Дзень інфармавання. Занятасць насельніцтва, якасць пітной вады, гандлёвае абслугоўванне

Местное управление События

Трэці чацвер месяца – час выезду інфармацыйна-прапагандысцкіх груп у арганізацыі і на прадпрыемствы раёна. Сёння сустрэчы прайшлі ў калектывах КСУП “Ашмянская Ясная Паляна”, на ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”, у Навасёлкаўскім сельсавеце, Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў, цэнтральнай раённай бальніцы і тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У рабоце раённай групы, якая наведалася ў КСУП “Гальшаны”, прыняў удзел член абласной групы, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце РУП “Гроднаэнерга” Сяргей Кіянка.

Не перастае губляць актуальнасці пытанне рэалізацыі Дэкрэта №3 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”. Члены інфармацыйна-прапагандысцкіх груп у чарговы раз нагадалі асноўныя палажэнні дакумента, расказалі аб дзейнасці раённай камісіі па садзейнічанні занятасці, акрэслілі парадак занясення грамадзян ў спіс не занятых у эканоміцы. Зацікавіла людзей інфармацыя аб магчымасці ажыццяўлення дзейнасці без рэгістрацыі ў якасці прадпрымальніка. Сёння дзяржава прадстаўляе грамадзянам такую магчымасць. Яна дазваляе рашыць як мінімум некалькі пытанняў: працаўладкавацца, займацца любімай справай і мець ад гэтага прыбытак.

Падчас сустрэч з насельніцтвам была закранута праблема прафілактыкі насілля ў адносінах да непаўнагадовых.

Як правіла, ні адна сустрэча ў калектывах не праходзіць без пытанняў. Жыхароў Навасёлкаўскага сельсавета хвалюе праблема пітной вады ў аграгарадку. Мала таго, што вяскоўцам прыходзіцца ўжываць ваду дрэннай якасці, так яна яшчэ ў дадатак да ўсяго часта заканчваецца, патрабуюць замены вадаправодныя сеткі. Як патлумачыў галоўны санітарны ўрач Юрый Ларыонаў, Навасёлкі стаяць у ліку першых у раёне на будаўніцтва станцыі абезжалезьвання. Пры паступленні фінансавання праблема ў аграгарадку будзе вырашана ўжо ў гэтым годзе. Паднялі месцічы і пытанне гандлёвага абслугоўвання. Не здавальняе навасёлкаўцаў бедны асартымент у краме спажывецкага таварыства. Ізноў узнікла праблема з кадрамі ў краме в. Павяжы. Калі пытанне не вырашыцца, то крама будзе зачынена.  Гэтыя пытанні будуць адрасаваны старшыні праўлення філіялу абласнога спажывецкага таварыства, а затым даведзены жыхарам праз сельвыканкам.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *