ў двух месцах перарэзана чыгунка на перагоне Солы — Ашмяны і адначасова атакавана станцыя Ашмяны. Атака закончылася паспяхова. Аднак да ст. Ашмяны пачалі падыходзіць фашысты, якія адступалі з боку Сол (рота пяхоты, пагружаная на матавоз з платформамі).

Байцы сустрэлі матавоз агнём, знішчылі яго і платформы з выбуховымі рэчывамі (апошнія прызначаліся для ўзрыву чыгуначнага маста ў Солах, што зрабіць не паспелі). Салдаты праціўніка з 613-й асобнай аўтароты былі часткова знішчаны, часткова ўзяты ў палон. Узарваны таксама два эшалоны з боепрыпасамі.

На станцыі Ашмяны гітлераўцы панеслі значныя страты — каля 50 салдат і афіцэраў параненымі і забітымі. 3ахоплены трафеі: матавоз, 4 платформы, сямітонная аўтамашына, два 81-міліметровыя мінамёты, 2 кулямёты, 50 вінтовак.

У баях за станцыю Ашмяны вызначыліся камандзір 449-га стралковага палка падпалкоўнік І.П.Сітко, камандзір аддзялення малодшы сяржант А.М. Сокалаў, іншыя байцы і камандзіры.

«Страта станцый Солы і Ашмяны не магла не паўплываць на баяздольнасць гітлераўцаў. Больш складана было забяспечваць іх часці боепрыпасамі і харчаваннем, замаруджвалася перакідка падмацаванняў з іншых участкаў — па чыгунцы амаль поўнасцю спынялася эвакуацыя параненых». (Драган П.Г. Виленская Краснознаменная. М., 1977. С. 75.)

З левага флангу 144-й стралковай дывізіі дзейнічала 11-я гвардзейская армія. Сітуацыя ў яе часцях складвалася ў Ашмянскім раёне наступным чынам. На зыходзе 6 ліпеня 1944 г. нямецкія войскі ў паласе арміі занялі для абароны загадзя ўмацаваны рубеж, пярэдні край якога праходзіў па лініі Жупраны — р. Ашмянка — Куцавічы — м. Баруны. Абарончыя збудаванні гэтага рубяжа, якія пачалі ўзводзіцца ў 1943 годзе, не былі закончаны. Немцы мелі намер пабудаваць тут магутную ўмацаваную сістэму ў якасці асноўнага рубяжа на ўсходзе, таму рубеж і атрымаў назву «Остваль» («Усходні вал»).

Рубеж да пачатку баявых дзеянняў быў заняты войскамі, якія правялі неабходныя ўдасканаленні ў абарончых збудаваннях і сістэме агню.

Абарончая паласа складалася з адной, месцамі дзвюх ліній траншэй і акопаў поўнага профілю, абсталяваных стралковымі ячэйкамі, кулямётнымі пляцоўкамі, былі падрыхтаваны таксама апарэлі для танкаў. У глыбіні абароны былі выкапаны адрэзкі траншэй і акопы. Процітанкавымі і проціпяхотнымі перашкодамі рубеж абсталяваны не быў.

Баі за рубеж пачаліся 7 ліпеня. 11-я гвардзейская стралковая дывізія праследавала праціўніка, які адступаў з баямі па маршруце Навінкі — Панары — Стрыпуны — Куцавічы — Навасёлкі — Ашмяны — Мураваная Ашмянка. У канцы дня штаб дывізіі знаходзіўся ў Талмінава.

1-я гвардзейская стралковая дывізія рухалася па маршруце Крэва — Старыя Баруны — Трасечаняты — Біюцішкі, у канцы дня выйшла на шашу Ашмяны — Гальшаны ў раёне Мацуты — Каменка.

31-я гвардзейская стралковая дывізія, якая знаходзілася ў другім эшалоне, рухалася па маршруце 11-й гвардзейскай стралковай дывізіі і ў 22 гадзіны авалодала рубяжом Латавічы — Навасёлкі, а ў 2 гадзіны ночы 8 ліпеня 1944 г. — Ашмянамі.

8-ы гвардзейскі стралковы корпус наступаў правым флангам на Гальшаны, у першым яго эшалоне знаходзіліся 83-я і 5-я, у другім — 26-я гвардзейскія стралковыя дывізіі.

Да 17 гадзін 7 ліпеня 83-я гвардзейская стралковая дывізія авалодала Дзертнікамі і выйшла да канца дня да рубяжа Полішча — Рапушыха, дзе немцамі было аказана асабліва жорсткае супраціўленне. Пераадолеўшы яго, дывізія авалодала рубяжом Мар’янава — Палуды — Гарэцкаўшчына, а ў 24 гадзіны ўварвалася ў Гальшаны і авалодала імі.

У другой палове дня 7 ліпеня 26-я гвардзейская стралковая дывізія авалодала Гейстунамі, Каецянятамі, Лужышчам, Слабадой, на зыходзе дня выйшла на рубеж Слабада — Карабы (дапамагла 83-й гвардзейскай стралковай дывізіі авалодаць Гальшанамі).

8 ліпеня 1944 г. баі ў раёне прадоўжыліся: пад Малынішкамі, Граўжышкамі, у  напрамку Чуркі — Вайшнарышкі — Клявіца.

9-га ліпеня 1944 г. баявыя дзеянні праходзілі за межамі раёна — у Літве, на Іўеўшчыне. Наступіла доўгачаканая цішыня. Воіны-вызваліцелі пайшлі на захад, несучы свабоду іншым народам.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *