З 7 сакавіка ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф. К. Багушэвіча праходзіць выстава акварэляў і графічных работ дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэміка Аляксандра Лакоткі. «Свет пад назвай Беларусь» – пад такой патрыятычнай і адначасова лірычнай назвай у сценах нашага музея на непрацяглы час (выстава будзе працаваць да 14 красавіка) аб’яднаны некалькі дзясяткаў надзвычай цёплых і лёгкіх для ўспрымання работ.
Падчас сустрэчы з аўтарам выставы – архітэктарам, доктарам архітэктуры, доктарам гістарычных навук, прафесарам, акадэмікам НАН Беларусі, заслужаным дзеячам навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» Аляксандрам Лакоткам – загадчык сектара культуры райвыканкама Вольга Барысенка-Рабко вельмі трапна заўважыла, што разам з выставай шаноўнага мастака да нас у Ашмяны завітала вясна. І з гэтым нельга не пагадзіцца, бо ў акварэлях Аляксандра Іванавіча пераважаюць светлыя, ледзьве ўлоўныя веснавыя фарбы і адценні, якія даюць пейзажам эмацыйную дынаміку, характэрную менавіта для гэтай пары года.
На выставе ў Ашмянах прадстаўлены работы аўтара апошніх гадоў, якія адлюстроўваюць яркі каларыт прыроды і паглыбляюць у абшары беларускай зямлі. Утульна ва ўлонні прыроды глядзяцца двары і вуліцы традыцыйнай вёскі, мілыя сэрцу краявіды прымушаюць мацней біцца сэрца.
Графічныя работы прысвечаны Беларускаму дзяржаўнаму музею народнай архітэктуры і побыту, над стварэннем якога аўтар працаваў шмат гадоў. Тут сабраны свежыя замалёўкі ўзораў народна-традыцыйнага дойлідства Міншчыны, Паазер’я і Падняпроўя. Аўтар дасканала перадаў пачуццё маштабу, прапорцый, фактуры старога дрэва, пранікнёна захаваных народнымі дойлідамі ў старадаўніх цэрквах, дварах і сядзібах, ветраках і іншых будынках, якія спрадвеку фарміравалі асяроддзе пражывання селяніна-хлебароба.
Падчас зладжанай у музеі сустрэчы Аляксандр Лакотка расказаў, што займаецца жывапісам і графікай больш за пяцьдзясят гадоў. Ён працаваў у галіне рэстаўрацыі помнікаў беларускай архітэктуры, вёў шматгадовыя навуковыя даследаванні ў галіне аховы нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця айчыннай культуры і мастацтва. Вынікам яго даследаваннях сталі кнігі, альбомы і шматлікія артыкулы па гэтай праблематыцы. Некаторыя з іх былі прадстаўлены на выставе і, трэба адзначыць, карысталіся сярод наведвальнікаў не меншай папулярнасцю, чым жывапісныя працы.
У Ашмянах Аляксанра Іванавіча і яго работы прымалі з цеплынёй і шчырасцю. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Карповіч выказаў падзяку аўтару за магчымасць наведаць наш горад і падзяліцца з ашмянцамі сваёй творчасцю.
– Вялікі дзякуй вам за ўменне схапіць сутнасць беларускай прыроды і данесці праз жывапіс адметнасці нашай нацыі. Сваёй творчасцю вы садзейнічаеце захаванню гісторыка-архітэктурнай спадчыны і прывіваеце павагу і любоў да родных каранёў, – адзначыў Юрый Карповіч.
Да шматлікіх слоў удзячнасці шаноўнаму творцу далучыліся госці – унучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч (калега Аляксандра Лакоткі па Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры), вядомы беларускі фотамастак Юрый Іваноў, жонка Аляксандра Іванавіча Святлана Лакотка. Падзяку за неверагоднае падарожжа і яркія ўражанні выказалі і ашмянцы: мастак Уладзімір Бізюк, краязнаўцы, аматары фатаграфіі Тамара Філіповіч і Валянціна Лабуніна, дырэктар Ашмянскага краязнаўчага музея Настасся Навіцкая, педагог і фотамайстар Алена Апанэль, а таксама наведвальнікі аддзялення для пажылых грамадзян Ашмянскага ТЦСАН.
Творчую і ўзвышаную атмасферу дапоўніла настаўнік па класу скрыпкі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Асмольская.
Напрыканцы сустрэчы наведвальнікі маглі паглыбіцца ў работы мастака і паспрабаваць дакрануцца да загадак і таямніц яго творчасці.
Аліна САНЮК.
Фота аўтара.