Семінар па гуманітарных праектах прайшоў у Гальшанах

Образование

Гуманітарныя праекты ў наш час карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Дзякуючы ўдзелу ў такіх праектах школы, дзіцячыя садкі, цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і іншыя арганізацыі могуць пашырыць матэрыяльную базу, стварыць неабходныя ўмовы для належнага функцыянавання. На базе Гальшанскай сярэдняй школы прайшоў семінар па гуманітарных праектах, у якім прынялі ўдзел госці са Смаргоні. Гальшанская школа была выбрана нездарма – на працягу некалькіх год тут рэалізуюцца шматлікія праекты, установа наладзіла плённае супрацоўніцтва ў розных накірунках.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася Святлана Баркоўская, начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама. Яна пажадала ўдзельнікам семінара плённай працы, а таксама абазначыла асноўныя пытанні, якія павінны быць разгледжаны. Дырэктар школы Марына Гайдукевіч расказала аб вопыце ўдзелу ў гуманітарных праектах. Дзякуючы спонсарскай падтрымцы школа набыла каштоўны вопыт па вырошчванні гародніны і кветак. Такі старт дапамог установе арганізаваць уласную бізнес-кампанію “Квецень”.  І тэхнічны персанал, і навучэнцы, і педагогі актыўна ўдзельнічаюць у развіцці школьнага бізнесу. Марына Віктараўна адзначыла, што ўстанова адукацыі наладзіла плённае супрацоўніцтва з Чырвоным Крыжам. У Гальшанах ідзе актыўная прапаганда здаровага ладу жыцця. Некалькі гадоў таму на спонсарскія грошы былі закуплены сучасныя веласіпеды, а таксама арганізавана невялічкая трэнажорная зала. Жыхары аграгарадка з задавальненнем далучыліся да спорту і здаровага ладу жыцця.

Аб сваім вопыце ўдзелу ў гуманітарных праектах расказала і Алена Апанэль, намеснік дырэктара СШ № 2 г. Ашмяны. Працяглы час на базе ўстановы дзейнічае фотастудыя “POZITIV”, кіраўніком якой з’яўляецца Алена Іванаўна. Студыйнае абсталяванне, прафесійнае святло, аб’ектывы і фотаапараты – усё гэта патрабуе вялікіх выдаткаў. Карпарацыя па атамнай энергіі “Росатом” выдзеліла фінансавую дапамогу.  Гэта дапамагло набыць абсталяванне для фотастудыі.

На сустрэчы прысутнічала Лілія Невяркевіч, дырэктар Ашмянскага ТЦСАН. Яна адзначыла, што цэнтру аказваецца грунтоўная дапамога і ён супрацоўнічае з рознымі арганізацыямі. Дабрачынная арганізацыя CARITAS аказвае адчувальную дапамогу, дзякуючы якой цэнтр атрымаў мэблю, адзенне і абутак для патрабуючых, інвентар. Супрацоўнікі карэкцыйнага цэнтра падзяліліся сваім вопытам удзелу ў гуманітарных праектах, адзначылі планы на перспектыву. Пасля для гасцей была арганізавана невялічкая экскурсія па ўстанове.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *