23 сакавіка распачалася рэспубліканская акцыя «Аднавiм лясы разам!», прысвечаная Году якасці. У нялёгкай рабоце пасадак елак і вольхаў каля вёскі Малынішкі на гэтым тыдні лесаводам з Будзёнаўкі дапамагала новая лесапасадачная машына МЛП-1.
Падчас іспытаў машына паказала нядрэнныя вынікі: за тры гадзіны маладымі дрэвамі было засаджана 0,3 гектара. Для параўнання: тры чалавекі на такой жа плошчы працавалі б поўны працоўны дзень.
– У гэтым годзе пад новыя лясы нашаму лясніцтву выдзелена прыблізна 50 гектараў зямлі, – расказаў ляснічы Будзёнаўскага лясніцтва Дзмітрый Крыжэвіч, – з іх амаль 35 мы будзем засаджаваць з дапамогай пасадачнай машыны. На жаль, працаваць яна можа не на ўсіх участках, а толькі на тых, якія выйшлі з сельгасгаспадарання.
З машынай працуюць чатыры чалавекі: трактарыст Валерый Лычкоўскі, аператар Андрэй Ляхоўскі, апраўшчык Віталій Граблеўскі і сарціроўшчык Антон Дрэма. За працэсам лесапасадкі ўважліва сочыць інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі Смаргонскага вопытнага лясгаса Анастасія Новік.
Удзел у акцыі на мінулым тыдні прынялі супрацоўнікі Ашмянскай мытні. На гэтым тыдні з аднаўленнем лясоў будзёнаўскім лесаводам будзе дапамагаць Дэпартамент аховы. Акрамя таго, ужо ёсць дамова з Крэйванцаўскай базавай і Мураванаашмянкоўскай сярэдняй школамі.
Акцыя «Аднавiм лясы разам!» працягнецца да 20 красавіка і прыняць у ёй удзел можа кожны жадаючы.
Антон МАЛЬШЭЎСКІ.
Фота аўтара.