Людзі з абмежаванымі магчымасцямі — гэтых слоў часам вельмі баіцца грамадства, стараючыся абмінаць дадзеную тэму. Аднак асобы, якія маюць праблемы са здароўем, жывуць побач, яны таксама ўмеюць захапляцца жыццём, любіць, цешыцца ўздымам і перажываць з-за падзенняў.
Каб паказаць сацыяльную значнасць такіх людзей, іх унікальнасць, талент і шматбаковасць, у Гродзенскай вобласці трэці год запар праводзіцца акцыя “Разные равно равные”.
У акцыі прымаюць удзел дзеці-інваліды, надзеленыя талентамі і творчымі здольнасцямі. Мінулыя гады выявілі таленавітых мастакоў і фатографаў, у гэтым годзе акцэнт зроблены на літаратуру. Юныя літаратары прадставілі казкі, апавяданні і вершы, якія не маглі не закрануць сэрцы чытачоў. Творы ахопліваюць шырокае кола розных тэм: сям’я, прырода, родны край, узаемаадносіны ў грамадстве, мары і планы. Вершы, казкі і апавяданні былі сабраны ў зборнік «Разные равно равные», які выйшаў невялікім накладам — 130 асобнікаў, а аўтарскі калектыў склаў 108 чалавек. Напярэдадні Дня інваліда зборнік прэзентуецца ў Гродна і рэгіёне.
30 лістапада таленавітыя дзеці з Іўя, Смаргоні, Астраўца і Ашмян, чые творы ўключаны ў зборнік, сабраліся на прэзентацыю, якая праводзілася на базе гімназіі № 1 г. Ашмяны. Узрост удзельнікаў — ад сямі да сямнаццаці год. Усе дзеці розныя па ўзросце, інтарэсах, аднак аб’яднаны шчырым замілаваннем да літаратуры. На сустрэчу было запрошана сямнаццаць чалавек. З прывітальным словам да прысутных звярнулася Алена Анатольеўна Федарэнка, дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і выхавання. Яна павіншавала прысутных з важнай у іх жыцці падзеяй — выхадам у свет кнігі з іх першай у жыцці літаратурнай спробай. Алена Анатольеўна пажадала не спыняцца на дасягнутым, рухацца і развівацца, а пасля ўручыла маленькім аўтарам зборнікі. Прыемным з’яўляецца і той факт, што школьнікі з Ашмян таксама прынялі ўдзел у акцыі. Наш раён прадставіў Антон Станкевіч, вучань СШ № 3 г. Ашмяны. Свой верш ён прысвяціў самаму дарагому ў жыцці чалавеку — маме.
На прэзентацыю была запрошана Марта Мацкевіч, якая расказала пра свой паэтычны шлях, прачытала вершы і падарыла прысутным свае кнігі. Аніматары стваралі добры настрой на працягу ўсяго мерапрыемства, а гарбата з прысмакамі дала адчуванне еднасці. Бацькі з захапленнем назіралі за сваімі дзецьмі, радаваліся іх першым крокам і ганарыліся дасягненнямі.
Абласная акцыя на гэтым не заканчваецца. Творчыя сустрэчы адбыліся ў Гродне, Лідзе, адбудзецца і ў Ваўкавыску. Дадзеная акцыя дала зразумець, што людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, маюць неабмежаваныя творчыя здольнасці, вялікі запал і невычэрпную любоў да свету.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.
Здравствуйте,может есть ещё фото с мероприятия?
Есть, напишите на почту oshvest@osh.by