Знойдзена адна з найстарэйшых вядомых фатаграфій, якія былі зроблены ў Ашмянах

Культура

Тамаш Багушэвіч фатаграфаваўся ў Ашмянах больш за сто гадоў таму.

Адзін з найстарэйшых фотаздымкаў, зробленых у Ашмянах яшчэ ў часы Расійскай імперыі, быў знойдзены ў польскай сталіцы. На здымкусын класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча са сваёй жонкай і швагеркай.

DZD_8113

У сямейным альбоме праўнучкі Францішка Багушэвіча — Крысціны Шманьды, якая цяпер жыве ў Варшаве, я знайшоў стары здымак, які мне не даводзілася бачыць раней. Гэта адна з найстарэйшых вядомых фатаграфій, якія былі зроблены ў Ашмянах. На адваротным баку фотаздымка напісана па-руску старым правапісам: «Фотографія В. А. Францысона, г. Ошмяны». Таму трэба меркаваць, што здымак быў зроблены ў ашмянскай фотамайстэрні яшчэ перад 1917 годам, калі акурат і пачалася рэформа рускай арфаграфіі.

Ужо пазней Крысціна Шманьда на адваротным баку фота дапісала па-польску інфармацыю пра людзей на здымку. Справа на картачцы — Тамаш Багушэвіч, сын класіка беларускай літаратуры і нашага земляка Францішка Багушэвіча. Тамаш нарадзіўся ў 1881 годзе ў Канатопе, ва Украіне, дзе тады працаваў яго бацька.

DZD_8114

Сын беларускага паэта вучыўся на архітэктурным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. Пасля ён некаторы час выкладаў маляванне і працу ў Барунскай дзяржаўнай настаўніцкай семінарыі. З таго часу краязнаўца і паэт Пятро Бітэль, які вучыўся ў Барунах, запомніў цікавы выпадак. Аднаго разу вучні атрымалі ад Тамаша заданне намаляваць збан. Пятро Бітэль, тады яшчэ вучань падрыхтоўчых класаў, разам з іншымі ўзяўся шчыраваць над малюнкам. Але пабачыўшы, як настаўнік стомлена сеў каля стала і пра нешта глыбока задумаўся, пачаў хутка рабіць у сшытку накіды партрэта свайго настаўніка. Праз некаторы час нехта з вучняў выхапіў сшытак Пятра і пусціў яго па класе, узняўшы смех і вэрхал. Тамаш забраў малюнак і строга запытаў, хто яго зрабіў. У класе  запанавала цішыня, бо ўсе баяліся скандалу. Пятро Бітэль усё ж прызнаўся і чакаў суровага пакарання, але Тамаш падышоў да яго, сеў побач з ім і сказаў: «Але чаго ж ты так напалохаўся?» Багушэвіч дастаў аловак ды паказаў вучню, што трэба паправіць у яго эскізе, пахваліўшы пры гэтым, што Пятро перадаў самае характэрнае ў партрэце.

Тамаш Багушэвіч пісаў таксама вершы, іграў на скрыпцы. Ён быў жанаты з Юзэфай Маркоўскай (злева на здымку), сваёй суседкай у Кушлянах. Сын класіка беларускай літаратуры быў на 11 гадоў старэйшы за сваю жонку, а перад шлюбам быў для яе рэпетытарам па матэматыцы. Падчас заняткаў і нарадзілася палкае пачуццё, якое прывяло да шлюбу, распавяла Крысціна Шманьда. Тамаш і Юзэфа мелі трох дачок — Канстанцыю, Станіславу і Габрыелю. Дачкой Станіславы Багушэвіч, якая пазней выйшла замуж за ляснічага Юзафа Тамашэўскага, акурат і з’яўляецца  Крысціна. Яна расказала, што сямейнае жыццё яе дзядулі і бабулі — Тамаша і Юзэфы Багушэвічаў — не было шчаслівым. Праз гэта Юзэфа мусіла перабрацца ў Вільню, дзе ў шпіталі добраахвотна дапамагала хворым на чуму, але хутка сама заразілася і памерла ў 1919 годзе. Тамаш Багушэвіч ажаніўся другі раз са сваёй каляжанкай па працы ў Барунскай настаўніцкай семінарыі — выкладчыцай польскай мовы і літаратуры Марыяй Піўніцкай. Праўда, і гэты шлюб быў не самым удалым. Магчыма, з гэтай прычыны Тамаш Багушэвіч трагічна загінуў у 1929 годзе, выкінуўшыся з цягніка па дарозе з Вільні ў Варшаву. Тамаша Багушэвіча пахавалі ў магіле бацькі ў Жупранах. Марыя Багушэвіч пасля смерці мужа пастрыглася ў манахіні і памерла ў 1970 годзе ў кляштары ў Бохні (Польшча).

Яшчэ адна асоба на здымку (у цэнтры) — сястра Юзэфы Багушэвіч (Маркоўскай) — Марыя Эліза, якая ў замужжы мела прозвішча Чыж. Яна памерла ў 1919 годзе ў Вільні на адным тыдні са сваёй сястрою, заразіўшыся падчас эпідэміі чумы.

Здавалася б, знойдзены ўсяго адзін невялікі здымак, але як шмат людскіх лёсаў ды ўспамінаў з ім звязана.

Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Жупраны-Варшава.

На здымку: родзічы Францішка Багушэвіча



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *