Жнівеньская канферэнцыя педагагічных работнікаў прайшла ў Ашмянскім раёне

Образование

 

Напярэдадні новага навучальнага года прайшла раённая жнівеньская канферэныя педагагічных работнікаў. Такі старт з аналізам вынікаў папярэдняй работы і задачамі на перспектыву стаў для настаўнікаў традыцыйным. Удзел у нарадзе прынялі кіраўнікі і работнікі навучальных устаноў раёна, супрацоўнікі ўпраўлення адукацыі, 45 маладых спецыялістаў, якія сёлета папоўнілі педагагічную суполку раёна, а таксама ганаровыя госці — старшыня Ашмянскага райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч, намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч, прадстаўнікі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БГПУ імя М.Танка, з якім на працягу шэрага год наладжана цеснае супрацоўніцтва.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын:

— Жнівеньская канферэнцыя — адна з лепшых педагагічных традыцый. Яна дазваляе абагульніць вынікі мінулага года, вызначыць прыярытэты развіцця ў надыходзячым навучальным годзе. Радуе, што педагогі Ашмянскага раёна падтрымліваюць стабільна высокі ўзровень адукацыі ў школах раёна. Гэта пацвярджаюць больш за 100 дыпломаў, атрыманых на алімпіядах, конкурсах, фестывалях рознага ўзроўню. Прыемна, што на працягу дзевяці гадоў сістэма адукацыі Ашмянскага раёна знаходзіцца ў тройцы лідараў на ўзроўні вобласці. У новым навучальным годзе за парты сядуць 3788 вучняў, з іх — 390 першакласнікаў. Усе ўстановы адукацыі да новага ноавучальнага года падрыхтаваны. Праведзены капітальны рамонт фасадаў СШ №1 і Мураванаашмянкоўскага ВПК. Пасля маштабнай энергаэфектыўнай рэканструкцыя адкрыўся яслі-сад №3. Удзельная вага сістэмы адукацыі ў раённым бюджэце складае 41 адсотак. Лічу гэту лічбу апраўданай, бо інвестыцыі ў адукацыю сёння — гарантыя паспяховага заўтра для нашай краіны, — падкрэсліў кіраўнік раёна.

Уладзіслаў Гершгорын адзначыў, што сёння сфера адукацыі і адпаведна роля педагога кардынальна памяняліся. Задача настаўніка не толькі вучыць. Настаўнік — гэта транслятар ідэалогіі краіны. Новы час ставіць перад намі новыя задачы, і старшыня райвыканкама выказаў упэўненасць, што калектыў прафесіянальных, творчых педагогаў Ашмянскага раёна да іх вырашэння гатовы.

Пацвярджэннем гэтай думкі стаў шэраг узнагарод, які Уладзіслаў Гершгорын уручыў лепшым педагогам. Нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі» узнагароджаны галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Жанна Загорская, хормайстар узорнага ансамбля песні і танца «Званочкі» СШ №1 Вера Федарэнка. Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымалі настаўнік музыкі СШ №3 Лілія Эмір, начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская, настаўнік біялогіі СШ №2 Валянціна Ламака, загадчык аддзела Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля Вайцяхоўская, настаўнік матэматыкі СШ №2 Крысціна Лапейка, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада №7 Тамара Саўяненка.

Педагагічны багаж настаўнікаў раёна крытычна ацаніла начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская. Разам з калегамі яна паспрабавала знайсці адказы на пытанні, што найбольш хвалююць педагогаў: чаму і як вучыць вучня XXI стагоддзя, якой быць сучаснай установе адукацыі, на што ў сваёй рабоце абапірацца настаўніку.

Прыярытэтнымі накірункамі ў рабоце настаўнікаў у Год народнага адзінства Святлана Баркоўская назвала ідэалагічнае, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне. Яна падкрэсліла, што гэта сумесная задача школы і педагогаў, бацькоў, дзяржавы. Частка гэтай працы будзе даручана кіраўнікам ваенна-патрыятычнага выхавання, якія з 1 верасня прыступяць да працы ва ўстановах адукацыі раёна. Між тым, прыкладам для дзяцей павінен быць кожны настаўнік, бо выхаванне справамі — куды больш дзейсны сродак, чым гутаркі і лекцыі.

Дарэчы, да гэтай высновы прыйшлі і педагогі, якія дзяліліся вопытам сваёй працы. Загадчык ясляў-сада №3 Таццяна Бізукойць нагадала пра энергаэфектыўнае выхаванне малечаў і іх бацькоў, настаўнік біялогіі СШ №2 Валянціна Ламака расказала пра фарміраванне экалагічнай культуры вучняў, дырэктар СШ №3 Уладзімір Войнюш спыніўся на лічбавых тэхналогіях і іх ролі ў адукацыйным працэсе. Цікавую справаздачу падрыхтавала педагог-арганізатар СШ №1 Аліна Лянкоўская, якая на канкрэтным прыкладзе выхаваўчай работы прадэманстравала этапы фарміравання патрыёта.

— Патрыятызму нельга навучыць, — упэнена педагог-арганізатар. — Ён узнікае з таго, што дзеці бачаць навокал. Таму вельмі важна стварыць у школе дзейсную выхаваўчую прастору, у якой галоўнае месца зоймуць патрэбныя і добрыя справы.

Начальнік упраўлення адукацыі падрабязна спынілася на кожным накірунку і тых задачах, якія стаяць перад настаўнікамі і сістэмай адукацыі ў цэлым. А ў тым, што педагогі Ашмяншчыны ўмеюць з імі спраўляцца, сумневу няма. За высокія вынікі, паспяховую працу граматамі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ўзнагароджаны шэраг настаўнікаў.

Падзячнае пісьмо і падарункі за вопыт цеснага супрацоўніцтва ўручыла Святлане Баркоўскай дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БГПУ імя М.Танка Ірына Шасцітка.

Музычныя падарункі і віншаванні падрыхтавалі для ўсіх прысутных у зале лепшыя выканаўцы і творчыя калектывы ўстаноў адукацыі раёна. Прыемным сюрпрызам стала відэапаштоўка, падчас якой з пачаткам новага навучальнага года педагагічную супольнасць павіншавалі іх вучні, выхаванцы, калегі.

З вынікамі працы педагогаў і іх вучняў можна было пазнаёміцца ў фае райвыканкама, дзе размясціліся тэматычныя выставы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, творчых работ С. Малец, букетаў любімаму гораду, а таксама пяць інтэрактыўных пляцовак. Тут дзяліліся вопытам бізнес-кампаній, праектнай дзейнасці, выкарыстаннем новых тэхналогій, навацыямі ў дашкольнай адукацыі.

У юбілейны для горада год адна з пляцовак была прысвечана 680-годдзю Ашмян: жывая галерэя гістарычных касцюмаў, фотавернісаж, выстава старых фотаздымкаў прыйшліся да спадобы наведвальнікам.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.