Вандруем па музеях. Этнаграфічная музейная кампазіцыя “Беларуская хатка”

Культура

Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры размяшчаецца ў самым цэнтры горада. Час ад часу можна заўважыць, як школьнікі разам са сваімі настаўнікамі ідуць сюды. Гэта і не дзіўна – у аддзеле ёсць чаму павучыцца і на што паглядзець. З 2015 года гасцей  сустракае этнаграфічная музейная кампазіцыя “Беларуская хатка”. Калі трапляеш сюды, здаецца, пераносішся на машыне часу на шмат дзесяцігоддзяў таму. Маслабойкі, кросны, прасы на вуголлях, вышываныя абрусы і рушнікі – вочы разбягаюцца ад разнастайнасці экспазіцыі. Кожны экспанат мае ўнікальную гісторыю і яшчэ зберагае цяпло рук сваіх гаспадароў, якія калісьці перадалі сюды каштоўныя рэчы. У цэнтры этнаграфічнага пакоя сядзіць гаспадар у важнай паставе. Руплівымі рукамі працаўнікоў аддзела калісьці быў створаны гэты шэдэўр. Загадчыца аддзела Валянціна Свірская сама праводзіць экскурсіі для наведвальнікаў, расказвае пра побыт нашых продкаў.

— Музейная кампазіцыя змяшчае 120 экспанатаў. Пачыналі збіраць мы іх па драбніцах. У экспазіцыю ўвайшлі рэчы маіх бацькоў, свекрыві. Прыносілі экспанаты і мае аднавяскоўцы. Людзі хочуць, каб памяць аб іх продках жыла, — адзначае Валянціна Казіміраўна.

У 1998 годзе Валянціна Свірская прыйшла ў сферу культуры. Тады яна зразумела адну акалічнасць – вельмі важна захоўваць свае традыцыі, перадаваць іх з пакалення ў пакаленне. Працуючы ў Палянах, жанчына пераняла ад сваёй пляменніцы Наталлі Мазь навык пляцення з саломкі, стварыла першыя саламяныя працы, а пасля арганізавала гурток. Да справы далучылася і сям’я. Мама нарыхтоўвала салому, муж вырашаў пытанні па тэхнічнай частцы. Андрэй, Настасся і Аляксей таксама дапамагалі матулі ў гэтай справе. Атрымалася, што Валянціна Казіміраўна далучыла да творчасці ўсю сям’ю.

— У другой зале размяшчаецца шмат маіх вырабаў з саломы. Конікі, кветкі, столік – гэта і многае іншае я зрабіла сваімі рукамі. Другі пакой поўніцца вырабамі нашых майстроў: беларускімі лялькамі, кошыкамі, вязанымі цацкамі, папяровымі вырабамі.

Аднак самым цікавым для наведвальнікаў з’яўляецца трэці пакой. Тут размяшчаюцца кросны. Валянціна Казіміраўна, праводзячы экскурсію, сама сядае за кросны, дэманструе тэхналогію ткацтва. А пасля запрашае самых смелых экскурсантаў паспрабаваць свае сілы ў спрадвечным занятку. Можна бясконца назіраць за тым, як увішна і хутка Валянціна Свірская працуе за кроснамі. Адразу напрошваюцца багдановічаўскія радкі “і тчэ, забыўшыся, рука”. Майстар сцвярджае, што ткаць можна навучыць любога чалавека, толькі першы час варта ім крыху “пакіраваць”.

Найбольшай папулярнасцю ў наведвальнікаў карыстаецца экскурсія “Спадчына маіх бацькоў”. Для некаторых наведвальнікаў праводзіцца скарочаная інтэрактыўная экскурсія “Падарожжа ў беларускую хатку”. Экскурсанты заўсёды атрымліваюць сапраўдную асалоду і задавальненне ад экспазіцыі, якая вяртае ў мінулае, дапамагае наблізіцца да каранёў, узгадаць аб уласнай самаідэнтыфікацыі.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *