Унікальная знаходка выяўлена ў Гальшанскім замку

Культура

 

Падчас кансервацыйных і супрацьаварыйныя работ на паўночна-ўсходнім корпусе Гальшанскага замка знойдзены фрагменты арыгінальнай пліткі XVII стагоддзя – менавіта на гэты перыяд прыходзіцца будаўніцтва на нашых землях унікальнай рэзідэнцыі роду Сапегаў.

Па словах Сяргея Жыліка, метадыста па музеях і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны аддзела метадычнай работы раённага цэнтра культуры, знаходка была выяўлена рабочымі ТАА “Граніт +” пры правядзенні расчысткі ад напластаванняў грунту бетоннай падлогі ўздоўж унутранай сцяны корпуса. Разам з фрагментамі пліткі знойдзены і элементы цэглы-пальчаткі.

Знаходка цалкам адпавядае той плітцы, што ўпрыгожвае сёння адзін з зандажоў на другім узроўні адрэстаўраванай паўночнай вежы палацава-паркавага комплексу.

Вывучэнне знойдзеных унікальных артэфактаў дазволіць прачыніць чарговую таямніцу старажытнага архітэктурнага збудавання, якое мы з гонарам называем каменнай кветкай нашага краю.

Супрацьаварыйныя і кансервацыйныя работы, якія вядуцца зараз на Гальшанскім замку, фінансуюцца фондам Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. На гэтыя мэты выдзелена 350 тысяч рублёў. 388 тысяч рублёў прадугледжана Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2021-2025 гады.

Аліна САНЮК.