Зачапіцца языком

Марта Богданович

Вобраз бабуль, што сядзяць на лаўцы пад пад’ездам і абмяркоўваюць суседзяў, даўно стаў карыкатурным. Гэта адвечная рэалія, якая не траціць сваёй актуальнасці і сёння. Пажылыя жанчыны даўно выхавалі дзяцей і ўнукаў, пазбавіліся працоўных клопатаў. Іх жыццё стала сумным і нецікавым. Штодня іх чакаюць аднолькавыя клопаты і кола абавязкаў. Застаецца толькі глядзець па тэлевізары разнастайныя перадачы ды сустракацца з сяброўкамі. Час ад часу адзінокія жанчыны збіраюцца разам, каб абмеркаваць пэўныя сітуацыі і канкрэтных асоб. І тут усё зразумела – адзінота прымушае чалавека шукаць пэўны занятак для сябе. На шчасце, так робяць не ўсе жанчыны сталага ўзросту.

На днях давялося быць сведкай цікавага дыялогу. Дзве маладыя і прывабныя дзяўчыны абмяркоўвалі сваю сяброўку, у якой нядаўна былі ў гасцях. Яны актыўна жэстыкулявалі і ўжывалі нецэнзурную лексіку, час ад часу зацягваючы цыгарэту. Здаецца, што за некалькі хвілін яны паспелі абмеркаваць усё: знешні выгляд сяброўкі, абстаноўку у кватэры, сервіроўку святочнага стала. Дзяўчаты здолелі падлічыць колькасць і якасць страў на стале і суаднесці іх кошт з коштам падарункаў, якія яны прынеслі. Урэшце рэшт, удзельніцы дыялогу прыйшлі да высновы, што іх сяброўка “жлобиха” і “деревенщина”, а свята атрымалася “отстойным”. Такое падагульненне выклікала ўсмешку. У гэты момант я шчыра паспачувала той дзяўчыне, якую так захоплена абмяркоўвалі яе “сяброўкі”. Чалавек адкрывае сэрца і дзверы свайго дома для гасцей, цалкам давяраючы кожнаму з іх і жадаючы раздзяліць шчаслівыя моманты свайго жыцця з выбранымі асобамі. Ён не падазрае, што, выйшаўшы за парог, гэтыя “самыя блізкія людзі” будуць паласкаць імя гаспадара ў брудзе, абмяркоўваць і асуджаць.

Жанчына – велічнае і прыгожае стварэнне, надзеленае лагодай, грацыяй,  пяшчотай і чысцінёй. Яе вобраз атаясамліваецца з жыццём, кветкамі, пяшчотай і прывабнасцю. Плёткі і асуджэнне брудзяць жаноцкасць, прыніжаюць годнасць прыгожай паловы чалавецтва. Яны з’яўляюцца сапраўднай атрутай для душы. На жаль, разумеюць гэта не ўсе. Чуткі і асуджэнне ніяк не характарызуюць таго чалавека, пра якога гавораць. Аднак даюць цудоўную характарыстыку таму, хто абмаўляе і няславіць іншага чалавека. Існуе меркаванне, што чалавек, які нічога добрага не можа сказаць пра сябе – а сказаць вельмі хочацца – пачынае гаварыць дрэннае аб іншых, каб хоць такім чынам стаць на вышэйшую прыступку ў вачах грамадства. На практыцы атрымліваецца адваротны эфект.

Чысціня думак, слоў і чысціня сэрца з’яўляюцца складнікамі сапраўднага шчасця. Шчаслівы чалавек ніколі не абмаўляе, не зайздросціць і не жадае зла іншаму. Ён адчувае шчырую радасць за сваіх сяброў і блізкіх. А, зачапіўшыся языком са знаёмымі, знаходзіць безліч станоўчых тэм для размовы.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *