Чарговая перамога ашмянцаў на “Каляднай зорцы”

Образование

Ашмянскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі ў чарговы раз — сярод пераможцаў рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”.

Падрыхтоўка да ўдзелу ў рэспубліканскім этапе выставы-конкурсу пачалася задоўга да Каляд і Новага года.

Работа навучэнцаў Аляксандры Міхневіч і Арцёма Суровіча атрымала дыплом 1 ступені абласнога этапу конкурсу ў намінацыі “Ёлачная цацка”, навагодні персанаж у выкананні Ксеніі Міхневіч стаў дыпламантам 2 ступені абласнога этапу конкурсу. А вось работы навучэнак узорнай студыі “Чароўны куфэрак” Дзіяны Капачэўскай, Веранікі Гайдановіч і Паліны Селятыцкай сталі пераможцамі не толькі абласнога этапу конкурсу, але і рэспубліканскага.

Касцюм Дракона ў выкананні Веранікі Гайдановіч і Паліны Селятыцкай, які яны стварылі пад кіраўніцтвам педагогаў Наталлі Вайцяхоўскай і Тамары Кетрыс, атрымаў дыплом 1 ступені. А кот-калядоўшчык Дзіяны Капачэўскай, якога яна выканала разам з кіраўніком Наталіяй Ромаш, заняў 2 месца ў рэспубліцы.

Усяго на выставу-конкурс было прадстаўлена больш за 9000 дзіцячых работ. Па выніках конкурсу выдадзены каляровы зборнік “Калядная зорка”, у якім размешчаны фотаздымкі лепшых работ. Работы навучэнцаў Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі  амаль кожны год, пачынаючы з 2013-га, станавіліся пераможцамі рэспубліканскага этапу конкурсу.

Ашмянскім майстрам дэкаратыўна-прыкладной творчасці не займаць творчай фантазіі, адданасці справе і натхнення.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *