Тры паверхі і падвальнае памяшканне ўжо амаль што гатовы для наведвання. Кожны пакой – асобная гісторыя з унікальнымі экспанатамі.
Цэнтральнае месца на адным з узроўнаяў паўночнай вежы займае камін, узноўлены па тэхналогіі XVII стагоддзя. Аздоба яго выканана з дапамогай вышэйшага гатунку тынкоўкі – сцюк, якая пасля застывання набывае звыштрываласць. У яе складзе — гіпс, мармуровая пудра, пясок і клей.
Таксама ў некаторых памяшканнях праведзены роспіс частак столі і сцен. У некалькіх месцах зроблены зандажы — для таго, каб наведвальнік убачыў аўтэнтычную цэглу, з якой будаваўся замак.
На трэцім узроўні, апошнім, створана своеасаблівая аглядальная пляцоўка, з якой адкрываецца прыгожы від на касцёл і панарама мястэчка. Больш дэтальна карціну можно будзе разгледзіць з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў, усталяваных там.
Ля сцен Гальшанскага замка гасцей чакае тэатралізаванае прадстаўленне артыстаў раённага цэнтра культуры. У мастацкіх замалёўках яны прапануюць гасцям свята дакрануцца да гістарычных падзей мінулых стагоддзяў.
На замчышчы будуць арганізаваны майстар-класы па ганчарнай справе, разьбе па дрэве, вырабе лялькаў-абярэгаў, вышыўцы і інш. Прыхільнікаў сярэднявечнай культуры чакае рыцарскі турнір, майстар-клас па сярэднявечных танцах і прадстаўленне батлейкі.
Пасля экскурсіі па Паўночнай вежы Гальшанскага замка госці змогуць наведаць візіт-цэнтр і набыць сувеніры, створаныя рукамі майстроў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.
Інга ГІЗ, Кацярына РУДЗІК.