Атрад зімняга маршруту “Азімыя” наведаў Ашмянскі раён

Образование

Памяць – гэта тое, што аб’ядноўвае цэлыя пакаленні, дапамагае адчуць повязь з нашымі продкамі. Гэты год з’яўляецца асаблівым для нашай краіны – Беларусь адзначае 80 год з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтай нагоды на тэрыторыі ўсёй краіны праводзяцца адмысловыя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце. На базе Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта арганізаваны атрад зімняга маршруту “Азімыя” імя І.Д. Лебедзева.

Удзельнікі атрада прымаюць удзел у рэалізацыі рэспубліканскага патрыятычнага праекта БРСМ “Зімні маршрут”. Яны наведваюць установы адукацыі Гродзенскай вобласці, праводзяць патрыятычныя канцэрты, займаюцца добраўпарадкаваннем помнікаў. За спінай маладых людзей – безліч населеных пунктаў. Днямі ўдзельнікі патрыятычнага маршруту завіталі ў Ашмянскі раён. Першым пунктам дыслакацыі стаў аграгарадок Гальшаны. Спачатку актывісты ўшанавалі памяць продкаў ля помніка ў цэнтры мястэчка, а пасля накіраваліся ва ўстанову адукацыі. Яны падрыхтавалі для школьнікаў займальную праграму. Разам з малодшымі школьнікамі студэнты зрабілі адмысловыя паштоўкі, са старэйшымі – правялі цікавыя вопыты. Канцэртная праграма стала яркім дапаўненнем сустрэчы. Вучні правялі для студэнтаў экскурсію ў народным гісторыка-краязнаўчым музеі імя Э.С. Корзуна. Навучэнцы аграрнага ўніверсітэта даведаліся цікавыя факты пра абарону Гальшан і навакольных вёсак у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Наступным пунктам “Зімняга маршруту” стала Навасёлкаўская сярэдняя школа. Тут удзельнікаў атрада віталі навучэнцы і адміністрацыя навучальнай установы. Прыйшла на сустрэчу са студэнтамі і Юлія Субач, першы сакратар райкама ГА “БРСМ”. Яна прывітала прысутных, падзякавала студэнтам за іх ініцыятыву, пажадала правесці час з карысцю. Студэнты разам з вучнямі ўсклалі кветкі каля помніка, а пасля парадавалі школьнікаў традыцыйнай канцэртнай праграмай і правялі майстар-класы. Частка студэнтаў накіравалася ў вёску Олькавічы, каб аказаць дапамогу Тарэсе Браніславаўне Чаплінскай, ветэрану працы. Дзевяностагадовая жыхарка шчыра вітала валанцёраў і дзякавала ім за аказаную дапамогу. Далей атрад накіруецца ў суседні Смаргонскі раён, каб працягваць рабіць добрыя справы.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *