Музей у Ашмянах адзначыў 65 год са дня адкрыцця сваёй першай экспазіцыі

Культура

 

За гады свайго існавання Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча памяняў тры будынкі і чатыры экспазіцыі, каб нарэшце атрымаць тую, якая з’яўляецца адной з лепшых у рэспубліцы.

Адлік сваёй гісторыі музей бярэ з 1952 года, калі была прынята Пастанова Савета Міністраў БССР аб адкрыцці ў Ашмянах музея. На працягу трох год на вуліцы Савецкай ішло яго будаўніцтва (у гэтым будынку да нядаўняга часу размяшчалася раённая дзіцячая бібліятэка). У 1955 годзе была аформлена экспазіцыя. У гэтым жа годзе яму прысвоена імя паэта-земляка Францішка Багушэвіча.

У сваім развіцці музей прайшоў нялёгкі шлях: скасаванне як дзяржаўнай установы, перавод на грамадскія пачаткі, перадачу школе-інтэрнаце, пасля ўзнаўленне работы ў ранейшым статусе, больш за восем гадоў скітання “па здымных кватэрах”.

Восенню 2009 года краязнаўчы музей пераехаў у цэнтр горада, у гістарычны будынак былой аптэкі, якому (не паверыце!) налічваецца 170 год.

На мінулым тыдні калектыў музея адзначыў 65 год са дня адкрыцця сваёй першай экспазіцыі. Творчыя апантаныя супрацоўнікі музея знаходзяцца ў пастаянным пошуку. Новыя формы работы дазваляюць не страчваць цікавасці да краязнаўчай скарбніцы як сярод мясцовых жыхароў, так і шматлікіх турыстаў. З прыходам каранавірусу музей актывізаваў работу ў інтэрнэце: віртуальныя экскурсіі і захапляльныя квэсты па горадзе, выставы з музейных фондаў выклікаюць цікавасць у людзей розных узростаў.

Пандэмія зменшыла колькасць наведвальнікаў непасрэдна ў памяшканні музея, але работнікі ўстановы “вынеслі” выставы на свежае паветра і запрашаюць да сустрэчы ў свой двор і на вуліцы горада.

Музей жыве, абрастае новыя сябрамі і знаёмствамі, радуецца новым знаходкам, рэалізуе краязнаўчыя праекты. З кожным годам ён сталее, так як і горад, які стаў часткай музейнай экспазіцыі, працягам змястоўнай гісторыі Ашмян і яго жыхароў. Гэта гісторыя прадстаўлена сёння больш чым у 12 тысячах музейных прадметах асноўнага фонду і амаль 13 тысячах экспанатаў навукова-дапаможнага фонду.

Я часты госць у музеі і, здаецца, ведаю ў ім кожны закут. Але калі яго супрацоўнікі спыталіся, што б мне хацелася пабачыць ці пачуць яшчэ, то, не задумваючыся, напрасілася даступіцца да самага “сэрца” музея – сховішча фондаў. Наведванне гэтых пакояў староннім людзям строга забаронена. Яны, дарэчы, нават і не павінны здагадвацца, дзе гэтыя фонды знаходзяцца. Шчыра прызнацца, не ведала аб гэтым і я.

Пасля некалькіх хвілін ваганняў музейшчыкі здаліся і дазволілі мне зазірнуць за тыя таямнічыя дзверы. А там — роўнымі радамі стаяць металічныя стэлажы і розныя шафы, запоўненыя з верху да самага нізу рознымі рэчамі: археалагічнымі знаходкамі, асабістымі рэчамі ашмянцаў (чаго там толькі няма!), прадметамі народнага побыту, вырабамі майстроў-умельцаў, чучаламі звяроў і птушак, муляжамі і кнігамі. Як заўважыла дырэктар краязнаўчага музея Алена Жасткова, найбольш адметнымі каштоўнасцямі з’яўляюцца мемарыяльныя рэчы і дакументы Францішка Багушэвіча, скарб манет ВКЛ і Рэчы Паспалітай XVI — XVII стст. У 2010 годзе музей атрымаў у дар 431 мастацкі твор ад Прэзідэнта Міжнароднай асацыяцыі «Мастацтва народаў свету” прафесара Мікалая Карнілава. На аснове гэтай калекцыі створана пастаянна дзеючая мастацкая галерэя.

Чамусьці адразу ж узгадаліся сустрэчы з гэтым цікавым і душэўным чалавекам. Мікалай Ізосімавіч некалькі разоў прыязджаў да нас з Масквы. Адзін, разам з жонкай ці сынам, ён дапамагаў ствараць супрацоўнікам музея мастацкую галерэю з работ, перададзеных нашаму гораду ў дар. А ў вольны час з задавальненем расказваў наведвальнікам аб сваім жыцці, творчых стасунках з мастакамі былога Савецкага Саюза, аб сваім рашэнні падзяліцца сабранымі работамі з людзьмі. Мецэната Мікалая Карнілава ўжо няма, але памяць аб ім жыве ў нашым горадзе і ў нашым музеі, сцены якога ўпрыгожваюць карціны з галерэі Нікор”, а ў сховішчы стаяць прадметы графікі і скульптуры.

У сховах музея знаходзяцца вырабы з дрэва самадзейнага скульптара Івана Астрамовіча. Так атрымалася, што ў свой час я пісала пра вёску Навасяды, дзе ён нарадзіўся і жыў і нават была ў яго хаце, чула аповед аб ім ад мясцовых жыхароў. Яго знакавая работа — бюст Героя Сацыялістычнай Працы Раісы Цітко захоўваецца ў музеі разам з “Гусляром”, а таксама скульптурай жанчыны, якая зараз упрыгожвае адну з залаў музея. Між сабой супрацоўнікі называюць яе “пашалянкай” – надта ж яна маленькая ў параўнанні са звычайным чалавекам!

У музеі час ад часу ладзяццца выставы з фондаў. Найперш узгадваюцца тыя з іх, якія адсылаюць у дзяцінства і маладосць і напаўняюць сэрца шчымлівымі ўспамінамі. Гэта выстава паштовак або прадметаў савецкага мінулага з абавязковым мерапрыемствам, дзе гучаць успаміны людзей той эпохі, дзе кожная самая простая рэч – цэлы Сусвет, вакол якога круцілася жыццё. Выставы вырабаў са шкла, дрэва, паперы… А колькі ў гэтых сценах было зладжана сустрэч! Тут пакінулі свой след даследчык жыцця і творчасці Францішка Багушэвіча Уладзімір Содаль, мастак, наш зямляк Сяргей Шэмет, мастак Валерый Сайко, мастачка Марына Эльяшэвіч, мясцовыя творцы Уладзімір Бізюк і Тамара Філіповіч, краязнаўцы Уладзімір Прыхач, Эдуард Корзун, Аляксандр Каранеўскі і Валянціна Лабуніна. У музеі былі арганізаваны выставы супрацоўнікаў раёнкі Аляксандра Наумчыка, Юрыя Нікалаева і Святланы Муцянскай.

Дзякуючы стасункам з музеем я пазнаёмілася з рэжысёрам Таццянай Шылавай і мастачкай, членам Саюза мастакоў Беларусі Ганнай Выгоннай і падключылася да рэалізацыі сацыяльнага праекта “Спадчына і сучаснасць”. Шмат новых знаёмстваў падарылі мне нашы музейныя работнікі падчас арганізацыі традыцыйнага мерапрыемства “Ноч музеяў”.

Я часта звяртаюся ў музей, калі патрэбна дапамога ў зборы матэрыялу пры напісанні сваіх артыкулаў. Упэўнена, што менавіта дзякуючы работнікам музея пачалася мая дарога да вывучэння Ашмянскага краю, непаўторнага і самабытнага. Таму сёння хочацца выказаць удзячнасць усім, хто збірае і захоўвае нашу спадчыну, хто ганарыцца тым, што завецца музейшчыкам, хто мае ці меў дачыненне да гэтага храма гісторыі: Алене Жастковай, Ірыне Бусловіч, Настассі Навіцкай, Святлане Чарняк, Таццяне Кіркоўскай, Алене Будзько, Марыне Горыд, Валерыю Піхтулаву, Жанне Івановай, Валянціне Цішчанцы, Вользе Вінцаловіч, Алене Галамбоўскай.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара і Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *