Браты Кансценчыкі. Невядомыя старонкі гісторыі паветранага карабля “Ілья Мурамец”

Культура

Сёння гісторыя бессмяротнага палёту паветранага карабля “Ілья Мурамец №16” вядома ўсім неабыякавым да свайго мінулага людзям. Ёю ганарацца мясцовыя жыхары, ашмянскія школьнікі папулярызуюць яе сярод аднагодкаў, а прафесійныя даследчыкі працягваюць пошук новых, невядомых дагэтуль фактаў. Каб пазнаёміцца з мясцовасцю і ўдакладніць месца падзення самалёта ў пачатку восені, барунскія наваколлі наведаў намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце аднаго з найбуйнейшых у Еўропе маскоўскага Музея тэхнікі Вадзіма Задарожнага, вядомы папулярызатар авіяцыі Марат Хайрулін.

У планах даследчыка напісанне грунтоўнай кнігі па гісторыі “Ільі Мурамца №16” і біяграфіях авіятараў, якія служылі на ім. Навуковец са сваімі аднадумцамі з зацікаўленасцю агледзеў усе памяткі, звязаныя з тэмай даследавання, пазнаёміўся з экспазіцыяй школьнага краязнаўчага музея. М.Хайрулін з удзячнасцю падарыў на памяць музею сваю апошнюю кнігу.

Нельга не ўзгадаць іншых асоб, лёс якіх быў звязаны з першымі ў свеце цяжкімі бамбардзіроўшчыкамі “Ілья Мурамец”, а ў пасляваенны час яны апынуліся ў нашым краі. Гэта браты Кансценчыкі.

У наш час звесткі пра ўраджэнца г.Гродна, кавалера шматлікіх баявых узнагарод, ваеннага лётчыка Авяніра Маркавіча Кансценчыка (1889-1935) можна знайсці ў шэрагу друкаваных выданнях і інтэрнэце, апошнім часам памяці знакамітага авіятара было прысвечана некалькі сюжэтаў у дакументальных кінастужках. Нагадаю толькі тое, што яму аднаму з першых даверылі кіраваць самалётам-гігантам класа «Ілья Мурамец». За баявыя заслугі ў час налёту 13(26) красавіка 1916 года на станцыю Даўдзевас бліз Фрыдрыхштадта нашага беларускага земляка ўзнагародзілі ордэнам Святога Георгія 4-й ступені.

Авянір Кансценчык

Пасля вымушанай пасляваеннай эміграцыі Авянір ў 1930 годзе вяртаецца ў Заходнюю Беларусь і накіроўваецца да свайго роднага брата святара Апалінара Кансценчыка. У гэты час Апалінар служыць у Свята-Пакроўскай царкве вёскі Міхневічы, якая размяшчалася па суседству са знакамітым маёнткам Залессе Агінскіх. У сямейным фотаальбоме каларытная постаць Авяніра, які апрануты ў цывільны касцюм з Георгіеўскім крыжам на лацкане пінжака, неаднойчы сустракаецца на фоне міхневічскіх краявідаў. Пазначаны здымкі 1930 і 1934 гадамі.

Пакуль дакладна невядома, чым займаўся А.Кансценчык у гэты перыяд свайго жыцця, але закончыўшы ў 1908 годзе чатыры класы Літоўскай духоўнай семінарыі, ён мог выкладаць Закон Божы для дзетак і дапамагаць у час набажэнстваў. Што ён і выкарыстаў, стаўшы псаломшчыкам спачатку ў Нарочскай, а потым у Стаўбцоўскай цэрквах. Паводле слоў прыхаджан, Авянір Маркавіч карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод вернікаў, адрозніваўся высокай культурай, быў уважлівым да людзей, асабліва да дзяцей. Пасля яго смерці ў канцы 1935 года пры непасрэдным удзеле Апалінара і за яго грошы быў усталяваны мармуровы помнік на магіле ў Стаўбцах, які сёння ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны.

Распавядаючы пра вядомага ваеннага лётчыка і афіцэра Авяніра Кансценчыка, нельга не закрануць некаторыя старонкі біяграфіі яго старэйшага брата Апалінара Маркавіча Кансценчыка(1888-1973). Падзеі Першай сусветнай вайны таксама адбіліся на яго лёсе, як і на лёсе брата Авяніра. Пасля пасвячэння ў 1916 годзе ён служыць вайсковым святаром на фронце. Спачатку выконваў пастырскія абавязкі ў Другім баявым атрадзе эскадры паветраных караблёў “Ілья Мурамец”, потым быў святаром 119-га заходняга шпіталя, 44-га Белгарадскага палка. За праяўленую 3(16) красавіка 1916 года “перад ворагам мужнасць, вытрымку і спакой” Апалінар Кансценчык быў узнагароджаны Георгіеўскім медалём. Гэтую ўзнагароду ў выглядзе нашыўкі на святарскім адзенні можна заўважыць на адным з фотаздымкаў.

Апалінар Кансценчык

Пасля заканчэння вайны, з 1918 года Апалінар служыць у розных прыходах Гродзеншчыны. У 1926 годзе быў зацверджаны трэцім святаром Кафедральнага сабора ў Вільні, з’яўляўся “загадчыкам св. Міхала-Канстанцінаўскай г.Вільні царквы”, а 23 снежня 1929 года яго пераводзяць ў Міхневічскую Свята-Пакроўскую царкву.

Дочкі святара Галіна і Ірына выкладаюць Закон Божы ў Залескай школе, сам Апалінар Кансценчык акрамя асноўнай святарскай дзейнасці апякуецца брацкімі пахаваннямі Першай сусветнай вайны. На падворку царквы, за мураванай агароджай храма і ў наваколлі захоўвалася вялікая колькасць магіл ахвяр вайны, якія трэба было даглядаць. І былы франтавік ускладае на сябе такую адказнасць. Па архіўных дадзеных вядомы прозвішчы каля сотні салдат рускай імператарскай арміі, якія пахаваны побач з Міхневічскай царквой.

Сёння сведкам службы святара ў Свята-Пакроўскай царкве з’яўляецца цэнтральны звон храма, на якім пазначаны надпіс: “Сооружён старанием священника Аполинария Констенчика, 1939”.

У гады Другой сусветнай вайны будзе служба ў Ганутскай царкве, а ў пасляваенны час — 12 год служэння ў Трабах. У 1957 годзе святар Апалінарый становіцца настаяцелем царквы ў гонар роўнаапостальных Канстанціна і Алены г. Валожына і благачынным Валожынскай акругі, а 1 чэрвеня 1958 года яго прызначаюць настаяцелем Свята-Васкрасенскага храма г.Ашмяны. Пакуль невядома, якія падзеі звязаны з А.Кансценчыкам у ашмянскі перыяд яго жыцця. Нам трэба будзе паспрабаваць узнавіць гэтую частку яго біяграфіі. Потым лёс закіне Апалінара ў Бабруйск, дзе на мясцовых Маскоўскіх могілках ён знойдзе свой апошні зямны прытулак.

Штотыднёвы часопіс “Аганёк” 12(25) чэрвеня 1916 года надрукаваў паведамленне пад назвай “Браты Кансценчыкі”. Пад фотаздымкамі Авяніра і Апалінара рэдакцыя мастацка-літаратурнага выдання змясціла невялікую інфармацыю пра іх ваенныя подзвігі. Праз стагоддзе мы зноў ўшаноўваем памяць гэтых герояў Першай сусветнай вайны і ўзнаўляем некаторыя старонкі жыццёвага шляху братоў у нашым краі.

Аганёк №24, 12 чэрвеня 1916 г.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *