Любая, нават самая рэдкая кніга, асобнікі якой можна пералічыць па пальцах, павінна чытацца — не ляжаць запыленая на паліцы, а прыносіць асалоду, абуджаць думкі, натхняць на добрыя ўчынкі. Гэта ж не музейны экспанат!
Менавіта такой думкі прытрымліваецца загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай біблятэкі Рэспублікі Беларусь Валерый Мікалаевіч Герасімаў. Сустрэчу з апантаным навукоўцам і яго калегамі арганізавала для школьнікаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Кучынская. Падчас работы ў сваёй выбарчай акрузе яна правяла таксама прыём грамадзян па асабістых пытаннях, прамую лінію, пабывала на савеце аддзела адукацыі, спорту і турызму, дзе расказала аб асноўных аспектах Паслання Прэзідэнта, аб сучасных патрабаваннях у сферы адукацыі.
Як адзначыла Наталля Кучынская, сустрэча з захавальнікамі духоўнага скарбу нашай краіны — бібліятэкарамі — невыпадкова прыйшлася на Год культуры. Гэта своеасаблівы напамін пра тое, што ў Беларусі багатая нацыянальная спадчына, цікавая гісторыя, прыгожыя замкі і іншыя помнікі архітэктуры. А таму трэба скарыстаць любую магчымасць, каб дакрануцца да гісторыі сваёй радзімы.
Супрацоўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі завіталі спачатку ў Жупранскую сярэднюю школу, а затым у сярэднюю школу №1 г. Ашмяны. Тут іх чакалі вучні старэйшых класаў, што сабраліся са школ горада.
Размову пра кнігі распачаў дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Сяргей Іванавіч Квачан, які расказаў аб гісторыі ўстановы, яе размяшчэнні, а таксама аб фондах і чытачах. Бібліятэку штодзень наведваюць каля 250 чалавек, яшчэ больш за тысячу карыстаюцца віртуальнымі паслугамі праз сайт. Дарэчы, стаць яе чытачом можа любы паўналетні грамадзянін нашай краіны, таму настаўнікам таксама прапанавалі запісацца ў Прэзідэнцкую бібліятэку.
— У хуткім часе кожны з вас стане студэнтам, — звярнуўся да моладзі Сяргей Іванавіч. — А гэта значыць, што вас чакаюць даследчыя працы — курсавыя, дыпломныя, пры напісанні якіх не абысціся без грунтоўных кніг, знаёмства з першакрыніцамі. Патрэбную літаратуру па такіх напрамках, як эканоміка, палітыка, кіраванне і юрыспрудэнцыя вы знойдзіце менавіта ў нашай бібліятэцы.
Больш падрабязна з бібліятэчным фондам, які налічвае каля 1,5 мільёна адзінак, некалькіх электронных баз дакументаў, пазнаёміў вучняў загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Валерый Мікалаевіч Герасімаў. Найбольш падрабязна ён спыніўся на выданнях, якія з’яўляюцца сапраўдным скарбам беларускай зямлі і якія — унікальная магчымасць! — змаглі патрымаць у руках удзельнікі сустрэчы. Сярод іх — пераклад Статута Вялікага Княства Літоўскага на польскую мову 1744 года, навуковыя трактаты на лацінскай мове XV — XVII стагоддзяў, напісаная на пергаменце Тора, факсімільнае ўзнаўленне Тураўскага Евангелля, слоўнік з бібліятэкі Радзівілаў, падручнік па гісторыі рускага права, па якім займаўся дзесяцігадовы царэвіч Аляксей Мікалаевіч Раманаў, прыжыццёвыя выданні Міхаіла Ламаносава, Аляксандра Пушкіна, старажытныя карты, адрыўныя календары, кнігі з аўтарскімі надпісамі…
З зацікаўленасцю разглядалі не толькі вучні, але і дарослыя кнігі з залатымі абрэзамі (выкарыстоўваліся для лепшага захоўвання кніг), а таксама калекцыю мініяцюрных выданняў, якая міжволі напамінае гісторыю пра тульскага Ляўшу і стальную блыху. Безумоўна, каб прачытаць такую кніжачку Коласа ці Купалы, патрэбна павелічальнае шкло.
Зразумела, змест факсімільнага выдання календара Майя для прысутных таксама застаўся загадкай, але падчас размовы з Валерыем Герасімавым вучні ўзнавілі свае веды па гісторыі Беларусі, успомнілі знакамітых асоб, гісторыю кнігадрукарства і нават касманаўтыкі. На ўдачу прысутным прапанавалі прымераць пярсцёнкі з рунічнымі назвамі XII стагоддзя.
Быццам чыстая спакойная крынічка, цякла гутарка, мяняліся тэмы, і зусім не хацелася развітвацца. Але час прыспешваў, гасцей чакалі юныя артысты першай школы, якія падрыхтавалі канцэрт, а таксама экскурсія ў краязнаўчы музей імя Ф. Багушэвіча.
Напрыканцы сустрэчы супрацоўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі падарылі змястоўныя сучасныя кнігі, а на памяць аб візіце ў Ашмяны дырэктар СШ №1 Міхаіл Гружэўскі ўручыў караблік з пунсовымі ветразямі.
Падчас візіту ў наш горад супрацоўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі сустрэліся таксама са старшынёй райвыканкама Міраславам Сарасекам. Мэтай сусрэчы стала абмеркаванне пунктаў пагаднення аб супрацоўніцтве, якое плануецца падпісаць на чарговых Гальшанскіх чытаннях.
Людміла КОЗЕЛ.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.