Першая ў Ашмянскім павеце электрастанцыя была ў Лошы

Культура

Адным з самых незвычайных і таму самых загадкавых аб’ектаў Першай сусветнай вайны з’яўляецца электрастанцыя каля Лошы, паблізу фальварка Сяржанты. Знаходзячыся на памежжы паміж былымі Ашмянскім і Віленскім паветамі, гэтая мясціна далучалася як да аднаго, так і другога адміністрацыйнага цэнтра. Па звестках за 1874 год засценак Сяржанты ўваходзіў у Германішскую вясковую акругу Ашмянскага павета, а ўжо ў міжваенны час ХХ стагоддзя аднайменны фальварак належаў Шумскай вясковай гміне суседняга павета. Дарэчы, з самага пачатку ўтварэння Ашмянскага павета мяжа ў гэтай старонцы паміж адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі пралягала па рэчцы Лоша і ўся яе правабярэжная частка падпарадкоўвалася ашмянскім уладам.

В.Богданов Лоша-эл-станция-1мир-нем-06.05.08-д-190

Пра захаваныя рэшткі раней невядомага прадпрыемства ўпершыню даведаўся ад руплівага сталічнага даследчыка Уладзіміра Багданава, які разам з сябрамі-аднадумцамі наведаў мясціну ў 2006 годзе. Краязнаўцам у час экспедыцыі адкрыліся зусім беспрэцэдэнтныя руіны цагляных і бетонных канструкцый незразумелага прызначэння. Тады ж наведвальнікі выказалі меркаванне, што рэшткі збудавання маглі адносіцца да нямецкай электрастанцыі. Гэтыя звесткі сталі пачаткам уласнага даследвання, у выніку якога адкрылася цікавая старонка мінуўшчыны.

Як вядома, на нашых землях першая электрастанцыя паўстала ў Вільні і распачала сваю дзейнасць 14 лютага 1903 года. Перад Першай сусветнай вайной на Віленшчыне акрамя яе існавала яшчэ чыгуначная электрастанцыя ў Маладзечна. Падчас нямецкай акупацыі на захопленых землях ствараецца шэраг электрычных станцый для забяспячэння электраэнергіяй франтавых і тылавых пазіцый, сілкавання буйнага ваеннага гарадка каля мястэчка Солы. Таксама яны прызначаліся для гаспадарчай дзейнасці, якая ў большасці сваёй была накіравана на рабаванне прыродных рэсурсаў краю. Генератары электрацэнтраляў, так яшчэ ўзгадваюцца гэтыя аб’екты ў немцаў, выпрацоўваюць ток пад Смаргонню і Крэвам, у Жупранах і Свіры. У тагачасных дзённікавых запісах вядомага мастака Фердынанда Рушчыца знаходзіцца звестка аб з’яўленні электрычнасці ў Багданаве і навакольных вёсках, што сведчыць пра існаванне электрацэнтралі ў тых мясцінах.

Але самая магутная акруговая станцыя закладваецца на правым беразе ракі Лошы, недалёка ад аднайменнага паселішча Дабжынскага. Выбар гэтага месца зыходзіў з наступных меркаванняў. Для эфектыўнай працы паравых турбін электрастанцыі патрэбна была дастатковая колькасць чыстай вады, якой і забяспечвала паўнаводная рака Лоша. Добрыя камунікацыі, паблізу праходзіла чыгунка Вільня-Маладзечна і пралягаў сухапутны так званы «Чорны тракт», садзейнічалі выбару месца пад будаўніцтва. Было ўлічана і тое, што ў непасрэднай блізасці ад Лошы знаходзіліся вялізарныя радовішчы торфу. Яшчэ ў канцы 19 стагоддзя тут пачалася яго эксплуатацыя, у сувязі з чым на чыгуначнай станцыі Кена было заснавана прадпрыемства, якое здабывала штогод каля 18 тысяч тон прыроднага паліва. У 1915 годзе Віленская гарадская электрастанцыя працавала выключна на торфе, хоць начынне катлоў не было для яго прыстасавана. Немцы скарысталі гэтую нагоду і самі здабылі ў час вайны больш за 120 тысяч тон каштоўнага паліва. Для гэтых мэт яны праклалі ад электрастанцыі да хутара Карыціна вузкакалейку, па якой дастаўляўся торф на станцыю ў Лошу. Не выключана, што тут адначасова быў наладжаны выраб торфабрыкету. Вузкакалейка працягласцю каля 10 кіламетраў праіснавала да канца 20-х гадоў мінулага стагоддзя, сёння пра яе існаванне нагадваюць захаваныя дзе-нідзе насыпы дарогі, прарэзаны ў зямлі пад’яздны паўтунэль даўжынёй 150 метраў.

Карта 1932

Сілкуючы токам вялікі прамежак фронту і прыфрантавую паласу, станцыя адпаведна мела магутнае абсталяванне. Сярод выстаўленага ў пасляваенны час на аўкцыён начыння прадпрыемства знаходзіліся тры воднатрубныя катлы з агульнай абагравальнай паверхняй ў 680 квадратных метраў, прагравацель пару з печчу для торфу. Адзін з катлоў і паранагравальнік былі ўмураванымі. Турбагенератар нямецкай фірмы АЕG у 700 кВт складаўся з паравой турбіны ў 3000 абаротаў і быў непасрэдна злучаны з генератарам пераменнага трохфазнага току, таксама мелася дынама-машына для пастаяннага току ў 110 вольт. У камплект да турбагенератара ўваходзілі помпы для ахаладжэння вады і кандэнсату пару з фільтрамі. У пераліку начыння пазначаны трансфарматары, рэзервуары для вады, ручная помпа, 600 метраў чыгунных і жалезных труб рознага дыяметру, іншае абсталяванне электрастанцыі. Таксама меўся кран на платформе грузападымальнасцю 10 тон з ручным прывадам.

Знаходзіўся тут лакамабіль магутнасцю ў 24 конскія сілы з генератарам ў 16 кВт, які выпрацоўваў пастаянны электрычны ток напружаннем ў 220 В. Калі ў канцы 1918 года станцыя ў Лошы спыніла сваю дзейнасць, абсталяванне перавезлі ў Ашмяны і стварылі на гэтай базе першую гарадскую ашмянскую электрастанцыю.

У пасляваенны час непрацуючую Лошскую станцыю спрабуюць аднавіць. Спачатку электратэхнічны аддзел Саўнаргаса БССР у 1919 годзе выдзеліў сродкі ў памеры 468 тысяч рублёў на рамонт абсталявання і запуск важнага стратэгічнага аб’екта. Але з-за нестабільнай палітычнай сітуацыі і хуткай змены улад, намер застаўся нерэалізаваным. У канцы 1920 года, калі гэта тэрыторыя ўвайшла ў склад Сярэдняй Літвы, а электрастанцыя падпарадкавана дэпартаменту прамысловасці і гандлю гэтага дзяржаўнага ўтварэння, робіцца наступная спроба рэаніміраваць прадпрыемства. У жнівеньскім нумары за 1921 год газеты «Паляк» з’яўляецца паведамленне пра перамовы з «варшаўскімі капіталістамі» па справе ўводу ў эксплуатацыю Лошскай электрастанцыі і выкарыстання блізкіх радовішчаў торфу. З іншага артыкула пад назвай «Умацаванне электрычнай сеці», які быў надрукаваны 19 жніўня 1922 года ў 16 нумары газеты «Слова», вынікала, што і на наступны год электрастанцыя не працавала. У паведамленні адзначалася, што абслугоўваючая Вільню гарадская электрычная станцыя не ў стане пашырыць свае сеці і з цяжкасцю выконвае абавязкі перад абанентамі. У гэтай сувязі магістрат звярнуў увагу на нядзеючую электрастанцыю ў Лошы, якая знаходзілася на ўліку аддзела ліквідацыі вайсковых дэмабілізацыйных матэрыялаў «Дэмат» пры Міністэрстве прамысловасці і гандлю Польшчы. Градскія ўлады склалі фінансавы план па яе аднаўленні, правядзенні да Вільні трох ліній дроту і падключэнні яе да гарадской сеткі. Паводле папярэдніх разлікаў, усе кошты, звязаныя з пускам станцыі ў Лошы, складалі каля 240 мільёнаў марак. Але ў чарговы раз праект застаецца нерэалізаваным. Магчыма, не толькі з фінансавых цяжкасцей, а хутэй за ўсё з тых меркаванняў, што адноўленае прадпрыемства спрыяла б развіццю гэтых тэрыторый і тым самым росту прамысловага патэнцыялу «усходніх крэсаў», што не ўваходзіла ў планы варшаўскага ўрада.

9 студзеня 1923 года ў віленскім экспазіцыйным памяшканні «Дэмату» прайшоў аўкцыён па продажы абсталявання электрастанцыі «Лоша». На жаль, пакуль дакладна невядома, хто набыў абсталяванне, якое прадавалася адным лотам, і як склалаўся далейшы яго лёс. Ад мясцовых старажылаў стала вядома, што частка начыння знайшла прымяненне ў дамах жыхароў бліжэйшых вёсак. Цагляныя фрагменты, якія сёння захоўваюцца на месцы электрастанцыі, ацалелі толькі дзякуючы таму, што разабраць такую муроўку было вельмі складана. Мясцовыя мужчыны вымушаны былі нейкім чынам разаграваць мур, і толькі тады можна было выбіць цэглу. Але такое спалучэнне дзеянняў было далёка не ўсім па сілах. Таму сёння толькі гэтыя неразабраныя мураваныя часткі пабудоў нагадваюць пра першую ў павеце электрастанцыю.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *