Гістарычны хранограф “Традыцыі на мове сяброўства”

Культура

У краіне нашай нікому не цесна… Гэтымі словамі пачалося ў краязнаўчым музеі мерапрыемства, прысвечанае 620-годдзю татарскага асадніцтва на Беларусі.

Сапраўды, шмат народнасцей і нацыянальнасцей пражывае ў Беларусі, і ніхто з іх не адчувае сябе чужынцам на нашай зямлі. Роднай наша краіна стала і для татараў. Нашчадкі ардынцаў, якія існуюць на працягу шасці стагоддзяў побач з беларусамі, дзеляць разам радасці і нястачы, пераймаюць беларускія традыцыі і звычаі, вывучаюць гісторыю. Разам з тым ніколі не забываюцца пра свае карані, захоўваюць багатую культуру свайго народа і рэлігію. Менавіта яна, зберажоная татарамі ў хрысціянскім асяроддзі, захоўвала іх у супольнасці і вылучала сярод іншых народаў нашай зямлі.

Сёння гісторыкі выкарыстоўваюць розныя назвы для абазначэння гэтага народа. Этнографы карыстаюцца тэрмінам «літоўскія татары», паколькі тэрыторыю, дзе гістарычна сканцэнтравалася гэта народнасць, займала не толькі Беларусь, але і Літва (Жамойць). Таксама трапляюцца ў розных публікацыях найменні «польскія мусульмане», «літоўскія мусульмане», «беларускія мусульмане», «шляхта-магаметане». Апошнім часам узнік яшчэ адзін тэрмін — «заходнія татары», што прымаецца ў дачыненні да татараў Беларусі, Літвы і Польшчы, каб адрозніць іх ад крымскіх, сібірскіх, волжскіх татараў, што размаўляюць на цюрскай мове.

на сайт 1

Сёння ў Беларусі пражывае каля 10 тысяч татараў. На тэрыторыі краіны захавалася да 40 мячэцей. У мінулым годзе ў Мінску была дабудавана і пачала дзейнічаць саборная мячэць, якая стала сімвалам міжканфесійнай згоды, месцам малітвы для жыхароў і гасцей сталіцы, якія вызнаюць іслам.

Пра гісторыю і культуру татараў на беларускіх пасяленнях, у тым ліку на тэрыторыі Ашмянскага павета, а таксама пра рэканструкцыю мячэцей сродкамі сучасных тэхналогій распавялі гаворку спецыяльныя госці музейнага хранографа: старшыня Рады імамаў мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Дзмітрый Радкевіч і адказны за інфармацыйна-выдавецкі сектар гэтага аб’яднання Максат Авезаў.

на сайт3

Як адзначыў Дзмітрый Радкевіч, татары з’явіліся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў XIV стагоддзі, падчас княжання князя Вітаўта. Прыведзеныя Тахтамышам і Вітаўтам групы служылых татараў у 1397 — 1398 гадах пасяліліся на берагах ракі Вака, а таксама ў Сарака Татарах, Немежы, Лідскім, Трокскім, Наваградскім, Брэсцкім, Мінскім і Ашмянскім паветах.

Аўтар кнігі «Павет Ашмянскі» Чэслаў Янкоўскі ў сваёй працы таксама ўпамінае пра татарскія пасяленні: «Калі правесці мяжу татарскіх сядзіб і асад у Ашмянскім павеце, то атрымаецца ідэальная лінія, якая працягнецца ад усходняй мяжы павету шырокім паўкругам каля Крэва, Лоску, міма Мысы, праз Панары, праз Урляняты да Ластаі, адвечнай татарскай сядзібы, і завершыцца ў наваколлі Вішнева». Так апісваў межы татарскага пражывання ў Ашмянскім павеце наш зямляк. Акрамя таго, згодна з апісаннем Янкоўскага, татары пражывалі ў Каецянятах і Кумялянах.  Паміж Мысай і Беніцай, піша Чэслаў Янкоўскі ў сваёй манаграфіі, знаходзіцца адна з найстарэйшых татарскіх асад у павеце — Даўбуцішкі (ці, як называюць яе ўладальнікі, Даўбучкі) -«мясцовасць, далёкая ад буйных дарог і гасцінцаў, населеная стагоддзямі шарачковай шляхтай, захавала па сённяшні дзень свой першародны характар і выгляд. Маляўнічая, трохі дзікая мясцовасць — адзін з самых прывабных куткоў Ашмянскага павета. Пры дарозе, непасрэдна каля цэлага агламерату курганоў, падобна што шведскіх, пасярод старых могілак з камянямі, пакрытых мохам, пад прыкрыццём бяроз стаіць мячэць з чырванаватым купалам, акружаная крытай галерэяй, якую падтрымліваюць белыя вітыя калоны ў візантыйскім стылі, якія дзіўна вылучаюцца на фоне цэлага вясковага акружэння».

на сайт4

На жаль, мячэць у Даўбуцішках не захавалася. У 1961 годзе была знішчана і мячэць у Мінску, якая знаходзілася на месцы сённяшняй гасцініцы побач з універмагам «Беларусь».

Пра мячэці на Беларусі і іх асаблівасці расказаў Максат Авезаў, які праз мабільны дадатак дапоўненай рэальнасці змог узнавіць першапачатковы выгляд мячэці ў Мінску. Максат плануе праз гэты дадатак «адрадзіць» і іншыя храмы татараў, ажыццявіць такім чынам праект па рэканструкцыі страчаных помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны.

Што тычыцца татараў на Ашмяншчыне, то Ашмянская абшчына налічвае дзесьці каля 20 чалавек. На вуліцы Кірава знаходзіцца малельны дом, куды збіраюцца ашмянскія татары-мусульмане на службу па пятніцах і ў святы. У гэтым годзе малельны дом у Ашмянах адзначае сваё дзесяцігоддзе.

на сайт5

Сучаснай сталіцай беларускіх татараў з’яўляецца Іўе. Тут знаходзіцца адзіная ў рэспубліцы мячэць, якая за гады існавання (пабудавана ў 1882 годзе) не спыняла сваёй дзейнасці. Вядучыя мерапрыемства Настасся Навіцкая і Алена Галамбоўская прапанавалі відэаролік пра Іўеўскую мячэць і яе прыхаджан.

З цікавасцю ўдзельнікі мерапрыемства, сярод якіх былі як зацікаўленыя гісторыяй дарослыя, так і вучні СШ №3, азнаёміліся з выставай кніг пра татараў на Беларусі, з традыцыямі гэтага народа, імёнамі вядомых дзеячаў сусветнай культуры, якія маюць татарскія карані.

Аліна САНЮК.

Фота з архіва краязнаўчага музея.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *