Жыццёвыя прынцыпы і захапленні Алены Місюк з Навасёлак

Культура

«Чаму ніколі не баюся я апусташэння галавы і сэрца? Ёсць у мяне зялёная зямля, яна магутней слабасці і смерці…». Гэтыя радкі, напісаныя Яўгеніяй Янішчыц, хочацца адрасаваць яшчэ адной паэтцы, нашай з вамі зямлячцы Алене Вікенцьеўне Місюк. І хаця ў літаратурнае кола яна сябе ніколі не залічвала, аднак у любові да роднага краю, да сваіх каранёў, да людзей, якія жывуць на гэтай зямлі, яна часта прызнаецца душэўным паэтычным словам.

На працягу не аднаго дзясятка год яна служыла педагогіцы: вучыла дзяцей не толькі правільна выражаць думкі на роднай мове, узбагачала іх слоўнікавы запас, але і выхоўвала гонар за край, дзе яны нарадзіліся і жывуць.

IMG_1053

Алена Вікенцьеўна знаходзіцца ўжо на заслужаным адпачынку, аднак і сёння дае трывалыя і глыбокія веды старшакласнікам. Яе часта запрашаюць весці заняткі ў раённым шматпрофільным цэнтры па падрыхтоўцы школьнікаў да прадметных алімпіяд «Інтэлект», просяць аказаць дапамогу дзецям у здачы тэстаў. Пры гэтым настаўніца ніколі не дзеліць дзяцей на здольных і невукаў: адораных любы можа навучыць. Яна бярэцца нават у тых выпадках, калі дзіця толькі і ўмее, што чытаць і пісаць. Выхаванцы Алены Вікенцьеўны ніколі не засмучаюць сваю настаўніцу. Стабальны рэзультат выпускніцы Навасёлкаўскага ВПК Ангеліны Хілінскай падчас тэсціравання па роднай мове, перамогі дзяўчынкі на абласным і рэспубліканскім этапах прадметнай алімпіяды па беларускай мове — гэта грунтоўны вынік працы педагога. І сёлетні год не стаў выключэннем, не прайшоў марна час заняткаў рэпецітарствам з дзвюма выпускніцамі школ раёна. Абедзве дзяўчынкі без цяжкасцей пераадолелі планку ў 90 балаў.

Маладая настаўніца з вучнямі Мураванаашмянкоўскай СШ

«Учиться надо весело, чтоб хорошо учиться» — такога прынцыпу прытрымлівалася настаўніца ў навучанні. Кожны свой урок яна пачынала з усмешкі. Ніколі не дазваляла сабе павысіць на ўроку голас альбо перайсці на крык. Для вучняў яна заўсёды была сябрам, з якім можна і пажартаваць, і на сур’ёзныя тэмы пагутарыць, і нават даверыць яму дзіцячыя сакрэты. Алена Вікенцьеўна зрасталася з дзецьмі нейкай невытлумачальнай повяззю, якая нават праз гады не перарывалася. Яна не ўяўляла сваёй працы без класнага кіраўніцтва, аднак заўсёды брала пасля выпуску адзінаццацікласнікаў перадышку: нават у думках не магла адразу развітацца з класам.

Сям’я Яскель
Сям’я Яскель

Настаўніца ніколі не была ўрокадаўцам. Лёгкая на пад’ём, яна з радасцю бралася за пазакласную работу. Рознага кшталту мерапрыемствы, падрыхтаваныя на мясцовым матэрыяле, дапамагалі дзецям засвойваць родную мову і знаёмілі з традыцыямі і абрадамі сваіх продкаў, станавіліся грунтоўным падмуркам у вывучэнні гісторыі і культуры Беларусі. Настаўніца вяла доўгі час драматычны гурток. Па тры-чатыры разы на тыдзень збіраліся дзеці на рэпетыцыі, а затым ездзілі з пастаноўкамі па раёне, паказвалі спектаклі вяскоўцам і гасцям, што наведваліся ў школу. Найбольш падабалася дзецям п’еса Анатоля Дзялендзіка «Дурнічка» — сучасная казка для падлеткаў. Гэта п’еса добра запомнілася і настаўніцы. Не так сама пастаноўка, як недарэчная гісторыя, з ёй звязаная. Па вёсках ездзілі юныя артысты на розным транспарце: зімой — на санях, увесну — на возе. Перад адной з такіх паездак Алена Вікенцьеўна справіла сабе абнову — купіла прыгожае зімовае паліто. Аднак нарадавацца пакупцы маладая настаўніца не паспела: злазячы з саней, зачапілася за нейкі цвік і разадрала жыўцом палу вопраткі. Хацелася плакаць, аднак  яна перавяла гэты выпадак на смех. Паліто тое яна так больш і не апранула.

Многія вучні Алены Вікенцьеўны ўжо таксама знаходзяцца на пенсіі. Раз’ехаліся яны па розных кутках не толькі Беларусі, але і зямнога шара. І цяпер часта ляцяць у Навасёлкі да любімай настаўніцы званкі і паштоўкі з прывітаннямі з Англіі, Германіі, Літвы, Латвіі… Яны вяртаюць яе ў маладосць, у той час, калі жыццёвая дарога педагога яшчэ толькі пачыналася.

У дзяцінстве Алена Яскель настаўніцай стаць і не марыла. Куды больш хацелася ёй быць шафёрам, бо так надакучыла дзіцяці хадзіць пешкі ў школу. Пачатковай грамаце вучылася яна ў родных Карабах. Васьмігодку заканчвала дзяўчына ўжо ў Каменцы. А вось у дзявяты і дзясяты клас за блізкі свет прыходзілася хадзіць у Гальшаны. Аб дзяцінстве засталіся ў яе самыя цёплыя і светлыя ўспаміны. Побач былі бацькі — надзея і апора. Іх адносіны між сабой і з людзьмі для Алены і Мсціслава заўсёды былі прыкладам. Стэфанія Іванаўна і Вікенцій Усцінавіч працавалі ў калгасе. Бацька толькі адну зіму вучыўся ў школе, аднак умеў добра чытаць і пісаць. Маці мела за плячамі чатыры класы польскай школы. З аднавяскоўцамі жылі Яскелі ў згодзе і дружбе. Калі летам бацька «вытрасаў» з вулляў мёд, Алена любіла абносіць гэтым пачастункаў суседзяў. А суседзі ў сваю чаргу дзяліліся свежыной, калі калолі кабанчыка. Была ў Карабах такая добрая звычка: дзяліцца вырашчаным на ўласных сотках ці ў хляве. Таму вельмі дзіўна было дзяўчыне, калі ў Мураванай Ашмянцы, куды яна трапіла працаваць пасля заканчэння Смалявіцкага педвучылішча, людзі адзін аднаму лішкі са сваёй гаспадаркі прадавалі.

Аб педагагічнай дзейнасці Алена задумалася яшчэ падчас вучобы ў Каменскай школе. Перад яе вачыма быў яркі вобраз Ганны Захараўны Бутрамеевай (Баброўскай), якая выкладала дзецям родную мову і літаратуру. У гэту прыгожую маладую настаўніцу, што прыехала на Ашмяншчыну з Палесся, Алена была проста закахана. На ўроках яна не зводзіла з настаўніцы вачэй, пераймала яе рухі і жэсты, заўсёды на выдатна адказвала зададзенае на дом, шмат чытала. З вялікай радасцю разам з аднакласніцамі хадзіла да яе ў госці. Настаўніца ставіла на стол прыгожы сервіз з вытанчанымі сподачкамі і кубачкамі і частавала вясковых дзяцей чаем. У яе было шмат кніг. Яна заўсёды з густам апраналася. І Алена марыла аб тым, што, як вырасце, абавязкова будзе такой жа, як Ганна Захараўна. Рэўнасна ўспрыняла яна звестку аб тым, што яе любімая настаўніца выходзіць замуж. А пасля ўсёй дзицячай душой узненавідзела мужа Ганны Захараўны, калі настаўніца падчас родаў памерла ў бальніцы. Стоячы на магіле, Алена дала слова, што абавязкова прадоўжыць справу дарагога ёй чалавека.

У 1966 годзе Алена Вікенцьеўна прыйшла працаваць у Мураванаашмянкоўскую сярэднюю школу настаўніцай пачатковых класаў. Праз некалькі год паступіла на філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. У Мураванай Ашмянцы яна пазнаёмілася са сваім мужам, настаўнікам нямецкай мовы Іванам Браніслававічам Місюком. Праз дзесяць год сям’я пераехала ў Навасёлкі. Алена Вікенцьеўна стала працаваць настаўніцай роднай мовы і літаратуры, паралельна загадвала школьнай бібліятэкай. Іван Браніслававіч выкладаў навасёлкаўскім дзецям гісторыю і доўгі час быў дырэктарам школы.

Алена Вікенцьеўна з мужам і сынамі Андрэем і Вадзімам
Алена Вікенцьеўна з мужам і сынамі Андрэем і Вадзімам

Яны пражылі разам 44 гады, адзін месяц і тры дні. Ён і зараз глядзіць на сваю жонку з партрэта, які ўтульна адчувае сябе сярод кніг у серванце (Іван так іх любіў чытаць!). Для Алены Вікенцьеўны муж і зараз жывы. З ім яна размаўляе, расказвае, што адбываецца ў Навасёлках, чым жыве мясцовая школа, якія навіны ў сыноў — Вадзіма і Андрэя, чым радуюць бабулю і бацькоў унучкі.

Алена Вікенцьеўна ідзе па жыцці з усмешкай. Здаецца, што і перашкод на яе жыццёвым шляху аніякіх няма. Аднак гэта зусім не так. Проста, яна не любіць жаліцца, крыўдаваць на лёс ці абставіны. Нават у самай складанай сітуацыі знаходзіць пазітыў і ніколі не апускае рук. Ні скарацца перад жыццёвымі абставінамі вучыў яе калісьці бацька. Пазітыўна глядзець на свет яна вучыла сваіх дзяцей. Кожны пражыты дзень — гэта шчасце, лічыць Алена Вікенцьеўна, а калі ты дапамог чалавеку — шчаслівы ўдвая.

IMG_1065

Зараз вольнага часу ў жанчыны шмат. З вясны да восені яна любіць корпацца ў сваім невялікім агародзе. Часта слухае музыку, сустракаецца з сяброўкамі. Асвоіла інтэрнэт і адшукала ў сусветным сеціве сваіх вучняў. Ад усёй душы частуе выпечкай людзей, што пераступаюць парог яе ўтульнай кватэры. Піша вершы. Наведвае мясцовую бібліятэку. Вельмі ўдзячна яе супрацоўнікам за творчую сустрэчу, якая прайшла гэтай восенню. Нядаўна Алена Вікенцьеўна купіла веласіпед, каб рабіць прагулкі па ваколіцах аграгарадка і знаходзіць новыя крыніцы для натхнення.

Аліна САНЮК.

Фота з архіва А.В.Місюк і Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *