Міграцыйны крызіс — сёння тэма нумар адзін. Яе абмяркоўваюць розныя пласты насельніцтва: ад палітыкаў, экспертаў да валанцёраў і хатніх гаспадынь. Становішча, у якім апынуліся тысячы мігрантаў, у тым ліку малыя дзеці, а таксама наступствы, якімі захад палохае беларусаў, не могуць не хваляваць.
Нярэдка даводзіцца чуць папулісцкія пытанні-абурэнні: маўляў, навошта яны (мігранты) сюды прыехалі?! Шчыра кажучы, у мяне няма адназначнага адказу на гэта пытанне. Уцякаюць яны ад вайны, голаду, нястачы ці, спекулюючы дзецьмі і сваім статусам абдзеленых, шукаюць усе магчымыя і немагчымыя шляхі атрымання лёгкіх еўра? Падазраю, што ў кожнай з гэтых здагадак ёсць зерне праўды.
Тым не менш, гледзячы на ўмовы, у якіх даводзіцца выжываць людзям (упэўнена, што менавіта гэта самае вызначальнае!) на беларуска-польскай мяжы, сэрца сціскаецца ад жаху. Як сёння начаваць на вуліцы?! Як забяспечыць самым неабходным дзяцей? У чым яны вінаватыя і перад кім?
Валанцёрская дапамога і спагада беларусаў, хоць і выратавальная, але, зразумела, усё ж часовая мера. А што далей? Гэтае пытанне трымае ў напружанні не толькі нашу краіну, але і Еўропу, якая спачатку вабіла казачнымі выплатамі і хвалёнай дэмакратыяй, а цяпер забрала свае абяцанні назад.
А раптам сітуацыю ў чарговы раз падаграюць сусветныя гульцы ў дэмакратыю? Здаецца, штосьці падобнае Беларусь праходзіла напярэдадні выбараў. А наперадзе ж яшчэ рэферэндум. Так хочацца памыляцца. Так хочацца, каб сітуацыя выправілася і яе ахвярамі не былі бязвінныя людзі.
Людміла Рыбік