Ансамбль «Мелодыка» Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў заснаваны дванаццаць год назад. За гэты час калектыў стаў уладальнікам ганаровага звання “Узорны”, памяняў некалькі саставаў (вучні скончылі школу), заваяваў безліч узнагарод і знайшоў прыхільнікаў далёка за межамі Ашмянскага раёна.
— Толькі ў гэтым годзе мы прынялі ўдзел у дзесяці міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах, і ўсюды — паспяхова; разам з вучнямі і настаўнікамі зладзілі некалькі канцэртаў і падарылі гледачам магчымасць дакрануцца да чараўніцтва музыкі, — зазначае кіраўнік дзіцячага ансамбля Наталля Канстанцінаўна Каспяровіч, для якой творчы калектыў стаў часткай не толькі работы, але і насычанага мастацтвам жыцця, дружнай “шматдзетнай” сям’ёй, аб’яднанай агульнай мэтай.
Для кожнага свайго вучня Наталля Канстанцінаўна не шкадуе цёплых эпітэтаў, бо добрыя словы заўжды падбадзёрваюць дзяцей і дадаюць упэўненасці ва ўласных сілах. Усе юныя музыканты — таленавітыя, здольныя і працавітыя. Настаўніца лічыць, што неадораных ад прыроды дзяцей наогул не існуе. Варта толькі своечасова заўважыць у вучні іскрынку таленту і “распаліць” яе. Жыццёвы і прафесійны досвед Наталлі Канстанцінаўны дазваляе гаварыць аб гэтым з упэўненасцю, бо праз яе “ўмелыя рукі” прайшоў не адзін дзясятак вучняў, адны з якіх схоплівалі веды на ляту, другія – прыкладалі шмат намаганняў, каб засвоіць прадмет. Многія з гэтай кагорты настойлівых у выніку паспяхова справіліся з праграмай навучання і нават сталі настаўнікамі-калегамі. А яшчэ ў дуэце са здольнасцямі абавязкова павінна ісці жаданне развівацца, лічыць педагог, якое будзе спрыяць дасягненню пастаўленай мэты, стане падставай любіць музыку і інструмент, з якім вучань становіцца ў выніку адным цэлым.
Назіраючы, як праводзіць заняткі Наталля Канстанцінаўна, захацелася дадаць яшчэ адзін складнік, ці не самы важны, паспяховай дружбы з музыкай — сама асоба настаўніка. Толькі ўлюбёны ў сваю работу чалавек можа данесці свае веды другім. Яе вучні заўсёды прыходзяць на заняткі з жаданнем. Могуць пасля школы забыцца паесці, але каб спазніцца на ўрок музыкі ці рэпетыцыю перад канцэртам – ніколі. На ўроках у Наталлі Канстанцінаўны пануе незвычайная атмасфера адкрытасці і ўзаемаразумення. Вучань і настаўнік – гэта сябры, якія разам спасцігаюць нязведаныя таямніцы музыкі, пашыраюць свае веды ў мастацтве і знаходзяць адказ на самыя складаныя пытанні.
Наталля Канстанцінаўна зараз працуе з трэцім саставам ансамбля – самым таленавітым, хаця і пра папярэднія настаўніца гаворыць гэтак жа. Яны — сапраўдныя артысты, бо ўмеюць і сябе паказаць, і данесці тое, што выконваюць. Зараз у складзе ансамбля іграюць баяністы Анастасія Казлоўская і Данііл Ласёнак, цымбалістка Яна Кошчыц; піяністка Вераніка Лаўрыновіч, Ангеліна Ляўкоўская, Дар’я Мальдзіс і Дамініка Трот саліруюць на ўдарна-шумавых інструментах. У гэтым складзе ансамбль будзе пацвярджаць званне “Узорны” — на суд абласной камісіі калектыў рыхтуе дваццаціхвілінную праграму. Настаўніца лічыць, што такі іспыт хіба што для яе самой выклікае хваляванне, бо дзеці ўжо даўно адчуваюць сябе на сцэне як рыба ў вадзе. Яны любяць іграць складаныя творы. Цяжкія п’есы заўсёды падбадзёрваюць, а агульныя поспехі акрыляюць, натхняюць на новыя вяршыні. Дружная каманда “Мелодыкі” — гэта сапраўдная сям’я, дзе агульны рэзультат залежыць ад старання кожнага.
— У ансамблі ў кожнага свая партыя, але толькі разам, адчуваючы сваіх суседзяў, мы можам стаць адным цэлым, — заўважае настаўніца. — Дзецям лягчэй іграць у ансамблі: не так страшна, як выйсці на сцэну аднаму, але адказнасць пры гэтым за іншых большая. Таму і нядзіўна, што ўдзельнікі калектыву сябруюць між сабой, радуюцца перамогам і перажываюць няўдачы адзін аднаго.
У гэтым годзе Гальшанская дзіцячая школа мастацтваў уключылася ў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Культура аб’ядноўвае народы». Праект рэалізуецца па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча – Беларусь – Украіна».
У яго межах прадугледжана правядзенне для дзяцей майстар-класаў па музычнай і харэаграфічнай народнай творчасці, а таксама па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.
Наталля Канстанцінаўна Каспяровіч разам са сваім калектывам развучвае новыя творы. Адзін з іх – “Ашмянская кадрыля”. Заліхвацкая музыка ў выкананні ўдзельнікаў ансамбля “Мелодыка”, да якіх “прымкнулі” скрыпачы Цімафей Шыдлоўскі і Ксенія Ляўкоўская (вучні Анастасіі Іванаўны Калядкі), дзецям вельмі падабаецца. У хуткім часе свае ўменні яны прадэманструюць равеснікам з Польшчы. Шкада толькі, што ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй зносіны будуць віртуальнымі – праз інтэрнэт-прастору. Але юныя музыкі не губляюць надзеі, што калі-небудзь сустрэнуцца са сваімі сябрамі рэальна, бо, як вядома, мастацтва не ведае межаў.
Аліна САНЮК.
Фота аўтара.