Ва ўсе часы бусел лічыўся птушкай міру, яго атаясамлівалі з жыццём. Нашы продкі меркавалі, што ў тых месцах, дзе зробіць гняздо бусел, заўсёды будзе панаваць спакой і гармонія. І сёння буслы з’яўляюцца чаканымі гасцямі ў кожнай вёсцы.
У Міхайлоўшчыне буслы жывуць у сяброўстве з жыхарамі. Грацыёзных птахаў можна заўважыць паўсюль: яны адважна прагульваюцца па вуліцах, асвойваюць электрычныя слупы і верхавіны дрэў. Пара буслоў аблюбавала адзін са слупоў, што знаходзіцца непадалёк ад мясцовага клуба. Штодня буслы прыляталі на гэтае месца. Відаць, што менавіта тут хацелі зрабіць гняздо. Стараста вёскі Наталля Копач штодня назірала за птушкамі, а пасля вырашыла дапамагчы ўладкавацца крылатым суседзям. Жанчына звярнулася ў Ашмянскія электрычныя сеткі. Яе ініцыятыва атрымала водгук. У хуткім часе прыехалі спецыялісты і ўстанавілі гняздо.
— Я бачыла, што птушкам падабаецца гэта месца. Хацелася ім дапамагчы. Чула, што супрацоўнікі электрычных сетак займаюцца ўстаноўкай каркасаў для буслянак, таму вырашыла звярнуцца за дапамогай. Прыемна, што адрэагавалі вельмі хутка. Пара буслоў ужо актыўна займаецца ўпарадкаваннем свайго новага жылля. Сімвалічным стала і тое, што жыллё для птушак з’явілася акурат напярэдадні Дня Перамогі. Крылатыя сябры стануць для нас сапраўдным напамінам аб тым, што мір і дабрабыт — галоўныя каштоўнасці беларусаў, — адзначыла стараста вёскі.
Марта БАГДАНОВІЧ.