Рэдакцыя газеты “Ашмянскі веснік” памяняла прапіску

Культура

 

Мінулай восенню, падчас 80-гадовага юбілею “Ашмянскага весніка”, супрацоўнікі раёнкі марылі ўслых. Сярод іншых мацней за ўсё прагучала жаданне пераехаць у новае
памяшканне.

Прайшоў год, і вось акурат у чарговы дзень нараджэння газеты – 21 кастрычніка – рэдакцыя памяняла прапіску. Цяпер “Ашмянскі веснік” размяшчаецца ў былым будынку дзіцячай школы мастацтваў, па вуліцы Савецкай, 88. І мы ведаем, што мары спраўджваюцца, асабліва, калі ў іх верыць і ісці да пастаўленай мэты.

За гісторыю свайго існавання рэдакцыя раёнкі пераязджала некалькі разоў: з вуліцы Пілсудскага — на Барунскую, у будынак друкарні, пасля – на другі паверх райвыканкама. Да апошняга часу “Ашмянскі веснік” займаў некалькі прыстасаваных пад кабінеты памяшканняў-грымёрак, якія вялі на сцэну канферэнц-залы, а таксама арэндаваў “каморку” у Белтэлекама.

У час ваеннага ліхалецця (у 1943 – 1944 гадах) раёнка ўвогуле выдавалася ў палявых умовах – партызанская брыгада не спыняла інфармацыйную работу… Між тым, “Знамя Свабоды”, “Красное знамя”, “Ашмянскі веснік” заўсёды стараліся выконваць сваю галоўную функцыю – знаёміць чытачоў з навінамі, расказваць аб земляках, заклікаць да роздуму.

Пераезд рэдакцыі ў былы будынак дзіцячай школы мастацтваў стаў магчымым дзякуючы рашэнню кіраўніцтва раёна і падтрымцы райвыканкама. На рамонт кабінетаў з раённага бюджэту было выдаткавана 37 тысяч рублёў. Сцены, столь і падлога памяшканняў набылі сучаснае аблічча, аб якім паклапаціліся будаўнікі ААТ “АГАТ-будсервіс”. За ўласныя сродкі рэдакцыя адрамантавала электраправодку і набыла новую мэблю.

Цяпер у журналістаў газеты з’явілася прастора для творчасці ў прамым сэнсе гэтага слова – ёсць куды запрасіць на інтэрв’ю, дзе выслухаць наведвальнікаў рэдакцыі з іх радасцямі і праблемамі, дзе правесці круглы стол.

Спадзяёмся, што плюсы ў новай прапісцы рэдакцыі знойдуць і нашы рэкламадаўцы. Пажылым людзям больш не трэба падымацца па высокіх прыступках лесвіцы, каб падаць аб’яву або віншаванне – рэкламны аддзел мы размясцілі на першым паверсе. Разам з тым “Ашмянскі веснік” па-ранейшаму знаходзіцца ў цэнтры горада і, як заўсёды, рады сустрэчам з чытачамі, пазаштатнымі аўтарамі і ўсімі неабыякавымі да лёсу свайго раёна людзьмі.

Заставайцеся з намі, дасылайце свае лісты, прыходзьце са сваімі прапановамі!

Шчыра ваш, “Ашмянскі веснік”, вул. Савецкая, 88, oshvest@mail.grodno.by.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *