Вандроўка ў край, апеты Міцкевічам

Культура

Прадстаўнікі турыстычных агенцтваў і сродкаў масавай інфармацыі рэспублікі сабраліся ў Навагрудку, каб азнаёміцца з раёнам і даведацца больш пра турыстычныя магчымасці авеянага легендамі і апетага Адамам Міцкевічам краю. Прэс-тур праводзіўся у рамках рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Развіваем турызм на Навагрудчыне разам» праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», фінансуемага Еўрасаюзам і рэалізуемага Праграмай развіцця ААН.

Чым прыцягвае нас да сябе гэты загадкавы край, у якім знаходзіцца адна з самых высокіх кропак у Беларусі (гара Замкавая – 323 м над узроўнем Балтыйскага мора) і дзе зімой выпадае больш за ўсё снегу на Гродзеншчыне? Перш, рэшткамі замка Міндоўга – былой рэзідэнцыі князёў Вялікага Княства Літоўскага. З гары, на якой ён стаіць, адкрываецца шыкоўны від на горад – колішнюю сталіцу ВКЛ і на фарны касцёл Праабражэння Гасподняга, у якім вянчаўся кароль Польшчы Уладзіслаў Ягайла з Соф’яй Гальшанскай і быў пахрышчаны сын Барбары і Мікалая Міцкевічаў Адам. Ён стаў паэтам і ўславіў гэты край у сваіх неўміручых творах. Паляк па нацыянальнасці, Міцкевіч лічыў сябе ліцвінам і быў адданы гэтай зямлі ўсім сэрцам: “Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое: не цэнім, маючы, а страцім залатое — шкада, як і красы твае, мой родны краю. Тугою па табе тут вобраз твой ствараю…». Так пісаў Міцкевіч пра зямлю, дзе нарадзіўся, у сваёй паэме «Дзяды». Шмат вершаваных радкоў прысвяціў паэт возеру Свіцязь. Па легендзе гэты вадаём быў калісьці горадам. Сёння з вышыні птушынага палёту ён нагадвае круглае люстэрка, “акаймаванае” лясным гушчаром.

IMG_4985

Прыцягвае на Навагрудчыне Любчанскі замак, гісторыя якога бярэ пачатак з 1581 года. Сёння тут вядуцца рэстаўрацыйныя работы. Аднаўленне замка ў Любчы – унікальны для Беларусі выпадак, калі рэстаўрацыя пачалася з ініцыятывы і энтузіазму аднаго чалавека, які змог заахвоціць неабыякавых да адраджэння культурнай спадчыны людзей. Такім чалавекам з’яўляецца дырэктар і заснавальнік фонда “Любчанскі замак”, мясцовы жыхар Іван Печынскі.

IMG_4988

Часта турысты, якія завітваюць на Навагрудчыну, цікавяцца вёскай Шчорсы, дзе захаваліся рэшткі “Мураванкі Храптовічаў” – комплекса гаспадарчых пабудоў другой паловы ХIХ стагоддзя, альбо наведваюць Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр, для якога ў ХIV стагоддзі было напісана Евангелле – рукапісны помнік беларускай сакральнай культуры.

IMG_4993

Не так даўно падарожнікі звярнулі ўвагу яшчэ на адну кропку на карце раёна – возера Літоўка. Не ведаю, хто стаў першапрычынай да павышанай цікавасці: Уладзімір Высоцкі, які бываў тут разам з Марынай Уладзі падчас здымкаў фільма “Сыновья уходят в бой” (цяпер на беразе возера праводзіцца адкрыты фестываль бардаўскай песні яго імя), ці гаспадар аграсядзібы Сяргей Коваль, мясцовы Француз, які пабудаваў побач з возерам Дом спаўнення мараў і насяліў яго дзіўнымі істотамі. Абстаноўка дома і прылягаючай тэрыторыі здольны за адно наведванне перавярнуць чалавечую свядомасць і пасяліць сумнеў наконт праўдзівасці “вар’яцкіх” разваг Сяргея.

IMG_5008

Падчас прэс-тура па Навагрудчыне прыемна было адкрываць для сябе новыя старонкі гэтага краю, разумеючы, што за адзін дзень гаспадарам проста немагчыма паказаць і расказаць пра ўсе адметнасці раёна.

У чым прыцягальнасць прапанаванай ініцыятывы? Яна дае турыстам права выбару пры перамяшчэнні падчас знаёмства са славутасцямі краю. Хочаш, едзь на аўтамабілі. А можаш сесці на веласіпед. Дзякуючы праекту былі распрацаваны чатыры веламаршруты: «Кароль Міндоўг», «Сэрца Гражыны», «Зорачка Чарэшлi», «Летапiсная Лiтва». Тым, хто аддае перавагу пешым прагулкам, прыйдзецца даспадобы маршрут «Свiцязянскi пярсцёнак». Праектам прадугледжана вялікая колькасць друкаванай прадукцыі: інфармацыйных стэндаў і буклетаў. Па ходу веламаршруту маюцца спецыяльныя велапаркоўкі. Веласіпед можна ўзяць напракат, а можна прыехаць на сваім транспарце. У мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі вам прапануюць экскурсійнае суправаджэнне. Падчас вандроўкі шмат інфармацыі аб раёне і яго гісторыі расказала дырэктар музейнай установы Марына Ярашук, якая суправаджала нас на працягу ўсяго маршруту.

IMG_5024

Знаёмства з Навагрудчынай пачалося наведваннем гістарычнага цэнтра горада. Немагчыма было прапусціць на турыстычным маршруце Замкавую гару, дзе нас прывецілі дзве напаўразбураныя вежы і сам Адам Міцкевіч, помнік якому ўстаноўлены недалёка ад руінаў замка. Дом-музей А. Міцкевіча сустрэў навагоднім убраннем на вокнах і прыгажуняй-ялінкай, ціхай і нетаропкай класічнай музыкай, што разлівалася па пакоях. Пра паэта, яго сям’ю, дзейнасць таварыства філаматаў, творчасць, рэдкія экспанаты, якія маюць дачыненне да творцы, распавялі падчас экскурсіі Мікалай Гайба са сваімі супрацоўнікамі. Анімацыйнае прадстаўленне ў музеі прыблізіла гасцей да часу, у які жыў і тварыў Міцкевіч. Па алеі фанароў – сучасным аб’екце турыстычнай прыцягальнасці горада, які з’явіўся дзякуючы фантазіі ўстаноў і арганізацый горада і раёна, мы перамясціліся ў гісторыка-краязнаўчы музей, а затым – на вуліцы Навагрудка. Цэнтр горада нагадвае музей пад адкрытым небам. Тут амаль на кожным доме прымацаваны шыльды – сведчанне прыналежнасці да помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Гэтую ж частку горада – Вялікі рынак у мініяцюры можна пабачыць у раённай бібліятэцы. З дапамогай мясцовага прадпрымальніка работнікі бібліятэкі стварылі міні-музей макетаў, у якім размясціліся чыгуначны вакзал, рэстараны і цукерні, кінатэатр, аптэкі, шавецкія майстэрні, яўрэйскія школы, польская і беларуская гімназіі, валюшная фабрыка, гандлёвыя рады з 80 лаўкамі… Пра кожную з гэтых пабудоў пачатку дваццатага стагоддзя цікава распавядуць наведвальнікам супрацоўнікі бібліятэкі.

IMG_5030

Шмат год назад Вольга Храптовіч-Буцянёва, аўтарка кнігі “Злом”, прадстаўніца княжацкага роду Храптовічаў ва ўспамінах узгадвала: “Горад невысокі. Яго маляўніча раскіданыя дамкі маюць сваю самавітасць, яны ўтульныя і гасцінныя. Усе вуліцы выкладзены круглястым брукам, па якім весела і па-заліхвацкі падскокваюць вазы і брычкі…”. Канешне, сёння Навагрудак зусім іншы, аднак ён не страціў повязі з даўніной. Яна жыве ў назвах кафэ і гасцініц, што размясціліся на цэнтральнай плошчы, у творах мясцовых літаратараў і мастакоў, у раённым цэнтры рамёстваў, удзельнікі якога, дзеці і дарослыя, зберагаюць спадчыну сваіх продкаў. Тут вас навучаць рабіць навагрудскую выцінанку-выбіванку, пакажуць, як ткаць паясы і посцілкі, прадэманструюць тонкасці мясцовай вышыўкі і зачаруюць вышыванкамі, якія захочацца набыць для сябе ці ў падарунак. У гэтым “музеі беларускай культуры і побыту” традыцыйныя рамёствы беларусаў перамяжоўваюцца з сучаснымі элементамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Калі вы будзеце ў Навагрудку, не пашкадуйце часу і абявязкова наведайце гэтую ўстанову культуры. З пустымі рукамі адтуль вы не выйдзеце!

IMG_5173

Дзякуючы рэалізуемаму ў раёне праекту на беразе возера Свіцязь узнік эколага-інфармацыйны цэнтр. Напярэдадні навагодніх свят тут адчынілася рэзідэнцыя Дзеда Мароза, які завітаў з Налібоцкай пушчы. І хаця святочныя праграмы тут ладзяцца ў асноўным для дзяцей, цікава і весела правялі ва ўладаннях казачнага персанажа, яго ўнучкі Снягуркі, Бабы Ягі, Павука, Машы і Мядзведзя і ўдзельнікі прэс-туру.

IMG_5183

Болем адзываецца на гэтай зямлі тэма Вялікай Айчыннай вайны. Пра жудасныя яе старонкі ў чарговы раз напомніць музей яўрэйскага супраціўлення, помнік у выглядзе яўрэйскай дзяўчынкі на месцы, дзе калісьці размяшчалася гета, памятны знак-камень ля Фарнага касцёла ў гонар сясцёр-назаратанак, якія аддалі свае жыцці за мясцовых людзей, партызанскі лагер ля в. Чарэшля.

IMG_5216

IMG_5226

IMG_5397

Калі вы прыедзеце ў Навагрудскі раён зімою, пабывайце ў навагрудскіх “Сілічах”, якія размешчаны ля вёскі Сялец. Заедзьце абавязкова ў самую старую на Беларусі мячэць (1855 года пабудовы), наведайце касцёл Святога Міхаіла Арханёла і звярніце ўвагу на фігуркі гэтага святога, апекуна Навагрудка, якія размясціліся па ўсім горадзе. Не абмініце карцінную галерэю мясцовага мастака Канстанціна Качана. Знайдзіце час, каб даведацца, што звязвае з Навагрудкам Барыса Кіта і Аляксандра Пушкіна. Чуць не забылася: калі падчас вандроўкі вы адчуеце патрэбу падсілкавацца, то вас з задавальненнем прымуць навагрудскія кафэ і рэстараны. Многія аб’екты грамадскага харчавання знаходзяцца побач з гістарычным цэнтрам горада. Тут хутка абслужаць не толькі адзінкавых турыстаў, але і цэлую групу, прапануюць абслугоўванне ў зале і з выездам на прыроду. Не праблемна ў Навагрудку спыніцца на начлег. Адным словам, прыязджайце. Вас тут чакаюць.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *