Паўночную вежу Гальшанскага замка наведалі больш за шэсць тысяч чалавек

Культура

 

Фiлiял Ашмянскага краязнаўчага музея iмя Ф. Багушэвiча «Гальшанскi замак» адчыніў свае дзверы ў маі i ўжо на працягу пяцi месяцаў прымае турыстаў з розных куткоў Беларусi i замежжа.

— Пасля адкрыцця Паўночнай вежы Гальшанскі замак прыцягвае дзясяткі турыстаў, — адзначае загадчык філіяла Антаніна Рапецкая. – Большасць прыязджалі з Мінску, Полацку, Гродна і вобласці, Віцебску і Брэсту, а таксама заязджалі сюды падарожнікі з Літвы і Польшчы. Цікавіць наш замак шматлікіх журналістаў і фатографаў. Месцам сустрэч і прагулак для месцічаў стала прызамкавая тэрыторыя.

Сёлета ля сцен былой рэзідэнцыі Сапег, дзякуючы намаганням работнікаў сферы культуры, з’явілася новая традыцыя – правядзенне вечароў у Соф’і Гальшанскай. Яе высокасць збірае на Ашмяншчыне артыстаў, музыкаў, народных майстроў, а таксама аматараў гісторыі і містыкі. Упершыню на Гальшанскім замку ў маі прайшла незвычайная Ноч музеяў, дзе акрамя таямнічых экскурсій па адноўленай вежы, аматараў гісторыі чакалі тэатралізаванае прадстаўленне, сярэднявечныя танцы і гульні, выставы народных майстроў і фотавыставы.

Паўночную вежу Гальшанскага замка з моманту адкрыцця змаглі наведаць больш за шэсць тысяч чалавек, а за гэты час было арганізавана больш за дзвесце экскурсій. Авеяны легендамі і паданнямі, Гальшанскі замак вырашыў адкрыць таямніцы, якія беражліва захоўваў на працягу стагоддзяў, дзякуючы экскурсаводам Алене Малышка i Таццяне Завадскай.

Сёння калектыў філіяла складаецца з шасці чалавек – загадчыцы Антаніны Рапецкай, экскурсаводаў – Алены Малышка і Таццяны Завадскай, касіра Галіны Лісоўскай, памочнікаў па гаспадарчай частцы Уладзіміра Астапчыка і Ірыны Кавальчук. З радасцю ў невялікі дружны калектыў прымуць яшчэ аднаго экскурсавода, дворніка і дазорцу. Дарэчы, на забеспячэнні філіяла яшчэ адзін “работнік” па мянушцы Сапега – статны чорны кот з белымі лапкамі. Падчас адкрыцця ён прыйшоў у замак і вырашыў застацца, а неўзабаве атрымаў высакароднае імя. Кожны дзень чатырохлапы гаспадар замка сустракае падарожнікаў і горда суправаджае да сцен замка.

Антаніна Рапецкая расказала, што сёння філіял краязнаўчага музея прапаноўвае некалькі экскурсій на рускай і беларускай мовах. Падчас аглядальнай экскурсіі госцi змогуць пабываць у падвальным памяшканні і на ўсіх трох паверхах паўночнай вежы Гальшанскага краю. Кожны пакой тут — асобная гісторыя з унікальнымі экспанатамі, якія трэба ўбачыць на свае вочы.

Вялікая і змястоўная экскурсія з выхадам на аб’ект пачынаецца з цэнтра аграгарадка і заканчваецца ля сцен замка Сапег. Па дарозе турысты разам з экскурсаводам Таццянай Завадскай наведваюць вядомыя культурныя месцы мястэчка – касцёл, царкву, яўрэйскі квартал, гміну, а таксама слухаюць цікавыя расказы экскурсавода.

Напэўна, самай цікавай і прыцягальнай стала містычная экскурсія па паўночнай вежы, якую распрацоўвалі апантаныя экскурсаводы. Падчас гэтага таямнічага падарожжа ў часе гасцей чакаюць аповеды экскурсаводаў аб багатай гісторыі і легендах.

Сумесна з раённым цэнтрам культуры работнікі філіяла прапаноўваюць тэатралізаванае прадстаўленне, падчас якога турысты змогуць сустрэцца з вядомымі асобамі – Паўлам Сапегам і Соф’яй Гальшанскай, легендарнымі Белай Паннай і Чорным Манахам. Пад атмасферную сярэднявечную музыку ля цагляных сцен замка героі распявядуць гісторыю Гальшанскага краю ў легендах і паданнях.

Акрамя станоўчых эмоцый, фотаздымкаў і ўражанняў ад наведвання музейных пакояў, можна забраць з сабой, напрыклад, прыгожы магніт з выявай выбітных месцаў Ашмяншчыны. У візіт-цэнтры філіяла “Гальшанскага замка” можна набыць шматлікія сувеніры і падарункі, большасць з якіх зроблена рукамі майстроў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры раённага цэнтра культуры.

Кацярына РУДЗІК.

Фота аўтара і Аляксандра Наумчыка.