Да рэспубліканскага суботніку далучыліся прафсаюзныя арганізацыі Ашмянскага раёна

События

Вясна – час садзіць дрэвы. Трэба паспець злавіць момант, пакуль глеба яшчэ насычана вільгаццю. А тут і нагода добрая: у раёне праходзіць месячнік па санітарнай ачыстцы і навядзенні парадку на зямлі, а таксама аб’яўлены рэспубліканскі суботнік.

Разам са старшынямі райкамаў прафсаюза работнікаў АПК – Раісай Турлай і прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – Аляксеем Дэрвісам актывісты прафсаюзнага руху ўстаноў адукацыі, вучні гімназіі №1 і работнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адсаджвалі дрэўцы ў зялёных зонах горада: там, дзе саджанцы высахлі, не вытрымалі зімовай сцюжы ці сустрэліся з людскім злосным намерам.

– Больш за сто ліпаў, клёнаў і рабін, якія выдзеліў для пасадкі Смаргонскі лясгас, “паселяцца” на сталае месца жыхарства ля стадыёна фізкультурна-аздараўленчага комплексу, а таксама на зялёнай паласе, што вядзе ад маста праз Ашмянку да будынка раённай бальніцы, – адзначыў Аляксей Дэрвіс. – Новыя дрэўцы – гэта новае жыццё, якое з нашай дапамогай зробіць Ашмяны яшчэ больш утульнымі і прыгожымі. Кожны саджанец мы клапатліва падвязваем, каб адчуваў ён сябе ўпэўнена і не скарыўся ветру. Будзем спадзявацца, што ўсе яны прыжывуцца і парадуюць нас пышнай зелянінай.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *