Візіты Керанскага на фронт

Культура

Летам 1917 года расійскае камандаванне запланавала на ўчастку Смаргонь — Крэва маштабную аперацыю па прарыву фронта. Наносячы галоўны ўдар з Маладзечанскага напрамку ў накірунку Ашмян і Вільні, ваенныя стратэгі разлічвалі прыпыніць развал арміі, пераламіць ход Першай сусветнай вайны на руска-нямецкім фронце. Калі б удалося вызваліць Вільню, то пад пагрозай акружэння аказаліся ўсе германскія войскі ў Прыбалтыцы. У сувязі з гэтым ваенны міністр Часовага ўрада Аляксандр Керанскі (1882 -1970) прыкладвае вялікія намаганні для арганізацыі наступлення рускай арміі — свайго першага буйнага палітычнага праекта.

Прыезд Керанскага да 38 корпуса пад Крэва
Прыезд Керанскага да 38 корпуса пад Крэва

Да такіх тагачасных газетных выразаў пра яго асобу, як «рыцар рэвалюцыі», «народны трыбун», «першае каханне рэвалюцыі», «выратавальнік Айчыны», салдаты надаюць яму трапную мянушку «галоўнаўгаворваючы». Керанскі аб’язджае франтавыя часці, выступае на мітынгах, імкнучыся натхніць салдат на наступленне і падняць баявы дух войска. Яго аскетычную постаць з кароткай стрыжкай у паўваенным карычневым фрэнчы, пакамечанай фуражцы і неахайна павязаных абмотках, каб выглядаць падобна «народнаму правадыру» і падабацца салдацкім масам, можна было ў ліпені 1917 года заўважыць каля Палачанаў і Гарадка, пад Крэвам і Сівіцай, на станцыі Залессе і паблізу вёскі Белая.

Упершыню А.Керанскі наведаў нашыя мясціны 11 ліпеня 1917 года. Па дарозе на станцыю Маладзечна яму далажылі, што некаторыя часці выказалі недавер Часоваму ўраду і камітэты адмовіліся прымаць удзел у аперацыі. Таму ён адразу пасля прыезду прымае ўдзел у сходах армейскіх, карпусных і дывізіённых камітэтаў. У сваіх прамовах ваенны міністр заклікае салдат і афіцэраў да ўдзелу ў наступленні. Толькі пачаўшы агітацыйную паездку Керанскі ў гэты ж дзень адразу яе перарывае і накіроўваецца ў Кіеў для ўрэгулявання пытанняў па ўкраінскай арміі.

Выступленне Керанскага пад Крэвам
Выступленне Керанскага пад Крэвам

Наступны свой візіт галоўнакамандуючы прымеркаваў да пачатку ліпеньскага наступлення на Заходнім фронце. Як паведамляў часопіс «Іскры»: «17 ліпеня 1917 года міністр прыбыў на станцыю Маладзечна, дзе быў сустрэты генералам Дзянікіным, начальнікам штаба генералам Маркавым, членамі франтавога армейскага камітэта, членамі французскай місіі і камісарамі армій і флота. Міністр прысутнічаў на пасяджэнні армейскага камітэта, затым былі прыняты члены французскай місіі, у тым ліку сын М.Горкага, лейтэнант французскай службы Пешкаў.

Пасля пасяджэння армейскага камітэта міністр у суправаджэнні генералаў Дзянікіна і Маркава аб’язджаў палкі фронта. У адным месцы было сабрана тры палкі дывізіі, цалкам гатовыя да бою. Палкі былі пастроены па ўсіх правілах страявога статута, са сцягам на правым фланзе. Луналі сцягі з надпісамі: «Да здравствует демократическая республика», «Земля и воля», «Доверие временному правительству», «Да здравствует Керенский». Вечарам гэтага дня ён цягніком адпраўляецца на нараду ў Магілёў і вяртаецца наступным днём, каб прадоўжыць інспекцыйны аб’езд. Прыехаўшы да палкоў, якія былі размешчаны бліжэй да перадавых пазіцый, перад шматтысячнымі натоўпамі вайскоўцаў ён працягваў свае агітацыйныя прамовы, пасля якіх «цалаваў салдат», апошнія на руках з воклічам «ура» пераносілі міністра ў іншае месца, дзе ён зноў пачынаў прамову і гэтак далей. Вечарам Керанскі пакідае фронт і вяртаецца ў Петраград, абяцаючы генералу А.Дзянікіну вярнуцца да пачатку аперацыі.

Апошні прыезд ваеннага міністра ў наш рэгіён прыпадае на другую палову дня 21 ліпеня 1917 года. Дзеля візіту было вырашана прадоўжыць яшчэ на дзень артылерыйскі абстрэл нямецкіх пазіцый. Аляксандр Керанскі працягвае ўгаворваць салдат прыняць удзел у наступленні, якое павінна было пачацца на наступны дзень. А вечарам, як ён сам адзначыў у сваіх успамінах, яму «нічога не засталося» як вярнуцца ў Петраград. Так што сама наступальная аперацыя адбылася без непасрэднага ўдзелу галоўнакамандуючага.

Гарачыя і падкупляючыя сваёй шчырасцю ўгаворы міністра не змаглі настроіць армію на наступленне, а салдацкая маса адказала тупа і злосна адным словам: «Будзе». Нават, як успамінаў камандзір 38-га армейскага корпуса генерал Ю. Доўбар-Мусніцкі: «Салдаты мелі намер пабіць Керанскага. Што тут дзіўнага? Былі гэта вынікі загада №1, па выхаду якога салдаты ўжо беспакарана замардавалі некалькі генералаў і вялікую колькасць афіцэраў. Мелі, верагодна, жаданне забавіцца яшчэ і пабіццём «главного вождя», ледзь ён ад іх уратаваўся». У выніку аперацыя скончылася поўным правалам, і па некаторых меркаваннях менавіта гэтае ганебнае паражэнне паслужыла галоўнай прычынай звяржэння Часовага ўрада.

Даследуючы падзеі стогадовай даўніны, варта спыніцца на матэрыяльных напамінах таго часу, якія

Карыкатура
Карыкатура

захаваліся да нашых дзён. Унікальным сведкам рэвалюцыйнага ўздыму з’яўляецца бетонная пліта ў смаргонскім гарадскім парку з надпісам: «1917 год. Въ Ревалюц. спасенія сол. граж.». Маецца на ўвазе наступны сэнс: «1917 год. У Рэвалюцыі выратаванне салдацкіх грамадзян». Трапіла пліта ў Смаргонь з рускіх пазіцый, дзе рыхтавалася ліпеньская наступальная аперацыя 1917 года.

У мінулым годзе краязнаўцамі было адноўлена першапачатковае месца, адкуль гэты эпіграфічны помнік быў прывезены ў горад. У тым месцы захоўваецца яшчэ некалькі пліт з характэрнымі рэвалюцыйнымі лозунгамі: «Товариш, постоимъ за Свободу», «Да здравствует демократическая республика», «Смерть врагам Свободы», «10 п.т. арт. Бр. 1917 г. 25 мая». З апошняга надпісу вынікае, што наносіліся лозунгі на бетон вайскоўцамі 10 палявой цяжкай артылерыйскай брыгады ў час падрыхтоўкі да наступлення. Магчыма, менавіта на гэтай пляцоўцы праходзіў адзін з мітынгаў ваеннага міністра А.Керанскага. Таму каля гэтых мураваных сведкаў сёння можна адчуць усе супярэчнасці мінулых падзей: эйфарыю рэвалюцыі і далейшы трагізм грамадзянскай вайны.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *