Ці сапраўды Жупраны атрымалі назву ад зуброў?

Культура

Класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч даслаў у 1885 годзе ў польскамоўны часопіс «Край», які выходзіў у Пецярбурзе, невялічкую нататку пра Жупраны. Паэт пісаў, што некалі вакол мястэчка былі глухія ды непраходныя лясы. Францішак на свае вушы чуў апавяданні, што ў Жупранскай пушчы раслі даўней велізарныя дрэвы, ссечаныя камлі якіх ледзь маглі выцягнуць на дарогу восем коней. У гэтай пушчы было вельмі шмат звяроў, а самому Багушэвічу адзін старац паказваў паблізу Жупран мясціну на ўскрайку лесу, дзе адразу сем мядзведзяў, весела гуляючы, абіралі яблыні-дзічкі. Літаратар адзначаў, што адзін з колішніх уладальнікаў Жупранаў Караль Радзівіл, які меў мянушку Пане Каханку, прыехаўшы на паляванне ў Жупраны, быў зачараваны прыгажосцю мясцовай векавечнай пушчы і багаццем дзічыны. Ад захаплення ён ускрыкнуў: «Не ведаў я, што маю такую Жупранскую пушчу!»

Župrany,_Rynak._Жупраны,_Рынак_(1917)

У сваёй нататцы Францішак Багушэвіч зрабіў дапушчэнне, што раней Жупранская пушча магла называцца Зубранскай ад вялікай колькасці зуброў, якія ў ёй вадзіліся. Пра гэту версію паходжання назвы пушчы ўзгадваў таксама Уладзімір Содаль у кнізе «Жупранская старонка» (1992). Іншы літаратуразнаўца Кастусь Цвірка напісаў у зборніку эсэ «Лісце забытых алеяў» (1993), што «тапонім Жупраны сам Францішак Багушэвіч растлумачваў як змененае Зубраны, а Жупранская пушча была некалі Зубранскай — ад слова «зубр». Гэту версію падхапілі мясцовыя краязнаўцы, пачаўшы з той пары выводзіць назву мястэчка выключна ад дужага ляснога звера. Праўда, нельга забывацца, што гэта рамантычнае вызначэнне застаецца толькі гіпотэзай, тэорыяй, якая не мае абгрунтавання.

Пэўнай падказкай у тлумачэнні назвы мястэчка можа паслужыць найменне размешчанай побач гары Піліканкі. Некаторыя стараліся давесці, што раней яна называлася Веліканка альбо атрымала назву ад экзатычнай птушкі пелікана. Насамрэч назва гары, несумненна, звязана з сучасным літоўскім «piliakalnis» — гарадзішча. У наваколлі да таго ж цэлы шэраг тапонімаў мае балцкае паходжанне. Напрыклад, назва вёскі Гудзяняты, імаверна, паходзіць ад балцкага «gudai». Гэтым словам літоўцы здаўна называюць сваіх суседзяў-беларусаў. Відавочна, што ў старажытнасці Гудзяняты былі заснаваны славянскім насельніцтвам побач з селішчамі, дзе жылі балты, якія і назвалі вёску паводле яе жыхароў (параўнайце, Гудаўшчына ў Барунскім сельсавеце, Гудагай у Астравецкім раёне і г.д.).

Дык а што з Жупранамі? Найбольш праўдападобнай версіяй з’яўляецца тое, што назва мястэчка выводзіцца ад літоўскага слова «Žuobris», у якім дыфтонг «uo» з часам пачаў вымаўляцца як «u». «Žuobris» — гэта архаічная саха, адзін з самых старажытных інструментаў, якім абраблялі зямлю. Натуральна, што селішча, дзе жылі аратаі і земляробы, маглі назваць ад прылады, якой яны найчасцей карысталіся і якая асацыявалася з гэтымі людзьмі. Гэтак магла ўзнікнуць назва Жубраны, якая пазней трансфармавалася ў Жупраны. Пацвярджае дадзеную версію і само існаванне гарадзішча каля Жупран. Старажытныя плямёны стваралі гарадзішчы і будавалі на іх умацаваныя паселішчы менавіта тады, калі ад збіральніцтва і палявання пераходзілі да земляробства і мусілі абараняць свае харчовыя запасы ад ворагаў. Відавочна, самыя першыя жыхары Жупран вылучаліся сярод суседзяў менавіта тым, што аралі зямлю сохамі. У глыбокай старажытнасці гэта было рэвалюцыйным, наватарскім дасягненнем ды, бясспрэчна, паспрыяла росквіту селішча.

Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Жупраны.



2 комментария по теме “Ці сапраўды Жупраны атрымалі назву ад зуброў?

  1. Дзякуй, Віктар, за змястоўны артыкул! Вельмі цікава прачытаць пра родныя мясціны!

  2. Виктор, материал хороший, информативный. Читатели, интересующиеся историей ждут от вас новых публикаций

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *