Пракаціўшыся вогненным смерчам па тэрыторыі нашага краю, Першая сусветная вайна да нашых дзён захавала аб сабе шматлікія напаміны. Змрочныя бетонныя збудаванні, насыпы чыгуначных дарог, глыбокія шрамы траншэяў, пагоркі брацкіх і адзіночных магіл нагадваюць сёння пра тыя жахлівыя часы. Але сярод мноства незлічоных магіл загінуўшых салдат можна знайсці тыя, якія распавядаюць не толькі пра трагічны бок любой вайны, але становяцца выніковым прыкладам для ўсіх тых, хто навязвае свае парадкі іншым народам. Адзін з такіх помнікаў той далёкай вайны на ашмянскай зямлі знаходзіцца каля Навасёлак. Аб ім і пойдзе гаворка.
Упершыню пра гэты незвычайны мемарыяльны аб’ект паведаміў у пачатку 2003 года вядомы краязнаўца, светлай памяці А.Каранеўскі. Аляксандр Рыгоравіч узгадваў, што недалёка ад маёнтка Чапскіх, пры старой дарозе на Жупраны, у пачатку лесу знаходзіцца камень з надпісам, прысвечаны высокапастаўленаму нямецкаму афіцэру. Адразу была наладжана паездка ў мясціну і з дапамогай мясцовых жыхароў камень быў адшуканы. У перакладзе з нямецкай мовы і без скарачэнняў высечаны на валуне надпіс паведамляе: «Рудольф Менгельбір, падпалкоўнік, начальнік генеральнага штаба 40 рэзервовага корпуса. Загінуў за сваю Радзіму 6.2.1916». Так, адразу зачапіла за жывое тая ўзгадка, што на нашай зямлі ён загінуў за свой «Ватэрлянд».
Каб раскрыць гісторыю з’яўлення гэтага помніка ў тагачаснай прыфрантавой зоне, не звяртаючы ўвагі на «Ватэрлянд», пачаўся пошук звестак пра персону. Гісторыя варта ўвагі яшчэ з той нагоды, што лютаўская падзея 1916 года магла змяніць карціну вайны ў нашых мясцінах. Да ўсяго, Р.Менгельбір быў адным з вышэйшых чыноў нямецкай арміі, які загінуў на руска-нямецкім фронце ў межах сучаснай Беларусі.
Восенню 1915 года лінія руска-нямецкага фронту спынілася на тэрыторыі суседняй Смаргоншчыны, у маёнтку Навасёлкі размяшчаецца штаб 40 рэзервовага корпуса. У Берлінскай дзяржаўнай бібліятэцы захоўваецца малюнак з подпісам «Партрэт генерала Карла Літцмана з яго ад’ютантам Менгельбірам», дзе за шахматнаю дошкаю адлюстраваны ўзгаданыя персанажы. У левым ніжнім куце малюнка вядомы нямецкі мастак і графік, аўтар партрэтаў генералітэта нямецкай арміі Арнольд Буш пазначыў, што малюнак быў выкананы ў Навасёлках 5 снежня 1915 года. Так стаў вядомы выгляд асобы пошуку.
Магчыма, пра падпалкоўніка Р.Менгельбіра, які памылкова названы палкоўнікам, ідзе гаворка ва ўспамінах Чэслава Янкоўскага «З дня на дзень. Варшава 1914 — Вільня 1915». Аўтар занатаваў пачутае: «Анекдатычнага матэрыялу, які асвятляе гэту фатальную старонку нямецкай рэквізіцыі, хапіла б запоўніць цэлыя тамы. На гэтым месцы прывяду толькі адзін дробны эпізод. У адным з салонаў палаца ў Навасёлках, у якім кватараваўся нямецкі штаб, размаўляла гр.Чапская з палкоўнікам. Вельмі акуратна, нават па — «версальску». У пакой уваходзяць два фельдфебелі, ідуць проста да акон і зрываюць грубыя шоўкавыя фіранкі, робяць тое самае з парцьерамі. Збянтэжаную гр.Чапскую соладка супакойвае палкоўнік, апавядаючы: «То на покрыўку для коней!»
Каб уявіць, што адбылося 6 лютага 1916 года на фронце ў гэтых мясцінах, звернемся да новых звестак, якія сталі нядаўна вядомы краязнаўцам. Дапамог сваімі парадамі і знаходкамі сталічны даследчык Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў.
У гэты дзень камандаванне нямецкай арміі на Усходнім фронце, з мэтаю праверкі становішча на пазіцыях паміж Смаргонню і Крэвам, накіроўваецца на перадавую. На гэтым прамежку фронту трымаюць абарону падраздзяленні 40 рэзервовага корпуса. У склад інспекцыі ўваходзяць камандуючы 10 арміяй генерал Герман фон Эйхгорн, начальнік штаба арміі падпалкоўнік Эміль Хелл, камандзір рэзервовага корпуса Карл Літцман, начальнік штаба корпуса Рудольф Менгельбір, камандзір 261 пяхотнага палка маёр Вільгельм фон Гоернье, іншыя афіцэры. Сярод высокапастаўленых асоб знаходзіцца прынц Оскар Прускі, пяты сын імператара Вільгельма, што надае інспекцыі асаблівую ўвагу і значнасць. Дэлегацыя накіроваецца да ўзгорка, з якога адкрываўся шырокі від на рускія пазіцыі і які быў празваны нямецкімі салдатамі як «вышыня Гіндэнбурга». Знаходзілася вышыня на паўночнай ускраіне вёскі Суцькава, была вельмі ўмацаваным пунктам абароны, пра што сведчаць шматлікія рарытэтныя фотаздымкі таго часу.
Вось як у сваіх успамінах генерал К.Літцман узгадваў далейшы ход падзей, калі яны наблізіліся да перадавых пазіцый: «Перад намі ў шэрым лютаўскім небе быў бачны рускі дырыжабль. Ці заўважыла і паведаміла каманда дырыжабля прыбыццё нашых транспартных сродкаў? У любым выпадку рускія батарэі адкрылі моцны агонь па вышыні. Мой сын, афіцэр 40 корпуса, прыбыў са сваёй пазіцыі ў стаўку камандуючага і прапанаваў пачакаць, пакуль агонь суперніка не спыніцца. Камандуючы арміяй генерал Герман фон Эйхгорн не жадаў адступаць. Вялікім крокам ён упарта рухаўся наперад і па злучаных акопах падняўся на «вышыню Гіндэнбурга»…
Амаль мы дайшлі да перадавой, калі лёсавызначальны рускі снарад прызямліўся і выбухнуў з такім гукам, што мы страцілі прытомнасць, нас закідала снегам і зямлёю. Я адчуў моцны пах паветра, за якім паследаваў боль у правым усе. Але я не ведаў пра трагедыю, якая мела месца за некалькіх крокаў ад мяне, за наступным паваротам…
Падпалкоўнік Менгельбір быў адразу за паваротам. Яго шлем быў прабіты шрапнэллю, і я бачыў, як кроў з яго раны бяжыць па твары і галаве. Камандзір батальёна Шлейнітц адцягнуў падпалкоўніка ў недалёкае сховішча. Менгельбір быў смяротна паранены і ў хуткім часе памёр».
Камандуючы К.Літцман у гэты ж дзень у навасёлкаўскім штабе 40 рэзервовага корпуса выдае паведамленне пра гібель кавалера Жалезнага крыжа першага класа і Рыцарскага ордэна з мячамі Каралеўскага дома Гогенцоллернаў, начальніка штаба корпуса, падпалкоўніка Рудольфа Менгельбіра. Выдаваемая ў Вільні «Газета 10 Арміі» друкуе 10 лютага 1916 года гэты некралог на першай старонцы газеты, надаючы асаблівую значнасць страты высокапастаўленага нямецкага афіцэра для арміі на Усходнім фронце. Адзначу, што на старонках выдання толькі некалькі разоў былі надрукаваны такія некралогі за ўвесь час існавання газеты.
Атрымаў лёгкае раненне шрапнэллю ў галаву і верхнюю частку сцягна прынц Оскар Прускі, пра што 8 лютага 1916 года паведаміў «Нью-Ёрк Таймс», праўда без згадкі, дзе адбылася падзея. Гэта раненне, як і ранейшае — на Заходнім фронце стала падставай для атрымання прынцам нагруднага знака «За раненне». Таксама 6 лютага 1916 года былі паранены падпалкоўнік Хелл, маёр Гоернье. Пазней паблізу месца ўзгаданай падзеі, над бетонным уваходам у падземнае сховішча, быў зроблены памятны надпіс: «Прынц Оскар. Штольня».
А якія наступствы для далейшага ходу ваенных дзеянняў на гэтым участку фронту маглі адбыцца, каб агонь рускай артылерыі быў больш трапным? Але адбылося тое, што адбылося, і сёння пра ваенную падзею стоагадовай даўніны нагадвае мемарыяльны знак каля Навасёлак. Не захаваўся палац Чапскіх, шмат іншых страт нанеслі войны матэрыяльным каштоўнасцям таго кутка ашмянскай зямлі, а гэты знак захаваўся. Пры наведванні каменя ў верасні бягучага года заўважыў, што ён разам з суседняй магілай Францішка Чапскага старанна дагледжаны, тэрыторыя добраўпарадкавана, і няма тых зараснікаў, якія раней тут былі.
У розных раёнах краіны за апошнія гады былі адноўлены і прыведзены ў належны стан некалькі дзясяткаў мемарыяльных мясцін з той далёкай вайны. Узаемаразуменне і прымірэнне ў імя будучыні — галоўная мэта такіх дзеянняў. Будзем спадзявацца, што падзеі і помнікі Першай сусветнай вайны зоймуць належнае месца ў нашай свядомасці. Воінскія магілы і знакі сёння нагадваюць жывым аб мінулым, прымушаюць задумацца аб трагічных выніках любой ваеннай канфрантацыі.
Уладзімір ПРЫХАЧ.
Классный материал. Спасибо