27 чэрвеня наш горад прыме рэгіянальны фестываль-конкурс маладых выканаўцаў “Адна зямля”. Музычнае спаборніцтва паміж вакалістамі Маладзечанскага, Вілейскага, Смаргонскага, Валожынскага, Астравецкага, Мядзельскага і Ашмянскага раёнаў пройдзе ў сямнаццаты раз. Наш горад стане песеннай сталіцай беларускага Павілля ў трэці раз.
Ашмяншчыну прадставяць шасцёра ўдзельнікаў у чатырох узроставых групах. Згодна з палажэннем конкурсу, удзел могуць прыняць работнікі культуры, удзельнікі мастацкай самадзейнасці, навучэнцы прафесійна-тэхнічных устаноў, студэнты ВНУ і сярэдне-спецыяльных устаноў, таленавітая моладзь Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, вучні агульнаадукацыйных школ і школ мастацтваў.
У першай узроставай групе (9-13 гадоў) выступяць Ксенія Крышаловіч і Арцём Скароль (СШ № 1 г. Ашмяны). Другую ўзроставаю групу (14-17 гадоў) прадстаўляе Ангеліна Захарэўская (СШ № 3). Трэцяя група (18-23 гады) прадстаўлена дзвюма ўдзельніцамі, тут гонар раёна абароняць Алёна Бароўская і Ірына Мачнева. І ў апошняй ўзроставай групе (24-31 год) свае вакальныя здольнасці прадэманструе Любоў Шчарбакова.
Сёлета фестываль-конкурс “Адна зямля” прыпадае на Дзень Моладзі. Месцам правядзення песеннага свята стане гарадскі парк. Пачатак – у 12:00. Прыходзьце падтрымаць нашых вакалістаў!
Дзмітрый РАДКЕВІЧ.