У сельскай бібліятэцы аг. Кальчуны прайшло чарговае пасяджэнне клуба старастаў “КУТ”. Кіраўнік грамадскага аб’яднання бібліятэкар Алена Шкелда акрэсліла тэму сустрэчы – “У адзінстве – наш поспех”, адзначыўшы, што толькі сумеснымі намаганнямі магчыма вырашыць існуючыя праблемы і зрабіць жыццё вяскоўцаў больш камфортным.
У пасяджэнні прынялі ўдзел старшыня Кальчунскага сельвыканкама Лілія Янушкевiч, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Станіслава Сырамалот, старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Міхаіл Маркоўскі, участковы інспектар міліцыі Андрэй Міцкевіч, а таксама старасты вёсак сельсавета, дзякуючы падтрымцы і клопату якіх вырашаюцца многія сельскія пытанні.
Алена Шкелда арганізавала тэматычную падборку літаратуры і перыядычных выданняў і падзялілася вопытам працы ў акрузе. Шмат год яна з’яўляецца старастам аграгарадка і разам з мясцовымі жыхарамі зрабіла не адну добрую справу.
— Арганізаваць людзей няпроста, аднак вынік работы заўсёды прыносіць задавальненне, — заўважыла Алена Адольфаўна. — Тое, што зроблена агульнымі намаганнямі, цэніцца нашмат больш.
Адкрытую душэўную размову падтрымалі старасты Іван Мусніцкі (Навасяды), Данута Міхайлоўская (Мардасы), Галіна Свірская (Людвікаўшчына), Ядзвіга Тамялойць (Вялікія Сямюны) і Алена Дмухоўская (Сякераўцы). Старшыня сельвыканкама Лілія Янушкевіч падзякавала сваім памочнікам за актыўны ўдзел у грамадскіх справах. Станіслава Сырамалот давяла інфармацыю аб паслугах, якія прадстаўляе жыхарам раёна тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Беражліва адносіцца да сваёй маёмасці з мэтай прадухілення крадзяжоў заклікаў прадстаўнік праваахоўных органаў. Як забяспечыць пажарную бяспеку падчас ацяпляльнага сезону, нагадаў супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Увазе прысутных былі прапанаваны відэаролікі «Университет мудрости и долголетия», «Ты единством сильна, моя Беларусь» і «Не прожигай свою жизнь», а таксама інфармацыйныя буклеты.
Аліна БЕЛІЦКАЯ.