У Ашмянскі раён прыйшло працаваць 44 маладыя настаўнікі

Общество

Тонкі водар яблыкаў разліты ў паветры. Дзіўна, але ён адчуваецца нават у заасфальтаваным горадзе. Перамешваючыся з гарадскімі пахамі, ён мімаволі нагадвае нам аб хуткім прыбліжэнні восені.

Надыход гэтай шчодрай пары можна адчуць не толькі па зменлівым надвор’і і тлумных школьных базарах ва ўнівермагах і спецыялізаваных секцыях для дзяцей. Назіральны чалавек лёгка заўважыць яе нетаропкія крокі ў палісадніках і на клумбах, дзе пачынаюць цвісці астры, а таксама ў парках, дзе ўжо палымнеюць, абцяжарваючы голле, гронкі арабін і да зялёных адценняў лістоты дадаюцца чырвона-жоўтыя.

IMG_5511

У педагагічным асяродку прыбліжэнне новага навучальнага года звязана з прыходам у школы і дзіцячыя садкі маладых спецыялістаў. Як свежае паветра, яны ўрываюцца ў настаўніцкія калектывы, несучы з самой творчы запал і новыя ідэі, любоў да вучняў, знаёмства з якімі адбудзецца зусім хутка, і веру ў правільнасць абранага шляху.

У жніўні шматлюдна становіцца ў калідоры аддзела адукацыі, спорту і турызму Ашмянскага райвыканкама. З хваляваннем маладыя настаўнікі і выхавацелі чакаюць размеркавання ва ўстановы адукацыі раёна. Знаёмства з першым рабочым месцам пачынаецца ў іх з кабінета галоўнага спецыяліста аддзела па кадрах Тамары Уладзіміраўны Сахарчук. Разам з маладымі настаўнікамі наведаўся да яе і карэспандэнт раённай газеты.

IMG_5518Тамара Уладзіміраўна, колькі маладых спецыялістаў “улілося” ў дружную педагагічную сям’ю Ашмяншчыны сёлета?

— У гэтым годзе, дарэчы, як і ў мінулым, наша вялікая педагагічная сям’я папоўнілася 44 маладымі настаўнікамі і выхавацелямі. Гэта выпускнікі сярэдніх спецыяльных і вышэйшых устаноў нашай краіны. Больш за ўсё спецыялістаў прыйшло з Лідскага педагагічнага каледжа – 13 і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка – 10. Размеркаваны ў наш раён таксама выпускнікі Гуманітарнага — 4 і Ваўкавыскага — 2 каледжаў, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы — 4, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта — 4, БДУ — 3, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта — 2, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта – па адным. Сёлета ў школы раёна прыйшло пяць тэхнікаў-праграмістаў, якія скончылі наш аграрна-эканамічны каледж.

Большасць маладых спецыялістаў – ураджэнцы нашага горада і раёна. Ахвотна прынялі мы ў сваю сям’ю педагогаў з Лідчыны, Дзятлаўскага, Воранаўскага, Зельвенскага, Астравецкага, Іўеўскага і Столінскага раёнаў.

— Спецыялістаў па якіх прадметах будуць сустракаць ва ўстановах адукацыі раёна ў гэтым навучальным годзе?

— Адразу ж адзначу, што перш за ўсё патрэбу мы адчувалі ў кадрах для ўстаноў дашкольных устаноў раёна. 17 маладых спецыялістаў размеркаваны ў дзіцячыя садкі горада і сяла. Пяць настаўнікаў будуць выкладаць замежную мову, два — хімію і біялогію, тры — гісторыю, два — фізічную культуру. Два маладыя спецыялісты размеркаваны  трэнерамі-выкладчыкамі ў ДЮСШ. Шэсць маладых настаўнікаў будуць вучыць грамаце вучняў пачатковага звяна.Прыйдуць ў нашы школы і ВПК псіхолагі, і алігафрэнапедагогі, настаўнік рускай мовы.

Штогод вы праводзіце сур’ёзную прафарыентацыйную работу па накіраванні выпускнікоў нашых школ на мэтавае навучанне. Гэта дае падставу не адчуваць дэфіцыту ў педагагічных кадрах: падрыхтаваныя такім чынам спецыялісты павінен адпрацаваць не менш пяці год у нашым раёне. Колькі спецыялістаў з мэтавым накіраваннем вярнулася ў  раён сёлета?

Сярод маладых спецыялістаў 27 ураджэнцаў Ашмяншчыны, 23 з іх праходзілі навучанне па мэтавым накіраванні ад аддзела адукацыі, спорту і турызму. Што б мы сёння не гаварылі, якія аргументы не прыводзілі, прэстыж прафесіі педагога не змяншаецца. Многія выпускнікі школ ідуць у прафесію мэтанакіравана, з высокай матывацыяй, бо прыкладам для іх служылі школьныя настаўнікі, а для некаторых і бацькі-педагогі. Прыемна адзначыць, што ў гэтым годзе 7 маладых спецыялістаў з’яўляюцца прадаўжальнікамі справы сваіх бацькоў. Шэсць з іх з нашага раёна. Яўген Скаржынскі, выпускнік магістратуры Купалаўскага ўніверсітэта, будзе выкладаць гсторыю ў роднай, Гальшанскай СШ. Кацярына Ларыонава (Паўлоўская) пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта размеркавана настаўнікам гісторыі ў СШ №2. Любоў да гэтай навукі прывіла ёй мама — Ларыса Аляксандраўна Ларыонава, якая выкладае гісторыю ў гімназіі горада. У адным калектыве са сваёй мамай Ганнай Раманаўнай (СШ №1) будзе працаваць педагогам-псіхолагам выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аліна Лянкоўская. Настаўнік-дэфектолаг цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і развіцця Аксана Тулькевіч скончыла БДПУ імя М. Танка. Выхавацелем дашкольнай адукацыі Навасёлкаўскага ВПК уладкавана Наталля Парафіяновіч (Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт). Першым месцам працы настаўніцы англійскай і нямецкай мовы Алены Свірскай (Гродзенскі ўніверсітэт імя Я.Купалы) стане СШ №1. Прадаўжальніца педагагічнай дынастыі з Іўеўскага раёна Вікторыя Комар пасля заканчэння Ваўкавыскага каледжа будзе вучыць англійскай мове вучняў Цудзенішскага ВПК.

У педагогаў Ашмяншчыны шмат слаўных традыцый. Адна з іх – свята ўручэння маладым спецыялістам працоўных кніжак. Як праходзіла гэта ўрачыстасць ў гэтым годзе?

— Наша традыцыя пачала свой адлік 17 год назад, калі я прыйшла працаваць у аддзел спецыялістам па кадрах. У гэтым годзе маладое папаўненне прымала СШ №2. Напачатку для маладых калег была арганізавана экскурсія ў школьны музей “Ашмяны: падзеі і людзі”, дзе настаўніца гісторыі Любоў Георгіеўна Пятрова пазнаёміла гасцей з раёнам і гістарычнымі асобамі нашага краю. У актавай зале школы яе калега Інэса Генрыхаўна Барысевіч разам з вучнямі праз праект “Есть таинства в забытом, стародавнем» прадоўжыла знаёмства са славутымі людзьмі ашмянскай зямлі.

IMG_5481

Віншаванні маладыя спецыялісты прымалі ад намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Анатольевіча Саванца, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Святланы Мікалаеўны Баркоўскай, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалая Мікалаевіча Кунцэвіча, дырэктара СШ №2 Наталлі Міхайлаўны Галашэўскай, галоўнага бухгалтара цэнтралізаванай бухгалтэрыі аддзела Галіны Віктараўны Галамбоўскай. Актыўнасць праяўлялі і маладыя педагогі. Адказвалі на мае пытанні аб прафесійным выбары, дзяліліся ўражаннямі аб Ашмянах і  новых працоўных калектывах, дэманстравалі творчыя здольнасці і прафесійныя веды. Настаўніца замежнай мовы гімназіі Дзіяна Валадзько павіншавала сваіх калег на англійскай мове. Шчырыя віншаванні адрасаваў прысутным трэнер-выкладчык Артурас Адамоніс. Песні выканалі настаўніца рускай мовы СШ №1 Юлія Вінцкоўская, настаўніца пачатковых класаў Кальчунскай СШ Анастасія Галамбоўская і настаўніца замежнай мовы СШ №1 Крысціна Шуман.

IMG_5516

На памяць аб урачыстым моманце на пачатку працоўнага жыцця нашым маладым калегам мы падарылі ручкі і штотыднёвікі.

Гутарыла Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *