Цярністы шлях да свабоды

Общество

З пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя у некаторых дзяржавах прыкмеціліся трывожныя тэндэнцыі да ўзнікнення фашысцкіх ці прафашысцкіх партый, якія ірваліся да ўлады.
Былі і краіны, дзе ўсталяваліся буржуазна-дэмакратычныя рэспублікі. Але ім не пашчасціла. Сусветны эканамічны крызіс пачатку 30-х гадоў змёў рэдкія рэформы на карысць народа, і хутка іх урады пачалі шукаць супрацоўніцтва з фашысцкай Германіяй, якая ў той час набірала моц дзякуючы ваенізаванай палітыцы. Такія намеры перш за ўсё білі па мясцоваму насельніцтву: з ім ніколі не лічыліся таталітарныя дыктатуры. Так было і ў бліжэйшай да нас Польшчы.

1939 год. Прадстаўнік савецкай ўлады на вызваленай тэрыторыі віншуе сялян з атрыманнем зямлі, якая раней належала пану

Яшчэ пры Пілсудскім Другая Рэч Паспалітая адчула на сабе моцнае ўздзеянне разбуральнага эканамічнага крызісу. Нават у 1937 годзе Польшча па паказчыках у розных галінах не магла вярнуцца да ўзроўню 1928 года. Эканаміст прафесар Грабскі канстатаваў: “Польшча пабіла сусветны рэкорд па жабрацтву і ўпадку прамысловасці, маючы больш нізкія паказчыкі па вытворчасці, грашоваму абароту, чым нават такія краіны, як Балгарыя і Літва”. У 1935 годзе памёр Пілсудскі, і яго пост заняў Эдвард Рыдз-Сміглы, у мінулым актыўны ўдзельнік паходаў на “крэсы ўсходнія” 1918-1920 гг., падчас якіх прымаў удзел у заняцці польскімі войскамі Вільна, Кіева, Гродна, Ліды… Ці мог прадстаўнік ваеннай клікі з імперскімі апетытамі мець здольнасці да дзяржаўнага кіравання па прынцыпах гуманізму і салідарнасці з народам? Зразумела, што не. Наадварот, у другой палове 30-х гадоў у Польшчы ўзмацнілася нарошчванне ўзбраення для арміі, праследаваліся іншадумцы, расло беспрацоўе і забастоўкі рабочых.

На гэтым фоне абвастрыліся праблемы ў вёсцы. Сяляне-беднякі і нават сераднякі, каб на нешта пражыць, уплаціўшы шматлікія падаткі, пачалі закладаць і перазакладаць свае падзелы. Павялічылася колькасць беззямельных і малазямельных сялян, узрастала іх фінансавая запазычанасць: яны бралі шмат крэдытаў, прычым дзве трэці з іх выдаваліся ім пад надзвычай высокія працэнты. У сельскай гаспадарцы назіралася няўхільнае падзенне ўраджайнасці, нават калі плошчы пасеваў не змяншаліся, ураджай толькі жыта, напрыклад, знізіўся з 71 млн цэнтнераў у 1933 годзе да 64 млн у 1936-м. А ў 1937 годзе ўраджай чакаўся яшчэ меншы, у чым афіцыйная прэса абвінавачвала “стыхійныя няшчасці”, баючыся ўзгадваць пра сапраўдныя прычыны гэтага: усебаковы заняпад гаспадаркі ў выніку аграрнага крызісу і збяднення вёскі.

Але сяляне не маўчалі, вялі барацьбу за чалавечую годнасць і лепшае жыццё. Такія навіны ўсё часцей траплялі на перадавыя палосы газет суседніх краін. Так, адна з газет БССР “Калгасны шлях” у артыкуле А. Сакалоўскага пісала ў лістападзе 1937 года: “На працягу апошніх пяці год амаль штогод адбываліся ў тых ці іншых месцах буйныя сельскія паўстанні. Следам за паўстаннем у 1930 годзе ў Заходняй Украіне адбыліся вялікія сялянскія выступленні ў Заходняй Беларусі.

Што датычыцца тагачаснай Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі, тут трэба адзначыць, што Рыжскі мірны дагавор гарантаваў насельніцтву гэтых тэрыторый, увайшоўшых у склад Польшчы, захаванне яго нацыянальных і іншых правоў. Але Польшча ігнаравала гэтыя пункты дагавора, пераконваючы беларусаў і ўкраінцаў, што яны ўжо палякі і ніякіх асаблівых правоў ім тут не належыць. У краіне дзейнічалі і іншыя сілы, якія наогул не жадалі прысутнасці ў ёй беларусаў і ўкраінцаў, вялі барацьбу за іх знішчэнне.

Вольга РУСАКОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *