50 год у шлюбе. Сям’я Мірановіч і яе сакрэт трывалых адносін

Общество

Каханне. Пра гэта светлае і чыстае пачуццё складаюць песні і вершы. Яно стымулюе, дорыць натхненне і жыццёвыя сілы. Без яго адносіны паміж мужчынам і жанчынай не будуць паўнавартаснымі і працяглымі, бо каханне з’яўляецца фундаментам адносін, жыццядайнай сілай, якая дапамагае перажываць складаныя моманты і крызісы. У гэтым упэўнены Сцяпан і Рэгіна Мірановіч, якія ў канцы красавіка адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця.

З’яднала праца

Сцяпан Рыгоравіч добра памятае той дзень, калі ён упершыню пераступіў парог Ашмянскага дражджавога завода. Малады спецыяліст тады толькі скончыў Маладзечанскі політэхнічны тэхнікум. Новы горад, новыя людзі, новы статус — усё было для юнака нязвыклым і чужым. Пасада галоўнага механіка патрабавала грунтоўных ведаў і адказнасці. Аднак малады спецыяліст з першых дзён зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку. Пакрысе сталі з’яўляцца сябры і новыя знаёмыя, а працоўнае жыццё ўвайшло ў звыклую каляіну. Малады і энергічны юнак выклікаў сімпатыю ў дзяўчат, што працавалі на прадпрыемстве. Аднак ён да ўвагі супрацьлеглага полу адносіўся спакойна. Доўга ніхто з прыгажунь не мог дакрануцца да сэрца хлопца, зачапіць за жывое. Але ў адной дзяўчыны з прадпрыемства ўсё ж атрымалася зламаць сцяну раўнадушша і абыякавасці. Гэтай дзяўчынай аказалася Рэгіна, якая працавала зменным хімікам. Акуратная і адказная, яна прыцягнула ўвагу да сябе, завалодала думкамі і сэрцам маладога чалавека. Рэгіна і Сцяпан усюды былі разам: на экскурсіях, вечарынах моладзі, гарадскіх святах. Праз год адносін Сцяпан прапанаваў Рэгіне стаць яго жонкай. Дзяўчына без ваганняў згадзілася.

20 красавіка 1974 года маладыя людзі ажаніліся. У гэты дзень не было вялікай колькасці гасцей, пышнага вяселля і шлюбнага картэжу. Аднак было адчуванне сапраўднага шчасця і гармоніі. Сцяпан і Рэгіна перажывалі шчырую радасць ад таго, што цяпер іх лёсы назаўсёды знітаваны.

Крокі ў новае жыццё

Цяжка, вельмі цяжка будаваць новае жыццё, па драбнічках збіраць веды і жыццёвы вопыт. Першыя тры гады маладая сямейная пара жыла на здымнай кватэры. Рэгіна Анатольеўна прыклала жаночую руку і зрабіла жыллё прыгожым і ўтульным. У 1976 годзе ў сям’і адбылася доўгачаканая падзея — на свет з’явілася дачка Людміла. Маладыя бацькі атулялі немаўля любоўю і апекай, давалі дачушцы ўсё самае лепшае. У 1977 годзе сям’я атрымала кватэру на вуліцы Чырвонаармейскай. Сцяпан Рыгоравіч з веданнем справы падышоў да рамонту. Рэгіна Анатольеўна займалася выбарам мэблі, фіранак, імкнучыся зрабіць сямейнае гняздо не толькі камфортным, але і прывабным у эстэтычным плане. Час ішоў хутка, Люда стала першакласніцай, дарослай і разважлівай дзяўчынкай. Старанна і адказна яна адносілася да вучобы і сваіх абавязкаў. Бацькі ганарыліся дачушкай. У 1982 годзе на свет з’явіўся сын Максім, які напоўніў размераны сямейны быт новымі клопатамі. Выхаванне дзяцей было ўскладзена выключна на плечы бацькоў, бо бабулі і дзядулі жылі на вялікай адлегласці і не маглі аказваць дапамогу. Маладыя бацькі навучыліся размяркоўваць абавязкі, наладзілі штодзённы быт. З цягам часу Рэгіна Анатольеўна стала задумвацца над уласным агародам і домікам у вёсцы. Тады было вырашана, што сям’і патрэбна лецішча. Сям’я набыла невялікі надзел зямлі ў садовым таварыстве, дзе гаспадар пасля сваімі рукамі збудаваў драўляны домік. Гаспадыня ж разбіла агарод з духмянымі гурочкамі, таматамі, буракамі і морквай. Гэтая справа цалкам захапіла Рэгіну Мірановіч, якая і сёння ўвесь вольны час праводзіць на лецішчы.

Плён сямейнага жыцця

Сваркі, крыўды, непаразуменне — усе гэтыя рэчы бываюць у кожнай сям’і. Не ўсе пары спраўляюцца з крызіснымі момантамі, людзі па-рознаму рэагуюць на складаныя жыццёвыя сітуацыі. Сцяпан і Рэгіна ўсе спрэчныя пытанні вырашалі праз дыялог. Кожны канфлікт быў маленькім урокам для пары, а кожны негатыўны момант — нагодай задумацца над жыццём. Так жыць і будаваць адносіны яны вучылі і сваіх дзяцей, якія з цягам часу стварылі ўласныя сем’і, парадавалі бацькоў доўгачаканымі ўнукамі. Старэйшаму, Сяргею, зараз 24 гады. Ён скончыў універсітэт, адслужыў у войску, працуе ў навукова-даследчым інстытуце. Унучка Арына вучыцца на юрыдычным факультэце БДУ, а малодшы, Сцяпан, — у 7 класе СШ № 3. Малодшага сына бацькі назвалі ў гонар дзядулі. Суседзі і знаёмыя заўважаюць, што дзеці і ўнукі з асаблівай пашанай адносяцца да Сцяпана і Рэгіны. Яны прыязджаюць на Чырвонаармейскую не толькі па вялікіх святах, але і без бачных нагод. Рэгіна Анатольеўна накрывае багаты стол, на якім заўсёды ёсць цэпеліны. Гэтая страва з’яўляецца візітнай карткай гаспадыні. А пасля маладое пакаленне дзеліцца сваімі поспехамі. На 50-гадовы юбілей вялікая сям’я сабралася ў поўным складзе. Сцяпан і Рэгіна атрымалі вялікую колькасць віншаванняў, пачулі шмат цёплых слоў.

Сцяпан Рыгоравіч адзначае, што праверанага рэцэпта сямейнага шчасця няма, аднак без даверу, узаемадапамогі, павагі і вернасці сям’я доўга не зможа існаваць. Мужчына жартам адзначае, што праверку на вернасць ён прайшоў: сорак год адпрацаваў на адным месцы, маючы толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы, і пяцьдзясят год пражыў у шлюбе з каханай жонкай.

Зараз Сцяпан і Рэгіна заклапочаны лёсам сваіх унукаў: ім хочацца, каб старэйшы ўнук ажаніўся, унучка атрымала доўгачаканы дыплом, а малодшы вызначыўся з прафесійным шляхам. Аднак самае галоўнае, каб Сяргей, Арына і Сцяпан сталі добрымі людзьмі, адкрытымі і чулымі на патрэбы іншых, бо без дабрыні, спагады, чалавечнасці ўсё траціць сэнс.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *