Рэха вайны

Людмила Рыбик

Сёлета наша краіна адзначае 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падумаць толькі – прайшло восем дзясяткаў год з тых пор, калі родная зямля ўздыхнула. Не, не з палёгкай, — бо трэба было залечваць раны, аднаўляць народную гаспадарку, па-новаму будаваць жыццё, — са слязьмі на вачах. Радасць ад заканчэння вайны і смутак ад страт назаўсёды ўпячатаўся ў свядомасці беларусаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны мы страцілі кожнага трэцяга суайчынніка.

Лічбы гавораць самі за сябе: згодна са звесткамі Дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў, здзейсненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, загінула каля 1800 жыхароў Ашмяншчыны. Яшчэ каля 9 тысяч чалавек былі вывезены ў Германію на прымусовыя працы. І гэта пры тым, што да вайны ў Ашмянах пражывала крыху больш за 8,5 тысячы чалавек. Атрымліваецца, наш раён страціў насельніцтва цэлага горада.

Сілы і вытрымка дапамаглі нашым дзядулям і бабулям у складаны пасляваенны перыяд. Яны толькі-толькі вярнуліся з акопаў, партызанскіх зямлянак – і ўзяліся за стваральную працу. Загартаваныя ў баях, ветэраны арганізоўвалі калгасы, будавалі жыллё і сацыяльныя аб’екты, стаялі ля станкоў, вучылі дзяцей – дбалі пра дабрабыт.

Паводле звестак у кнізе “Памяць”, у канцы 1950-х гадоў у раёне было 3987 удзельнікаў вайны. Трэцяе тысячагоддзе сустрэлі 296 ветэранаў, сёння, на жаль, у нас засталася толькі памяць пра герояў, якія абаранялі родную зямлю, здабывалі свабоду. Апошні на Ашмяншчыне ветэран Вялікай Айчыннай вайны Станіслаў Юльянавіч Бралкоўскі сёлета пайшоў з жыцця. Жудасныя карціны вайны ўзгадваюць у сваіх успамінах вязні фашысцкіх лагераў Васіль Кірылавіч Жаўняк і Марыя Ягораўна Селядцова.

Прыклады самаахвярнасці і гераізму, складанага маральнага выбару і неверагоднай мужнасці адлюстроўваюць мастацкія творы і кінастужкі. Адзін з апошніх беларускіх кінафільмаў “Час вярнуцца” прысвечаны ўнікальнай аперацыі беларускіх партызанаў. Не ведаю, як іншыя, а я, перагортваючы старонкі або пераглядаючы кадры любой ваенна-гістарычнай драмы, кожны раз стаўлю сябе на месца герояў: ці змагла б я так, як Рыта Асяніна ці Жэня Камелькова з аповесці Барыса Васільева “А зори здесь тихие…». Ведаю толькі адно: урокі ваеннага ліхалецця каштавалі беларусам вельмі дорага, і мы абавязаны памятаць іх, каб ніколі не паўтарылася фашысцкая навала.

Нездарма ў 2021 годзе Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Устанаўліваюцца новыя месцы і сведкі злачынстваў нацыстаў, якія лютавалі, катавалі, знішчалі.

Рэха вайны адгукаецца і сёння.

Людміла РЫБІК, дэпутат Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *